Пятніца, 29 Студзень 2021 10:46

26 студзеня 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Мікалаевіча Меярэвіча (1936–2018), гаспадарчага дзеяча, заслужанага будаўніка Расійскай Федэрацыі, ганаровага грамадзяніна г. Разані

Канстанцін Мікалаевіч Меярэвіч нарадзіўся 26 студзеня 1936 г. у г. Кобрыне Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці). Рана страціў маці, выхоўвала яго радня. У школе вучыўся на «выдатна», скончыў СШ № 2 г. Кобрына з медалём.

 

У 1952–1957 гг. Канстанцін Меярэвіч вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Дыпламаваны спецыяліст быў накіраваны на Краснадарскі камбінат будаўнічых матэрыялаў. Працаваў зменным і старшым майстрам, начальнікам кардоннага цэха. У 1966–1970 гг. узначальваў партыйную арганізацыю прадпрыемства. У 1970–1971 гг. — намеснік галоўнага інжынера камбіната.

Канстанцін Меярэвіч працягваў сваю адукацыю: завочна скончыў Ленінградскі інжынерна-эканамічны інстытут імя П. Тальяці па спецыяльнасці «арганізатар вытворчасці і будаўніцтва» (1971). Па заканчэнні пераехаў у Разань, дзе яго чакала цікавая праца ў галіновай праектна-канструктарскай арганізацыі. Працаваў начальнікам Разанскага вытворча-тэхнічнага аб’яднання «Оргкровля» Міністэрства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў РСФСР. У 1977 г. быў прызначаны дырэктарам Разанскага кардонна-руберойднага завода, з 1992 г. — генеральным дырэктарам ЗАТ «Разанскі КРЗ».

Больш за 60 гадоў працоўнай дзейнасці Канстанціна Мікалаевіча прайшлі ў галіне будаўнічых матэрыялаў. З іх больш за 40 гадоў — дырэктарам на адным з буйнейшых прадпрыемстваў, якое пад яго кіраўніцтвам стала перадавым, многія гады ўваходзіць у эліту будаўнічага комплексу не толькі рэгіёна, але і Расіі, станавілася лаўрэатам конкурсу «100 лепшых тавараў Расіі», пераможцам Усерасійскага конкурсу «Лепшыя расійскія прадпрыемствы».

Канстанцін Мікалаевіч узнагароджаны ордэнам Пашаны, Залатым медалём імя акадэміка У. Ф. Уткіна, залатым медалём «Дырэктар года – 2001», медалямі «За дабрачыннасць», «За дабрыню і шчодрасць» абласнога фонду ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл, Ганаровым знакам Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў «За вялікі ўклад у развіццё айчыннай прамысловасці і прадпрымальніцтва, стварэнне асноў рыначнай эканомікі», Ганаровымі граматамі федэральнага і рэгіянальнага ўзроўню.

Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі № 1415 ад 5 ліпеня 1994 г. К. М. Меярэвічу прысвоена званне «Заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі». Пастановай мэрыі г. Разані № 1219 ад 22 красавіка 1996 г. К. М. Меярэвічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Разані».

Лаўрэат нацыянальнай прэміі імя Пятра Вялікага ў намінацыі «За значны ўклад у стварэнне новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі», лаўрэат конкурсу «СНД – дырэктар года 1999», пераможца Усерасійскага конкурсу «Менеджар года» ў намінацыі «Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў» (1999), уладальнік сертыфіката «Лепшы кіраўнік арганізацыі будаўнічага комплексу» (2007).

Дасягненні і арганізатарскі талент К. М. Меярэвіча адзначаны таксама навуковай супольнасцю: яму былі прысвоены званні акадэміка Міжнароднай акадэміі арганізацыі вытворчасці, члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі менеджменту.

Свае родныя мясціны ў Беларусі Канстанцін Мікалаевіч ніколі не забываў, наведваў рэгулярна. Менавіта з землякамі чэрпаў сілы для жыцця і далейшай працы.

К. М. Меярэвіч памёр 26 снежня 2018 г., пахаваны на Алеі ганаровых грамадзян на Скарбяшчанскім мемарыяльным комплексе. Праз год выйшла кніга Анатолія Говарава «Лидер. К. Н. Мееревич. Судьба в событиях и лицах», у якой сабраны ўспаміны сяброў, паплечнікаў, землякоў, шмат фотаздымкаў, а таксама вершы, прысвечаныя Канстанціну Меярэвічу і заводу, які ён узначальваў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мееревич Константин Николаевич // Почетные граждане Рязанской области и города Рязани : биобиблиографический указатель / РОУНБ им. М. Горького. Рязань, 2009. С. 219–222.
  2. Михайлова, А. Энергия созидания : [К. Н. Мееревич] / А. Михайлова // Почетные граждане города Рязани, 1975–2011 / сост. А. С. Прокофьев. Рязань, 2002. С. 150–153.
  3. Говоров, А. Ф. Лидер. К. Н. Мееревич. Судьба в событиях и лицах / Анатолий Федорович Говоров ; [ред. В. К. Севастьянова]. – Рязань : Контраст : (ИП Аладышева Г. Е.), 2019. – 213, [3] с. : ил., цв. фот., портр.
  4. Меярэвіч Канстанцін Мікалаевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны». 2-е выд., дапрац. і дап. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 103–105 : фат.
  5. 85 гадоў з дня нараджэння К. М. Меярэвіча (1936) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 18.
  6. Лидер : [о профессиональной деятельности и судьбе заслуженного строителя Российской Федерации, почётного гражданина г. Рязани К. Н. Мееревича// Рязанские ведомости. 2020. 22 января.
  7. [Мееревич Констанин Николаевич] : некролог // Рязанкие ведомости. 2018. 28 декабря. С. 20.
  8. Шеламова, Т. Свежий глаз : [ген. директор ЗАО «Рязанский картонно-рубероидный завод», почётный гражданин г. Рязани К. Н. Мееревич в составе делегации посетил Брестчину] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2013. 25 июня.
  9. Говоров, А. Успешный Мееревич : [к 75-летию К. Н. Мееревича] / Анатолий Говоров // Рязанские ведомости. 2011. 27 января. С. 6.
  10. Севастьянова, В. Если быть, то лучшим! : [к 70-летию К. Н. Мееревича] / В. Севастьянова, А. Витухин // Рязанские ведомости. 2006. 31 января. С. 5.
  11. Шугай, А. 60-гадовы юбілей СШ № 2 : [у розныя гады ў СШ № 2 вучыліся, працавалі заслужаныя і знакамітыя выпускнікі і настаўнікі школы, у іх ліку К. М. Меярэвіч] / А. Шугай // Кобрынскі веснік. 1995. 15 лістапада. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 608 разоў