Чацвер, 11 Люты 2021 08:38

11 лютага 2021 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Архіпа Зіноўевіча Пратасені (1906–1984), удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну

Архіп Зіноўевіч Пратасеня нарадзіўся 11 лютага 1906 г. у мястэчку Пагост Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. З 1928 г. на гаспадарчай і савецкай рабоце ў Старобінскім і Любчанскім раёнах. У 1932 г. прыняты ў КП(б)Б.

 

У партызанах з ліпеня 1941 г. — камандзір атрада, палітрук роты. У жніўні – лістападзе 1941 г. — камандзір атрада імя І. В. Сталіна, які быў арганізаваны партыйна-савецкім актывам Старобінскага раёна.

У лістападзе 1941 г. Старобінскі атрад увайшоў як «6-я група» ў атрад «Камарова» пад камандаваннем Васілія Захаравіча Каржа. З 26 снежня 1941 па красавік 1942 г. атрад «Камарова» дзейнічаў у Мінскай вобласці, затым — у Жыткавіцкім раёне. У лістападзе 1942 г. асобным атрадам уключаны ў склад партызанскага злучэння Пінскай вобласці. У верасні 1943 – сакавіку 1944 г. Архіп Пратасеня — камісар Пінскай партызанскай брыгады.

Пінская партызанская брыгада была створана ў жніўні 1943 г. па загадзе штаба Пінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў, вылучаных з брыгады імя В. М. Молатава. Камандзірам Пінскай брыгады быў назначаны Іван Георгіевіч Шубітыдзе, начальнікам штаба — Георгій Аўксенцьевіч Дораш. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Пінскай вобласці (Пінскі, Жабчыцкі, Іванаўскі раёны), у Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці (Украіна).

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Пінск – Іванава, Пінск – Лунінец, шашы Пінск – Столін, Пінск – Лагішын. Удзельнічалі ў «рэйкавай вайне». З верасня 1943 да мая 1944 г. разбурылі 2,8 км чыгуначнага палатна, знішчылі 21 мост, пашкодзілі 27,5 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі, спалілі 4 склады з боепрыпасамі.

Каб не дапусціць вывазу насельніцтва на катаржныя работы ў Германію, вялі баі з праціўнікам, у т. л. пад Кобрынам і на чыгуначнай станцыі Тэўлі (жнівень 1942 г.), каля вёсак Белін, Адамава, Белінёк (май 1943 г.) Драгічынскага, Патапавічы (ліпень 1943 г.) Пінскага раёнаў.

Разграмілі гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Добрая Воля (кастрычнік 1943 г.), Пінскага, Крамно (ліпень 1943 г.) Драгічынскага, Дубае (лістапад 1942 г.) Жабчыцкага, Яромічы (чэрвень 1942 г.) Кобрынскага, Радастава (сакавік 1943 г.) Дзівінскага раёнаў, Оўзічы (на Дняпроўска-Бугскім канале, снежань 1942 г.) Іванаўскага, Лахвічы Любяшоўскага раёнаў.

Адначасова з 1 верасня 1943 па 30 сакавіка 1944 г. А. З. Пратасеня з’яўляўся сакратаром Жабчыцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Райкам базіраваўся ў Пінскай партызанскай брыгадзе.

30 сакавіка 1944 г. Пінская брыгада (6 атрадаў, 1071 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй. У сакавіку – красавіку 1944 г. разам з Чырвонай арміяй партызаны вялі жорсткія баі з праціўнікам каля вёсак Бучэн, Новыя і Старыя Млыны Пінскага, хутар Быцень Іванаўскага раёнаў.

У 1944–1958 гг. Архіп Зіноўевіч знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце ў Баранавіцкай вобласці, займаўся арганізацыяй аднаўлення народнай гаспадаркі. У 1944 г. назначаны ўпаўнаважаным ЦК КП(б)Б у г. п. Любча, аднаўляў і ўмацоўваў калгасы для павелічэння сельскагаспадарчай вытворчасці. Затым быў абраны першым сакратаром Мірскага райкама КПБ. У 1958–1961 гг. — першы сакратар Навагрудскага райкама КПБ Гродзенскай вобласці.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1958), Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені (1945), медалямі «За боевые заслуги» (1942), «Партизану Отечественной войны» І ступені (1943), «За победу над Германией» (1945).

Былы камандзір Пінскай брыгады І. Г. Шубітыдзе (1906–1978) напісаў кнігу ўспамінаў аб партызанскай барацьбе «Палескія былі» (1969). У 1969 г. на месцы баёў каля в. Зарэчка Драгічынскага раёна пастаўлены помнік партызанам Пінскай брыгады.

А. З. Пратасеня памёр 13 студзеня 1984 г. Яго імем названа вуліца ў г. п. Любча Навагрудскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пратасеня Архіп Зіноўевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 507.
  2. Протасеня Архип Зиновьевич // Белорусская ССР : энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 514–515.
  3. Пратасеня Архіп Зіноўевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 491.
  4. Пратасеня Архіп Зіноўевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 561.
  5. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания партизанского командира] / Иван Георгиевич Шубитидзе ; [лит. запись Рыгора Нехая]. – Минск : Беларусь, 1974. – 270 с., [24] л. ил. – (Мемуары).
  6. Шубітыдзе, І. Г. Палескія былі : [успаміны партызанскага камандзіра] / Іван Георгiевiч Шубітыдзе ; [літ. запіс Рыгора Няхая]. – Мінск : Беларусь, 1969. – 360 с. : iл.
  7. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 641.
  8. Пинская бригада // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 253–255.
  9. Жабчицкий подпольный райком КП(б)Б (1.9.1943–30.3.1944) // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 257.
  10. Партызанская брыгада Пінская // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,
    1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 447.
  11. Партызанская брыгада Пінская // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 216–217.
  12. Дулебо, А. И. Памятник партизанам : [д. Заречка, Дрогичинский район] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 169–170.
  13. Пратасеня, А. З чаго пачыналі : успаміны ветэрана : [аб аднаўленні народнай гаспадаркі пасля вайны] / А. Пратасеня // Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1996. С. 483–484.
  14. Лобко, М. За нашу Отчизну! : [об освобождении Пинщины от немецко-фашистских захватчиков и деятельности Пинской партизанской бригады] / Михаил Лобко // Полесская правда. Пинск, 2015. 2 июля. С. 4.
  15. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания партизанского командира] / И. Г. Шубитидзе ; лит. обработка А. Припотнева // Заря. 1970. 25 декабря ; 1971. 14 января.
Чытаць 745 разоў