Пятніца, 02 Красавік 2021 09:34

28 верасня 2021 г. — 235 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Мікітавіча Бегічава (1786–1855), дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка

Дзмітрый Мікітавіч Бегічаў нарадзіўся 28 верасня 1786 г. у сяле Нікіцкае Яфрэмаўскага павета Тульскай губерні. Паходзіў з багатай дваранскай сям’і. У 1796–1802 гг. навучаўся ў Пажаскім корпусе — прэстыжнай прыдворнай ваенна-навучальнай установе, адкуль выйшаў у чыне карнета Аляксандрыйскага гусарскага палка.

 

Дзмітрый Бегічаў амаль адразу пакінуў полк, бо не меў схільнасці да ваеннай службы, і перайшоў у Дзяржаўную калегію замежных спраў, але любоў да Радзімы вяртае яго на ваенную службу ў 1804 г. У 1805 г. удзельнічаў у аўстрыйскім паходзе, змагаўся каля Аўстэрліца. За мужнасць і рашучасць, праяўленыя ў баях руска-пруска-французскай вайны, узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені і прускім ордэнам «За заслугі». У 1808–1812 гг. — у адстаўцы, але вайна з Напалеонам прымусіла зноў вярнуцца на ваенную службу.

З 1819 г. Д. М. Бегічаў у адстаўцы, жыў у Маскве. Спрабаваў свае сілы ў літаратуры, вывучаў філасофію, стаў тэатралам. Быў блізка знаёмы з В. К. Кюхельбекерам, У. Ф. Адаеўскім, А. С. Пушкіным, Д. В. Давыдавым.

Смерць А. С. Грыбаедава (1795–1829), з якім у 1813 г. сустрэўся ў Брэст-Літоўску, глыбока ўразіла Д. М. Бегічава. Тады ён, таксама як і А. С. Грыбаедаў, служыў ад’ютантам генерала А. С. Калагрывава, яны пасябравалі. Аляксандр Грыбаедаў пісаў вершы, але не думаў друкавацца. Пад уплывам Д. М. Бегічава, які разгледзеў літаратурны талент, з’явіліся першыя публікацыі Аляксандра Сяргеевіча.

У 1830–1836 гг. Д. М. Бегічаў — губернатар Варонежскай губерні. Праявіў сябе як дзеючы і гуманны адміністратар. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку паэту А. В. Кальцову. У 1836 г. — обер-пракурор Сената, з 1840 г. — сенатар. Дзейнасць Дзмітрыя Бегічава вельмі разнастайная. Пад яго кіраўніцтвам у 1834 г. быў складзены праект помніка Пятру І у Варонежы. Адзін з арганізатараў барацьбы з эпідэміяй халеры ў Варонежскай губернi (1830–1831). Матэрыяльна дапамагаў маскоўскаму Дому працавітасці — жаночай навучальнай ўстанове для бедных дзяўчат. Узнагароджаны ордэнам Белага арла (1843).

У Брэст-Літоўску Дзмітрый Бегічаў пачаў пісаць раман «Семейство Холмских. Некоторые черты нравов и образа жизни, семейной и одинокой, русских дворян», у якім сатырычна адлюстраваў жыццё дваранства. У творы персанажы насілі імёны герояў грыбаедаўскай камедыі «Горе от ума» (1825). Раман быў выдадзены ананімна ў 1832 г., пазней двойчы перавыдаваўся.

Дзмітрый Бегічаў таксама напісаў літаратурныя творы: «Ольга. Быт русских дворян в начале нынешнего столетия» (1840), «Провинциальные сцены» (1840), «Последствия услуги, оказанной кстати и вовремя» (1842), «Записки губернского чиновника» (1845), «Храм Гименея» і інш. Аўтар зборніка «Быт русского дворянства в разных эпохах и обстоятельствах его жизни» (1851). Крытыка ацэньвала сачыненні Д. М. Бегічава вельмі нізка, але крытык В. Р. Бялінскі адзначаў, што раман «Семейство Холмских» меў поспех у чытачоў.

Д. М. Бегічаў памёр 24 лістапада 1855 г., пахаваны ў Новадзявочым манастыры ў Маскве. У 1930-я гг. магіла страчана.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бегичев Дмитрий Никитич // Большая Российская энциклопедия. Москва, 2005. Т. 3. С. 155.
  2. Дзмітрый Мікітавіч Бегічаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 164–165.
  3. Бегичев Дмитрий Никитич / М. В. Строганов // Русские писатели : биобиблиографический словарь. Москва, 1990. Т. 1.
  4. Бегичев Дмитрий Никитич / В. П. Мещеряков // Русские писатели, 1800–1917 : биографический словарь. Москва, 1989. Т. 1.
  5. Строганов, М. В. Об одной реминисценции из Пушкина в романе Д. Н. Бегичева «Семейство Холмских» / М. В. Строганов // Вопросы биографии и творчества А. С. Пушкина. Калинин, 1979. С. 73–77.
  6. Акутин, Ю. Автор «Семейства Холмских» / Ю. Акутин // Альманах библиофила. Москва, 1978. Вып. 5. С. 139–157.
  7. Китина, Л. Д. Д. Н. Бегичев (1786–1854) / Л. Д. Китина // Очерки литературной жизни Воронежского края, Х̏IХ – начало ХХ в. Воронеж, 1970. С. 74–85.
  8. Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. Хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 166.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 547 разоў