Серада, 20 Люты 2013 15:27

9 студзеня 2013 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Леаніда Уладзіміравіча Нікольскага (1948), беларускага спевака (барытон), заслужанага артыста Беларусі

Нікольскі Леанід Уладзіміравіч нарадзіўся 9 студзеня 1948 года ў вёсцы Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і праваслаўнага святара Уладзіміра Канстанцінавіча Нікольскага. Бацька ў свой час служыў у Гнеўчыцкім, а затым – Стрэльнянскім праваслаўных храмах. У сям’і расло сямёра дзяцей, і ўсе яны выхоўваліся на праваслаўных традыцыях.

{gcontent}Ужо ў раннім дзяцінстве Леанід адчуў асаблівае захапленне музыкай і спевамі. Натхняльнікам для яго быў бацька, які выдатна іграў на гітары, меў цудоўны голас. Ён жа і навучыў сына іграць на гітары. Але Леанід лічыў, што гэта захапленне музыкай – усяго толькі занятак для душы. Магчыма, таму пасля заканчэння Гнеўчыцкай базавай школы ён паступае ў Пiнскi гідра-меліярацыйны тэхнікум, каб атрымаць прафесiю. З песняй жа не растаецца, паспяхова абараняе гонар тэхнікума на розных аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасцi, спявае ў гарадскім Доме культуры. Дыпламаванага спецыяліста размяркоўваюць на працу на Міншчыну, дзе яшчэ некаторы час ён працуе ў меліярацыі, і – па-ранейшаму спявае. Аднойчы Леанiд Нiкольскi зразумеў: спеў – не проста занятак для душы, спяванне яму неабходна, як паветра, як хлеб надзённы.

Неўзабаве ён становіцца студэнтам Маладзечанскага музычнага вучылішча. Спрыяльная глеба, творчае асяроддзе паспрыялі раскрыццю таленту вакалiста. І вось ужо Леанiд Нікольскі – студэнт вакальнага аддзялення сталічнай кансерваторыі. У 1976 годзе паспяхова скончыў Беларускую кансерваторыю.

Гарызонты маладога салiста яшчэ больш пашыраюцца. Спазнаючы глыбіні музычнага мастацтва, удасканальваючыся ў вакале, Леанід Нікольскі ўсё больш упэўнена заяўляе аб сабе. Вось ён ужо – лаўрэат рэспубліканскіх і ўсесаюзных песенных конкурсаў і фестываляў.

З 1976 года – саліст Мурманскай і Калінінскай філармоній. Каля дзесяці гадоў працаваў у паўночным Мурманску. З канцэртамі Л. Нiкольскi аб’ехаў многія куткі былога СССР і замежжа, i там гэтае мілагучнае прозвішча заўсёды прамаўлялася з глыбокай павагай. Яго талент высока ацаніла вядомая французская спявачка Мірэй Мацье... У 1978 годзе Леанiд Нiкольскi становіцца лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў савецкай песні.

Але родная Беларусь, нібы магніт, прыцягвала да сябе. Таму яшчэ больш захацелася жыць і тварыць на сваёй Радзіме. Вярнуўшыся дадому, Леанід Нікольскі стаў салістам Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Меркаваў, што гэта – часова. Але вось ужо больш за 25 гадоў на ўсіх канцэртах гэтага вядомага не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі калектыву, яго лічаць як вядучага саліста. Валодае голасам прыгожага тэмбру вялікага дыяпазону. З 1997 года – заслужаны артыст Беларусі. Выступае ён і з сольнымі канцэртамі, адпрацаваны некалькі праграм. У апошнюю, якая называецца “Голас сэрца”, увайшлі песні мінулых гадоў у сучасных апрацоўках.

Л. Нікольскі цесна супрацоўнічаў з кампазітарам У. Буднікам, працягвае – з Э. Зарыцкім, А. Івановым, Л. Захлеўным, падтрымлівае творчыя адносіны з паэтам В. Жуковічам, а таксама з А. Пахмутавай, I. Кабзонам і іншымі зоркамі эстрады. З яго лёгкай рукі на вялікую сцэну выйшаў спявак Руслан Аляхно.

У рэпертуары Леанiда Нiкольскага творы кампазітараў пераважна ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Аўтар і выканаўца песень “Ты вясна мая”, “Восеньская каханне”, “Цягнік расстання”. Леанід Нікольскі шмат спявае на роднай мове і вельмі любіць яе. Вядомы не толькі як таленавіты спявак, а наогул творчая асоба. Напрыклад, сам піша вершы, рыхтуе канцэрт аўтарскай песні.

Жонка – Галіна Сямёнаўна – выкладчык музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Маюць двух дарослых сыноў – Андрэя і Уладзіміра. Андрэй – юрыст па адукацыі, працуе і жыве ў Мінску, жанаты, падарыў старэйшым Нікольскім двух ўнукаў – Уладзіка і Максімку. А вось Уладзімір, які названы ў гонар дзядулі, таго самага, вядомага на Іванаўшчыне святара, скончыў лінгвістычны ўніверсітэт, затым – Пецярбургскую кансерваторыю, жыве і працуе ў Маскве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. Панфёрава. Дробыш Ніна Рыгораўна, бібліятэкар 1 кат. аддзела бібліятэчнага маркетынгу

{/gcontent}

  1. Нікольскі Леанід Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 2000. Т. 11. С. 344–345.
  2. Никольский Леонид Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск : БелЭн, 2007. Т. 5. С. 450.
  3. Крэйдзіч, Т. Незабыўная сустрэча : пасляслоўе да выдатнага канцэрта / Тамара Крэйдзіч // Чырвоная звязда (Iванава). 2011. 2 снеж. С. 2.
  4. Кухарчук, Н. Спой нам, Леонид! : встречайте знаменитого земляка / Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда (Iванава). 2011. 25 ліст. С. 2.
  5. Свирко, И. “Не знаю, что такое по-звездному капризничать” / Ирина Свирко // Рэспубліка. 2008. 1 апр.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2005 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 12:22