Серада, 03 Жнівень 2022 15:54

7 ліпеня 2022 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Пятра Якаўлевіча Грыцука (1927–2008), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Пётр Якаўлевіч Грыцук нарадзіўся 7 ліпеня 1927 г. у в. Імянін Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобалсці) у сялянскай сям’і. Пачаткавую адукацыю атрымаў у мясцовай польскамоўнай школе. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся на роднай беларускай мове, у 1941 г. закончыў 6 класаў Імянінскай няпоўнай сярэдняй школы. Рана пачаў працаваць, дапамагаючы бацькам весці ўласную гаспадарку.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны разам з сям’ёй застаўся на акупіванай тэрыторыі. Падлеткам уключыўся ў барацьбу з нямецкімі акупантамі. Займаўся зборам харчавання, аддзення і абутку для народных мсціўцаў. У 1944 г. усталяваў сувязь з партызанамі, стаў сувязным атрада імя Жданава брыгады імя Свярдлова, даводзілася хадзіць па заданнях за 20 км ад вёскі.

З дасягненнем прызыўнога ўзросту Пётр Грыцук быў прызваны на службу ў Савецкую армію. Служыў да 1951 г., звольнены ў запас у званні сяржанта, вярнуўся на радзіму, паступіў працаваць паляводам у калгас імя Жданава (з 1959 г.— «Радзіма»).

У 1956 г. па прапанове старшыні калгаса Пётр Грыцук перайшоў скотнікам на цэнтральную жывёлагадоўчую ферму, стаў займацца адкормам і вырошчваннем цялят. З першых дзён працы праявіў энергічнасць і выключную працавітасць, вялікую любоў да жывёл. Тады на ферме адсутнічала механізацыя, работы выконваліся ўручную, многія скотнікі не вытрымлівалі цяжкой фізічнай нагрузкі і сыходзілі. Пётр Грыцук, разумеючы, што многае трэба ведаць і ўмець, прыглядаўся да працы больш вопытных жывёлаводаў, настойліва пераймаў усё новае і перадавое.

Упартая праца, укараненне перадавых прыёмаў, акуратнае выкананне правіл дагляду і ўтрымання маладняку, складанне збалансаваных рацыёнаў кармлення далі выдатныя вынікі. За кароткі тэрмін працы з жывелай П. Я. Грыцук набыў багаты вопыт, дасягнуўшы выдатных поспехаў у павышэнні прадуктыўнасці жывёлагадоўлі, і стаў прызнаным майстрам сваёй справы.

Ужо да пачатку 7-й пяцігодкі (1959–1965) Пётр Грыцук заявіў аб сабе як аб адным з лепшых жывёлаводаў на ферме і ў калгасе. Упэўнена выйшаў на перадавыя пазіцыі ў сацыялістычным спаборніцтве сярод жывёлаводаў раёна і трывала, з году ў год, утрымліваў іх, дабіўся найлепшых паказчыкаў па сярэднесутачных прыбаўленнях вагі жывёл (больш за 800 г на адну галаву).

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадукцыі жывёлагадоўлі П. Я. Грыцуку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп и Молот».

Штогод перавыконваў планавыя заданні і прынятыя сацыялістычныя абавязацельствы, а выгадаваная ім жывела характарызавалася высокай ступенню ўкормленасці. У 1972 г. ён адкарміў 234 галавы буйной рагатай жывёлы сярэдняй вагой 335 кг кожная. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе склала высокія 820 г.

За гады 10-й пяцігодкі (1976–1980) перадавы жывёлавод адкарміў 800 галоў жывёлы пры плане 750, атрымаў валавае прыбаўленне 794 ц — на 84 больш запланаванага, а сярэднясутачны прыбаўленне складала 875 г. Калгасам было здадзена дзяржаве мяса ў жывой вазе 296 т — заданне было выканана на 113%. У далейшым ён давёў сярэднесутачныя прыбаўленні ў сваёй групе да рэкордных паказчыкаў у 1100–1150 грамаў і тым самым унёс важкі ўклад у росквіт калгаса «Радзіма» (цяпер — ААТ «Імянінскі»).

Пётр Якаўлевіч неаднаразова ўдзельнічаў у ВДНГ СССР, быў узнагароджаны ганаровымі дыпломамі і чатырма медалямі галоўнага выставачнага камітэта. У складзе дэлегацый ён наведаў Польшчу, Венгрыю, Чэхаславакію, дзе вывучаў вопыт жывёлагадоўлі гэтых краін і дзяліўся сваімі дасягненнямі.

Пётр Якаўлевіч вёў вялікую грамадскую работу. Член КПСС з 1977 г. Абіраўся членам праўлення калгаса, дэпутатам Драгічынскага раённага і Імянінскага сельскага Саветаў дэпутатаў працоўных (з 1977 г. — народных дэпутатаў). Узнагароджаны ардэнамі Леніна (22.03.1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга (27.12.1976), медалямі.

У 1987 г. П. Я. Грыцук выйшаў на заслужаны адпачынак. Падлічана, што за 31 год працы на ферме, даглядчык адкарміў больш за 8 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы.

П. Я. Грыцук памёр 20 верасня 2008 г. Імем героя названа вуліца ў Драгічыне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Грицук Пётр Яковлевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 80.
  2. Грыцук Пётр Якаўлевіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 409.
  3. Грицук Пётр Яковлевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 174.
  4. Грыцук Пётр Якаўлевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 179–180.
  5. Грыцук Пётр Якаўлевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мiнск, 1971. Т. 4. С. 59.
  6. Панасюк, Н. Особый характер // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 81–86.
  7. Сяргей, А. Нашы Героі Сацыялістычнай Працы : [С. П. Ільючык, П. Я. Грыцук] / А. Сяргей // Драгічынскі веснік. 2009. 11 лістапада. С. 2.
  8. Супрун, С. Ушанавалі героя : [П. Я. Грыцука ў в. Імянін] / С. Супрун // Драгічынскі веснік. 2006. 13 мая. С. 2.
  9. Панасюк, М. Віншавалі вяскоўцы Героя : [Сацыялістычнай Працы П. Я. Грыцука] / Мікола Панасюк // Белорусская нива. 2003. 22 июля.
  10. Ткачук, Н. Бясконца шчаслівыя : [пра лёс сям’і Грыцукоў з в. Імянін Драгічынскага раёна] / Н. Ткачук // Народная трыбуна. 2003. 1 сакавіка.
  11. Петр Яковлевич и Лидия Васильевна... / фото Р. Кобяка // Народная трыбуна. 2001. 19 студзеня. С. 13.
  12. Сігіневіч, М. Узнагарода – аўтамабіль : [галоўны камітэт ВДНГ СССР прэміраваў даглядчыка жывёлы калгаса «Радзіма» Драгічынскага раёна П. Я. Грыцука] / М. Сігіневіч // Звязда. 1982. 28 ліпеня.
  13. Грыцук, П. Каму перадаць эстафету? / Пётр Грыцук // Звязда. 1981. 28 ліпеня.
  14. Грыцук, П. На працоўнай вахце : [даглядчык жывёлы калгаса «Радзіма» пра сваю работу] / П. Грыцук // Запаветы Леніна. Драгічын, 1981. 21 лютага.
  15. Трипук, И. И. Трудом добытая слава : [о животноводе колхоза «Родина» Дрогичинского района П. Я. Грицуке] / И. И. Трипук // Сельское хозяйство Белоруссии. 1978. № 5. С. 7.
  16. Лапшин, Ю. Трудолюбие : [о Герое Социалистического Труда П. Я. Грицукее] / Ю. Лапшин // Заря. 1966. 11 октября.
  17. Панасюк, М. Герой Сацыялістычнай Працы : [пра даглядчыка жывёла калгаса «Радзіма» П. Я. Грыцука] / М. Панасюк // Запаветы Леніна. Драгічын, 1966. 27 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 294 разоў Апошняя змена Серада, 05 Кастрычнік 2022 10:22