Аўторак, 25 Студзень 2022 10:00

17 мая 2022 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Георгія Ільіча Скрыпнікава (1907–1944), удзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Героя Савецкага Саюза

Георгій Ільіч Скрыпнікаў нарадзіўся 17 мая 1907 г. у сяле Султан Стаўрапольскага павета (цяпер Андропаўскага раёна Стаўрапольскага края) у сялянскай сям’і. Закончыў сем класаў у мясцовай школе. У Чырвоную армію прызваны ў 1931 г., служыў да 1936 г., затым працаваў у калгасе.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны — з ліпеня 1941 г. — Георгій Скрыпнікаў зноў у Чырвонай арміі. Удзельнічаў у абарончых баях на Смаленскім накірунку. У 1942 г. скончыў курсы камандзіраў «Вымпел». Член ВКП(б) з 1942 г. Вызваляў Беларусь і Польшчу. У 1944 г. — камандзір 1-га стралковага батальёна 1297-га стралковага палка 160-й стралковай дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту.

Капітан Г. І. Скрыпнікаў вызначыўся ў ліпені 1944 г. пры вызваленні г. Брэста. Наступальная аперацыя па вызваленні абласнога цэнтра пачалася раніцай 17 ліпеня, у першым эшэлоне наступалі 1297-ы і 1293-і палкі 160-й дывізіі. Раніцай 21 ліпеня батальён Г. І. Скрыпнікава з боем узяў в. Медна Брэсцкага раёна, якая гітлераўцамі была моцна ўмацавана, але напярэдадні партызаны расказалі аб апорных пунктах, падказалі шляхі абходу.

Капітан Г. І. Скрыпнікаў умела кіраваў падраздзяленнем у баях на подступах да ракі Заходні Буг, да якой выйшлі вечарам 21 ліпеня — ля в. Страдзеч, што на поўдзень ад Брэста. Тут па Заходнім Бугу праходзіла дзяржаўная мяжа СССР і Польшчы. 22 ліпеня ў 11 гадзін дня батальён Г. І. Скрыпнікава першым пачаў фарсіраванне ракі. Байцы захапілі плацдарм на левым беразе, хутка акапаліся, адбілі сем контратак праціўніка. Георгій Скрыпнікаў быў паранены, але не пакінуў поле бою.

24 ліпеня 1297-ы полк перарэзаў шашу Кодэнь – Цярэспаль (Польшча), заняў форт № 6. Гітлераўцы прадпрынялі 17 контратак, якія падтрымлівалі 10 танкаў. Полк працягваў развіваць наступленне, разграміўшы ўдвая пераўзыходзячыя сілы праціўніка. Батальён Г. І. Скрыпнікава ў ноч на 28 ліпеня першым уварваўся ў г. Цярэспаль. У тую ж ноч у Брэст уварваліся перадавыя часці 61-й і 28-й армій.

У перыяд баёў за Брэст 1297-м стралковым палком камандаваў падпалкоўнік Андрэй Віктаравіч Залеўскі (1897–1967). За паспяховае вызваленне г. Брэста 160-я стралковая дывізія атрымала ганаровае найменне «Брэсцкая».

Капітан Г. І. Скрыпнікаў загінуў 15 жніўня 1944 г. у жорсткіх баях пад Варшавай. Пахаваны ў брацкай магіле воінаў па вул. Леніна г. Брэста.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. за мужнасць, адвагу і гераізм Г. І. Скрыпнікаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны І ступені.

На будынку сярэдняй школы № 9 с. Султан ўстаноўлена мемарыяльная дошка (2016). Імя героя носяць вуліцы ў г. Брэсце (у 1964 г. перайменавана вул. Новая Стралковая) і с. Качубееўскае Стаўрапольскага края. У Брэсце на доме № 117 па вул. Скрыпнікава ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1964). На мемарыяльнай алеі «Іх імёнамі названы вуліцы Брэста», якая з’явілася ў 1971 г. па вул. Маскоўскай і адноўлена ў 2021 г. па вул. Зубачова, устаноўлена стэла з барэльефам героя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Скрипников Георгий Ильич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 59.
  2. Скрипников Георгий Ильич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 325.
  3. Скрыпнікаў Георгій Ільіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 156, 335.
  4. Скрипников Георгий Ильич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва : Воениздат, 1988. Т. 2. С. 476.
  5. Скрипников Георгий Ильич // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 554.
  6. Скрипников Георгий Ильич. Улица Скрипникова // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 331.
  7. Скрипников Георгий Ильич // Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. Минск, 1984. С. 477.
  8. Скрипников Георгий Ильич // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 416.
  9. Скрыпнікаў Георгій Ільіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 565.
  10. Залевский, А. В. 160-я Брестская : [об освобождении г. Бреста] / Андрей Викторович Залевский // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. – 3-е изд., доп. и перераб. – Минск : Беларусь, 1977. С. 396–400.
  11. Улица Скрипникова // Улицы Бреста рассказывают... : история названий улиц / авт. ст.: Л. Д. Илларионова [и др.]. Брест : Вечерний Брест, 2007. С. 110–111.
  12. Вуліца Скрыпнікава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 166.
  13. Братская могила советских воинов и партизан. Г. И. Скрипников : [г. Брест] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 44.
  14. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Г. І. Скрыпнікаў : [г. Брэст] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 39.
  15. Курец, А. Равнение на аллею героев! : [об открытии обновленной аллеи «Их именами названы улицы Бреста»] / Александр Курец ; фото Павла Богуша // Рэспубліка. 2021. 28 мая. С. 1011.
  16. Гурда, У. Легендарны камбат / У. Гурда // Народная трыбуна. 1997. 26 ліпеня.
  17. Гурда, В. Легендарный комбат / В. Гурда // Прогресс. Брест, 1984. 8 мая.
  18. Татун, О. Комбат / О. Татун // Заря. 1974. 4 января.
  19. Гусиков, Н. Комбат Скрипников / Н. Гусиков // Заря над Бугом. Брест, 1970. 19 марта.
  20. Гусиков, Н. Комбат Скрипников / Н. Гусиков // Заря. 1968. 3 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 355 разоў