Панядзелак, 15 Люты 2021 08:10

3 красавіка 2021 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава (1911–1996), архітэктара, педагога

Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў нарадзіўся 3 красавіка 1911 г. у г. Барнауле ў сям’і тапографа і настаўніцы. У 1932 г. скончыў Сібірскі інстытут арганізацыі тэрыторыі ў г. Омску. Назначаны кіраўніком Цэнтральнага праектнага бюро Нарказема Якуцкай АССР у Якуцку, распрацаваў праекты гарадскіх пасёлкаў, вёсак, паркаў Якуцii (1932–1934), выкладаў у тэхнікуме.

 

Працаваў у Барнауле, Новасібірску. Быў уключаны ў Дзяржаўную камісію РСФСР па будаўніцтве і планіроўцы Кузнецкага басейна. Распрацаваў генпланы Барнаула, Томска (1939, у суаўтарстве). Завочна закончыў тры курсы Маскоўскага планавага (эканамічнага) інстытута (1936–1939) і Маскоўскі інстытут замежных моў (нямецкае аддзяленне, 1941).

У час Вялікай Айчыннай вайны І. Д. Белагорцаў кіраваў работамі па прыстасаванні будынкаў пад шпіталі, прыёме і размяшчэнні прамысловых прадпрыемстваў, якія эвакуіраваліся з заходніх абласцей краіны. У 1943 г. у Маскоўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце абараніў кандыдацкую дысертацыю, яму была прысвоена ступень кандыдата архітэктуры. У 1943–1945 гг. — начальнік Новасібірскага абласнога аддзела па справах архітэктуры.

У 1945–1956 гг. І. Д. Белагорцаў працаваў у Смаленску на пасадзе начальніка аддзела архітэктуры аблвыканкама. Распрацаваў праекты генпланаў пасёлкаў і гарадоў Смаленскай вобласці. Цікавіўся выяўленнем руін старажытных пабудоў Смаленска. Напісаў кнігі «Благоустройство сёл на Смоленщине» (1948), «Архитектурный очерк Смоленска» (1949), «Зодчий Фёдор Конь» (1949), «Талашкино» (1950), «Смоленск» (1952).

Ігар Дзмітрыевіч быў знаёмы са знакамітым амерыканскім архітэктарам Фрэнкам Лойдам Райтам, які стварыў тэорыю «органической архитектуры». Дзейнасць І. Д. Белагорцава па захаванні архітэктурнай спадчыны высока ацанілі народныя мастакі СССР І. Э. Грабар і С. Ц. Канёнкаў. Агульная справа звязвала са скульптарам Сяргеем Цімафеевічам Канёнкавым, яны хацелі стварыць скульптурную кампазіцыю на сцяне Смаленскай крэпасці, але план не здзейсніўся.

З 1956 г. І. Д. Белагорцаў жыў у сталiцы Беларусі. Узначалiў аддзел па справах архiтэктуры Мiнскага аблвыканкама, чытаў лекцыi ў будаўнічым тэхнiкуме i педагагiчным iнстытуце. Выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце на кафедры архітэктуры, чытаў спецкурсы «Азеляненне гарадоў», «Гiсторыя мастацтваў». З 1957 г. узначаліў сектар горадабудаўніцтва і раённай планіроўкі Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, працаваў намеснікам дырэктара інстытута.

З 1966 г. — рэктар Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, які быў створаны 1 красавіка 1966 г. Першаму рэктару давялося ствараць вучэбную і лабараторную базы, камплектаваць прафесарска-выкладчыцкі калектыў, весці будаўніцтва студэнцкага гарадка. Акрамя адміністрацыйнай дзейнасці, чытаў студэнтам курс гісторыі рускай архітэктуры. Валодаў дарам апавядальніка, своеасаблівым поглядам на архітэктуру, умеў выклікаць жывы інтарэс да прадмета. У 1970 г. яму было прысвоена званне прафесара, першае ў Брэсце.

У 1974 г. на базе інстытута адбыўся Усесаюзны агляд дыпломных праектаў па спецыяльнасці «Архітэктура», які сыграў вялікую ролю ў павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў. Дзякуючы педагагiчнай дзейнасці Ігара Дзмітрыеіча склалася адметная школа брэсцкіх архітэктараў. Узнагароджаны ордэнам «Знак Почёта» (1971), медалямі, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981).

З 1981 г. І. Д. Белагорцаў працаваў у Мінскім інстытуце культуры, чытаў курсы лекцый «Введение в историю мировой культуры», «Памятники культуры», склаў вучэбную праграму «История искусств Белоруссии». Даследчык помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі.

Жонка, Валянціна Іванаўна, па прафесіі інжынер-сантэхнік. Іх сын, Руслан Ігаравіч Белагорцаў (1945–2005), закончыў архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута, распрацоўваў архітэктурнае планаванне сельскіх населеных пунктаў, выкладаў ва ўніверсітэце, з 2004 г. быў галоўным архітэктарам г. Мінска.

І. Д. Белагорцаў памёр 17 кастрычніка 1996 г. у Мінску. Архіў архітэктара (творчыя дакументы, лекцыі, даклады, лісты, фотаздымкі) перададзены на захаванне ў Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. На будынку Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта 18 лютага 2009 г. адкрыта мемарыяльная дошка першаму рэктару І. Д. Белагорцаву.

Да 100-годдзя з дня нараджэння І. Д. Белагорцава ў Беларускім дзяржаўным архіве была падрыхтавана выстава «Зодчий, учёный, педагог». Прэзентацыя выставы адбылася 6 красавіка 2011 г. Былыя студэнты, архітэктары падзяліліся ўспамінамі аб таленавітым вучоным і педагогу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы І. Д. Белагорцава

  1. Районная планировка и региональное расселение : учебное пособие для студентов вузов / И. Д. Белогорцев, А. Д. Кудиненко, В. М. Соломенник. – Минск : Вышэйшая школа, 1986. – 136 с. : ил.
  2. Природа и население Брестской области : сборник статей / ред. коллегия: И. Д. Белогорцев (гл. ред.) [и др.]. – Ленинград, 1976. – 79 с. – (Географическое общество СССР).
  3. Антипов, В. Г. Парки Белоруссии / В. Г. Антипов ; [под ред. И. Д. Белогорцева]. – Минск : Ураджай, 1975. – 150 с., [24] л. ил.
  4. Развитие городов Белоруссии / И. Д. Белогорцев, И. И. Гурин, С. М. Кустанович ; БНТО городского хоз-ва и автотранспорта. – Минск : Полымя, 1967. – 87 с. : ил.
  5. Основы проектирования жилых зданий / И. Д. Белогорцев [и др.]. – Минск : Ред.-изд.отд. Белорус. политехн. ин-та, 1960. – 195 с., [2] л. черт. : ил.
  6. Смоленск / И. Д. Белогорцев, И. Д. Софинский. – Москва : Гос. изд. лит. по строительству и архитектуре, 1952. – 74 с. : ил. – (Архитектура городов СССР).
  7. Талашкино : [историко-художественный заповедник] / И. Д. Белогорцев. – [Смоленск] : Типография им. Смирнова, 1950. – 152 с. : ил.
  8. Зодчий Фёдор Конь : [1556–1605] / И. Д. Белогорцев. – [Смоленск] : Типография им. Смирнова, 1949. – 56 с. : ил.
  9. Абрамов, В. А. Крепость : [г. Брест] / В. А. Абрамов, И. Д. Белогорцев // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 45–48.
  10. Брэст / М. І. Алексяюк, І. Д. Белагорцаў, В. Б. Караткевіч, А. Д. Кудзіненка, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Буларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 29–34.
  11. Брэсцкая крэпасць / І. Д. Белагорцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 41.
  12. Будынкі інжынерна-будаўнічага інстытута : [г. Брэст] / І. Д. Белагорцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Буларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 50.

 

Аб жыцці і дзейнасці І. Д. Белагорцава

  1. Белогорцев Игорь Дмитриевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 365.
  2. Белагорцаў Ігар Дзмітрыевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 533.
  3. Белогорцев Игорь Дмитриевич / Д. И. Будаев // Смоленская область : энциклопедия : в 2 т. Смоленск, 2001. Т. 1. С. 24.
  4. Белагорцаў Ігар Дзмітрыевіч // Архітэктура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 576.
  5. Белогорцев Игорь Дмитриевич // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник.Минск, 1991. С. 15.
  6. Белагорцаў Ігар Дзмітрыевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 324.
  7. Белогорцев Игорь Дмитриевич // Архитектура во имя жизни : сборник биографических очерков и документов известных деятелей белорусской архитектуры. Минск, 2007. С. 18–21.
  8. Наша история : 40-летию Брестского государственного технического университета посвящается (1966–2006 гг.) / В. Н. Кудрицкий. – Брест : БрГТУ, 2006. – 239 с. : ил. – Из содерж.: Белогорцев Игорь Дмитриевич. С. 14–15.
  9. Башчук, А. В. Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт / А. В. Башчук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 543–545.
  10. Шостак, Г. И. К 100-летию И. Д. Белогорцева / Г. И. Шостак // Республиканская строительная газета. 2011. 22 апреля (№ 15). С. 16.
  11. Шеламова, Т. Иные миры Игоря Белогорцева : архитекторы Бреста отметят 100 лет со дня рождения первого ректора БИСИ / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2011. 1 апреля. С. 4.
  12. Ковалёва, Н. Слово о Белогорцеве : [о мемориальной доске И. Д. Белогорцеву на здании БрГТУ] / Наталья Ковалёва // Брестский курьер. 2009. 5 марта (№ 10). С. 21.
  13. Верин, И. Им делать жизнь с него : [об открытии на здании БрГТУ мемориальной доски первому ректору И. Д. Белогорцеву] / Илья Верин // Брестский вестник. 2009. 26 февраля (№ 8). С. 2.
  14. Данилова, Е. Сохраняя традиции... : [об открытии на здании БрГТУ мемориальной доски первому ректору И. Д. Белогорцеву] / Елена Данилова // Заря. 2009. 19 февраля. С. 1–2.
  15. Шостак, Г. И. Игорь Дмитриевич Белогорцев, зодчий и ученый / Г. И. Шостак // Инженер-консультант в строительстве. 2006. 29 марта (№ 12). С. 20.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 795 разоў