Аўторак, 23 Люты 2021 14:29

9 лютага 2021 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Віктара Паўлавіча Пуганава (1901–1941), генерал-маёра, удзельніка абароны Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну

Віктар Паўлавіч Пуганаў нарадзіўся 9 лютага 1901 г. у г. Астрахані ў рабочай сям’і. Працаваў качагарам на рачным параходзе. У Чырвонай арміі з 1919 г. Удзельнік Грамадзянскай вайны. На Каўказскім фронце ваяваў камандзірам кулямётнага ўзвода, пазней удзельнічаў у ліквідацыі балагвардзейскіх банд на Кубані. Член ВКП(б) з 1925 г.

 

Скончыў Вышэйшую школу ваеннай маскіроўкі ў Маскве (1922), Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ (1928). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1938), медалём «ХХ лет РККА» (1938). 17 мая 1939 г. яму было прысвоена званне камбрыга, 4 чэрвеня 1940 г. — генерал-маёра танкавых войск.

11 сакавіка 1941 г. генерал-маёр В. П. Пуганаў быў назначаны камандзірам 22-й танкавай дывізіі, якая дыслацыравалася непадалёк ад граніцы, на поўдні ад г. Брэста — у Паўднёвым ваенным гарадку. Дывізія пачала фарміравацца ў сакавіку – красавіку 1941 г. на базе 29-й лёгкай танкавай брыгады і ўваходзіла ў склад 17-га механізаванага корпуса
4-й арміі Беларускай асобай ваеннай акругі.

У дывізію прыбывала новае папаўненне з ваенных вучылішчаў, навабранцы са Свярдлоўскай, Арэнбургскай, Чэлябінскай і іншых абласцей. Паступала новая баявая тэхніка. Танкісты займаліся баявой падрыхтоўкай. Па загадзе камандзіра 14-га корпуса генерал-маёра Сцяпана Ільіча Аборына 21 чэрвеня 1941 г. у 16:45 дывізія была пастроена для пазачарговага страявога агляду. Камандзір застаўся задаволены, а на 22 чэрвеня назначыў агляд баявой тэхнікі.

На досвітку 22 чэрвеня вораг абрушыў агонь больш за 600 гармат і мінамётаў, білі па летніх парках, дзе знаходзіліся баявыя машыны, бензакалонках, казармах. Самалёты
2-га паветранага флоту наносілі ўдары з паветра. На Брэст і ў абход яго з поўначы і поўдня наступалі чатыры танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы (генерал-палкоўнік Гудэрыян), умацаванай 12-м армейскім корпусам у складзе 31-й, 34-й і 45-й пяхотных дывізій.

З пачаткам артылерыйскага абстрэлу камандзір 22-й танкавай дывізіі генерал-маёр В. П. Пуганаў аб’явіў баявую трывогу, загадаў часцям падрыхтавацца да следавання ў назначаны па плане раён збору па трывозе — на поўнач ад г. Жабінкі. У першую гадзіну пад абстрэлам загінулі камісар дывізіі Аляксей Аляксеевіч Іларыёнаў і памочнік камандзіра па тэхнічнай частцы Яфім Рыгоравіч Чартоў.

З раніцы 22 чэрвеня 22-я танкавая дывізія, страціўшы значную частку сваёй тэхнікі, удзельнічала ў баях на рубяжы ракі Заходні Буг на поўдзень ад Брэста. Батальёны 44-га танкавага палка (камандзір — маёр Іван Дзмітрыевіч Квас) разгарнуліся ў баявы парадак на шашы і пры падтрымцы байцоў 22-га мотастралковага палка атакавалі на паўднёвай ускраіне Брэста варожыя падраздзяленні, якія пераправіліся цераз Заходні Буг, разграмілі дэсант гітлераўцаў на Мухаўцы (на 12 лодках).

Танкісты змаглі на некаторы час затрымаць праціўніка, гэтым яны забяспечылі выхад дывізіі ў раён Жабінкі. Авіяцыя праціўніка ўвесь час атакавала калоны і асобныя машыны. Да 12-й гадзіны на ўсход ад Брэста быў створаны актыўны фронт абароны, у якім прынялі ўдзел сабраныя з розных часцей атрады. Да 15-й гадзіны 22-я танкавая дывізія з вялікімі стратамі выйшла ў раён сканцэнтравання — у 8 км паўднёва-заходней Жабінкі. Ноч на 23 чэрвеня выкарыстоўвалася для ўдасканальвання абароны, правядзення разведкі, папаўнення боепрыпасамі, палівам, харчаваннем.

Раніцай 23 чэрвеня 30-я і 22-я танкавыя дывізіі 14-га механізаванага корпуса ажыццявілі спробу контрнаступлення на Брэст. На шэрагу ўчасткаў вораг быў адкінуты на некалькі кіламетраў. У час контрудару савецкіх войск з раёна Жабінкі 22-я дывізія разграміла мотакалону нямецкіх войск. На рубяжы Камянец – Жабінка – Вялікія Радванічы разгарнулася жорсткая сустрэчная бітва. Пад націскам намнога большых сіл праціўніка савецкія воіны вымушаны былі з баямі адступіць у напрамку Кобрына.

Разам з часцямі 28-га стралковага корпуса на паўночна-захадзе ад Кобрына 22-я танкавая дывізія змагалася супраць 2-й танкавай, 1-й матарызаванай і некалькіх пяхотных дывізій ворага. Гітлераўцы кінулі авіяцыю, танкі і мотапяхоту на часці, якія знаходзіліся на маршы. Танкісты разгарнуліся ў баявы парадак. Каля 10-й гадзіны нашы воіны змаглі затрымаць ворага на рубяжы Тэўлі – Андронава – Патрыкі. У 16 гадзін немцы пасля артпадрыхтоўкі пачалі наступленне, якое савецкія танкісты сустрэлі контратакай.

На чале контратакуючых быў генерал-маёр В. П. Пуганаў, ля в. Імянін ён асабіста павёў танкістаў у атаку. Калі скончыліся боепрыпасы, танкісты таранілі варожыя танкі. Так зрабіў экіпаж БТ-7, якім камандаваў Віктар Скварцоў. Другі экіпаж пад камандаваннем Люцікава не пакінуў ахопленую агнём машыну, расстрэльваў пяхоту з кулямёта, але і сам загінуў. У гэтым баі загінуў і генерал-маёр В. П. Пуганаў.

Пад канец дня 22-я дывізія, камандаванне якой прыняў палкоўнік Іван Васільевіч Конанаў, ведучы баі, панесла вялікія страты, засталося не болей 40 машын. Рэшткі дывізіі працягвалі адступаць. 24 чэрвеня дывізія спыніла ворага на рацэ Шчара пад Баранавічамі, 25–27 чэрвеня вяла баі ў раёне Слуцка. 28 чэрвеня 22-я танкавая дывізія, у якой танкаў не было, заставалася 450 чалавек, 45 аўтамашын, была расфарміравана.

В. П. Пуганаў быў пахаваны ў в. Бухавічы Кобрынскага раёна, у канцы 1950-х перапахаваны ў г. Кобрыне, у скверы, названым у яго гонар. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені (6 мая 1965 г.). У 1967 г. у Брэсце устаноўлены памятны знак у гонар танкістаў 22-й дывізіі. У верасні 1987 г. на тэрыторыі Паўднёвага гарадка г. Брэста, на месцы штаба 22-й танкавай дывізіі была адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб воінах-танкістах. У 2004 г. у памяць аб танкістах 22-й дывізіі ў Кобрыне ўстаноўлены на пастамент танк Т-44.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 116.
  2. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 797–798.
  3. Пуганов Виктор Павлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 326.
  4. Пуганов Виктор Павлович // Кто есть кто в Республике Беларусь, 2005 :
    к 60-летию Победы в Великой Отечественной войне / автор-составитель А. И. Котов. Минск, 2005. Т. 1. С. 237.
  5. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 590.
  6. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 139.
  7. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 510.
  8. Пуганов Виктор Павлович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 501.
  9. Пуганов Виктор Павлович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 516.
  10. Пуганаў Віктар Паўлавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 494.
  11. Гарчанюк, Т. А. Так змагаліся танкісты : [дзеянні 22-й танкавай дывізіі па абароне г. Брэста] / Т. А. Гарчанюк // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. Хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 391–393.
  12. Манаенкаў, А. Л. Першыя баі за Радзіму : [баі 22-й танкавай дывізіі пад Жабінкай] / А. Л. Манаенкаў, І. С. Міцковіч // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 215–219.
  13. Ходцава, Т. М. Брэста абарона 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 93.
  14. Кононов, И. В. В огне : [воспоминания заместителя командира 22-й танковой дивизии] / Илья Васильевич Кононов // Буг в огне : сборник воспоминаний. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 151–156.
  15. Осташенко, Ф. А. Незабываемые дни : [воспоминания заместителя командира
    6-й Орловской стрелковой дивизии о совместных боевых действиях с 22-й танковой дивизией] / Федор Афанасьевич Осташенко // Буг в огне : сборник воспоминаний. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 119–121.
  16. Воронец, И. И. Они не сдались : воспоминания / Иван Иванович Воронец. – Фрунзе : Кыргызстан, 1967. – 120 с. : ил.
  17. Сандалов, Л. М. Пережитое : [воспоминания бывшего начальника штаба
    4-й армии] / Леонид Михайлович Сандалов
    . Москва : Воениздат, 1961. – 192 с. – (Военные мемуары).
  18. В память о героях-танкистах 22-й танковой дивизии // Воздвигнутые на пьедестал : о памятниках боевой славы на территории Республики Беларусь / сост.: И. Н. Кулан, С. М. Гайдук, В. Я. Герасимов. Минск, 2009. С. 4849.
  19. Борисовец, А. С. Памятник советским танкистам : [г. Брест] / А. С. Борисовец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 79.
  20. Братская могила советских воинов : [г. Кобрин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 244.
  21. Мемориальная доска танкистам : [г. Кобрин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 249.
  22. Климец, М. П. Братская могила советских воинов, Курган Славы : [Ружаны, Пружанский район] / М. П. Климец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 367.
  23. Митюков, А. Бесстрашный комдив : [В. П. Пуганов] / Александр Митюков // Белорусская военная газета. 2004. 22 июля.
  24. Митюков, А. Комдив Пуганов / Александр Митюков // Заря. 2004. 22 июня. С. 2.
  25. Рогачук, А. С. Здесь сквер героев будет заложен… : [о планах установки танка
    Т-44 в память подвига танкистов в 1941 г.] / А. С. Рогачук ; [беседовала] Наталья Васюк // Кобрин-информ. 2004. 22 января.
  26. Это страшное слово «война» : [о В. П. Пуганове и А. И. Морозове] // Кобрынскі веснік. 2003. 8 мая. С. 1–2.
  27. Гурда, У. І генералы гінулі ў баях / У. Гурда // Кобрынскі веснік. 2001. 13 чэрвеня. С. 2.
Чытаць 641 разоў