Панядзелак, 23 Студзень 2023 09:18

22 студзеня 2023 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Алены Георгіеўны Лось (1933–2013), мастака ў галіне станковага жывапісу і кніжнай графікі

Алена Георгіеўна Лось нарадзілася 22 студзеня 1933 г. у Вільнюсе. Яе бацька, ураджэнец Брэстчыны, скончыў Вiленскi ўнiверсiтэт, працаваў урачом. Любiў маляваць, выпiсваў французскi часопiс, прысвечаны мастацтву. Мацi валодала французскай і нямецкай мовамi, захаплялася рускай паэзiяй «сярэбранага веку». Дзіцячыя гады Алены Лось звязаны з Пружаншчынай, дзе яна амаль шаснаццаць гадоў жыла спачатку ў Лыскава, потым у Магілёўцах і Ружанах.

 У Ружанах Алена з маці і бабуляй перажыла Вялікую Айчынную вайну. Бацька быў мабілізаваны ў Чырвоную армію з Мінска, дзе на пачатак вайны знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі. У акупацыю сям’я зведала звычайныя цяжкасці таго часу, але дапамагала веданне маці нямецкай мовы, у доме Лосяў кватэравалі нямецкія ляснічыя. Маці працавала ў бухгалтэрыі лясніцтва, разам з іншымі антыфашыстамі ратавала людзей ад вывазу ў Германію, запісваючы ў рабочыя лясніцтва. Дом Лосяў разам з усёй вуліцай немцы спалілі падчас адступлення.

Пасля вызвалення органы НКДБ расследавалі супрацоўніцтва маці з акупантамі, паказанні выратаваных людзей дапамаглі ёй апраўдацца. Пасля вайны маці працавала ў банку. Алена, пасля ваеннага перапынку ў вучобе, але дзякуючы хатнім заняткам з маці, пайшла адразу у шосты клас. Бацька пасля вайны ў сям’ю не вярнуўся, жыў у Мінску, але дачцэ дапамагаў.

У 1948 г. Алена Лось скончыла 9 класаў у Ружанах і разам з маці і бабуляй пераехала ў Вільнюс, паступіла ў апошні клас гімназіі. Даволі хутка вывучыла літоўскую мову. У дзяўчыны не было нiякай спецыяльнай мастацкай падрыхтоўкi, але яна здолела паступiць на мастацкi факультэт Вільнюскага дзяржаўнага мастацкага інстытута, на аддзяленне графiкі і ілюстрацыі. Вучылася ў I. Кузьмiнскаса, В. Чарняўскайтэ. Дыпломная работа: iлюстрацыя да казкi П. Цвiркi «Граф и прачка». Пасля заканчэння вучобы ў 1955 г. каля года працавала ў выдавецтвах Лiтоўскай ССР.

Алена Георгіеўна выйшла замуж за беларускага мастака Гары Ігнатавіча Якубеню (1932–1964) i пераехала ў Мінск. Першай сумесна iлюстраванай кнiжкай А. Лось i Г. Якубенi была казка «Каза-манюка» (1961). У 1960-я гг. Алена Лось актыўна супрацоўнічала з беларускімі выдавецтвамі. Асаблівае месца ў творчасці мастачкі займае кніга-казка «Залатая яблынька» (1962). З 1963 г. – член Саюза мастакоў БССР.

Працавала ў вобласцi станковага жывапісу і кніжнай графікі, вядома ў асноўным як мастак дзіцячай кнігі. Ілюстравала творы беларускай вуснай народнай творчасці. Былi пакутлiвыя пошукi ўласнага мастацкага «я». Аказаўшыся на раздарожжы, маладая мастачка пайшла па той сцяжынцы, што прывяла яе да дзiвоснага скарбу – беларускага народнага мастацтва. Працавала не толькі над асобнымі казкамі, але і над зборнікамі казак. У 1965 г. яна аформіла казку Змiтрака Бядулі «Скарб». Наступны этап станаўлення почырку Алены Лось як мастака – гэта кніга-казка «Ох і залатая табакерка» (1967).

За сваю творчую дзейнасць Алена Лось аформіла больш за 200 кніг. Сярод іх: «Вераб’ёвы госці» А. Якімовіча (1960); «Дударык» (1964) і «Ладачкі-ладкі» (1977) В. Віткі; «Скарб» З. Бядулі (1965, 1975); «Кую-кую ножку» (1967), «Азбукі» (1997) А. Дзеружынскага; «Калыханкі» (1995); «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У. Ягоўдзіка (1997); беларускія казкі «З рога ўсяго многа» (1968), «Залатая яблынька» (1974), «Разумная дачка» (1988) і інш.

У 1984 г. Алена Георгiеўна выдала кнiжку сваiх маленькiх апавяданняў «Десять дней в Борке» з уласнымi малюнкамi. Самая вялiкая каштоўнасць гэтай кнiгi – яе праўдзiвасць у паказе жыцця палескай вёскi.Кніга ўражвае сваім колеравым рашэннем. Кожная ілюстрацыя як маленькае самастойнае жывапіснае палатно са сваім сюжэтам, вобразамі, кампазіцыяй.

Сярод станковых твораў – серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Ружанскія паданні» (1991), цыкл малюнкаў да твораў Якуба Коласа «Казкі жыцця» (1998) і інш.

Акварэлі і літаграфіі мастачкі добра вядомы ў краіне і за яе межамі. Алена Лось прымала ўдзел больш як у 50-цi рэспубліканскіх, усесаюзных, міжнародных выставах кніжнай графікі, у тэматычных выставах «Мастакі –дзецям» (Масква), «Мастацтва – дзецям» (Мінск), «Руская казка» (Японія), «Ілюстрацыі да савецкай дзіцячай кнігі» (Егіпет, Германія, Румынія).

Творы Алены Лось захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Мінску, у галерэі А. Г. Лось у Мінскай дзіцячай бібліятэцы № 2 (адкрыта ў 2010 г.), мемарыяльным музеі А. С. Пушкіна ў Маскве, фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, іншых музеях і галерэях, прыватных калекцыях. У фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык» захоўваецца багатая калекцыя карцін, кніг і памятных дыпломаў А. Г. Лось, якія яна асабіста перадала ўстанове.

А. Г. Лось узнагароджана медалямi імя Васіля Віткі часопіса «Вясёлка» (1988), «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў (2000). Лаўрэат рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў «Мастацтва кнігі». 19 лістапада 2003 г. за значны асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

У 2008 г. Алена Георгіеўна прыязджала на Пружаншчыну, наведала мясціны, дзе прайшлі яе дзіцячыя гады. Гэта было развiтанне з малой радзiмай. У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшлi выставы яе твораў. У 2009 г. выйшаў альбом «Алена Лось: жывапіс, графіка».

Алена Георгіеўна Лось памерла 14 лiпеня 2013 г. Пасля крэмацыi прах пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

У студзені 2018 г. Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэцы прысвоена імя Алены Лось, на будынку бібліятэкі ўрачыста адкрылі памятную дошку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААіІ

  1. Лось Алена Георгіеўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1999. Т. 9. С. 348.
  2. Лось Алена Георгіеўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 141.
  3. Лось Елена Георгиевна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 547–548.
  4. Лось Алена Георгіеўна // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 50–51.
  5. Лось Алена Георгіеўна // Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 322.
  6. Алена Георгіеўна Лось // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 418.
  7. Лось Алена Георгіеўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 295–296.
  8. Алена Лось : жывапіс, графіка / [уклад. Уладзімір Ягоўдзік ; прадмова Юлii Шацiла ; фотаздымкі М. Новікава, І. Гардзіёнка, У. Ягоўдзіка]. – Мiнск : М. Р. Ягоўдзік, 2009. – 77 с. : іл.
  9. Лось, Е. Десять дней в Борке : [маленькие рассказы. Для дошкольного возраста] / Елена Лось ; рисунки автора. – Минск : Юнацтва, 1984. – 24 с. : ил.
  10. Латун, З. І. Алена Лось / Зоя Іванаўна Латун. – Мiнск : Беларусь, 1977. – 48 с. : іл., [6] л. каляр. іл.
  11. Шкор, Л. А. Иконографическая полисемантичность гравюр «Анна» и «Ружа» Е. Лось / Л. А. Шкор // Культура ва ўмовах глабалізацыі : матэрыялы навуковай канферэнцыі (25–26 лістапада 2009 г.). Мінск, 2010. С. 48–52.
  12. Ягоўдзік, У. І. «Іншага шляху я не ведаю…» / Уладзімір Ягоўдзік // Шчыраю ноччу : проза / Уладзімір Ягоўдзік. Мінск, 2009. С. 184–194.
  13. Шкор, Л. А. Иконографическая полисемантичность гравюр «Анна» и «Ружа» Е. Лось / Л. А. Шкор // Культура ва ўмовах глабалізацыі : матэрыялы навуковай канферэнцыі. 25–26 лістап. 2009 г. / БДУКМ. Мінск, 2010. С. 48–52.
  14. Каўтунюк, М. Любімы ілюстратар дзіцячых кніг : 90 гадоў з дня нараджэння вядомай мастачкі Алены Георгіеўны Лось / Марына Каўтунюк // Краязнаўчая газета. 2023. № 2. С. 6.
  15. Дарожка, М. Графічныя творы па літаратурных матывах: спосабы інтэрпрытацыі зместу : [вялікая колькасць твораў мастачкі Алены Лось, прысвечаных беларускім казкам і спевам, выканана ў тэхніцы лінагравюры] / Марыя Дарожка // Роднае слова. 2018. № 12. С. 71–75.
  16. Дранько-Майсюк, В. Рай, якому не суджана стаць явай : [пра жыццёвы і творчы лёс мастачкі Алены Лось] / Васіль Дранько-Майсюк // Літаратура і мастацтва. 2018. № 28. С. 11.
  17. Будай, А. «Імгненні жыцця» : [гадзіна мастацтва, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння А. Г. Лось] / А. Будай // Бібліятэка прапануе. 2018. № 4. С. 17–20.
  18. Глушко, Х. Усе паданні ў зборы : [Ружанскаму палацаваму комплексу Сапегаў перададзена літаграфія Алены Лось «Паляванне»] / Хрысціна Глушко // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 15 красавіка. С. 11.
  19. Церахава, В. Дзівосны свет Алены Лось/ Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 23 лютага. С. 12.
  20. Афанасьева, С. В честь Елены Лось : [на здании Пружанской районной детской библиотеки открыли памятную доску] / Светлана Афанасьева // Заря. 2018. 13 февраля. С. 5.
  21. Зялевіч, А. Бібліятэка імя Алены Лось : [пра адкрыццё памятнай дошкі ў гонар А. Г. Лось на будынку раённай дзіцячай бібліятэкі] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 31 студзеня. С. 4.
  22. Дзімітруковіч, В. Натхненне мастачкі — для дзяцей : [Пружанскай дзіцячай бібліятэцы прысвоена імя Алены Лось] / Вольга Дзімітруковіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 24 студзеня. С. 6.
  23. Макарчук, В. Алена Лось на Пружаншчыне / Вольга Макарчук // Краязнаўчая газета. 2018. № 6. С. 5.
  24. Яе душа не маўчала : [памяцi А. Г. Лось] // Раённыя буднi. Пружаны, 2013. 17 лiпеня. С. 3.
  25. 22 студзеня – 80 гадоў з дня нараджэння (1933) А. Г. Лось, мастака ў галіне станковага жывапісу і кніжнай графікі / [склад.: Г. В. Брага і інш.]// Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2012. № 10. С. 2628 (дадатак: Даты беларускага календара).
  26. Шаранговіч, Н. Кветкі-партрэты Алены Лось / Наталля Шаранговіч // Роднае слова. 2011. № 9. С. 89–92.
  27. Лось, А. Г. А для душы малюю кветкі / Алена Лось ; [гутарыла] Вольга Паўлючэнка // Літаратура і мастацтва. 2011. 22 ліпеня (№ 29). С. 16.
  28. Шатило, Ю. Живые цветы детства / Юлия Шатило. Удивительные сны и сказки детства / Наталья Шарангович // Нёман. 2011. № 2. 2-я с. обл., с. 207–212.
  29. Кахновіч, В. Бібліятэка-галерэя: творы Алены Лось у бібліятэцы / В. Кахновіч // Бібліятэка прапануе. 2010. № 9. С. 39–40.
  30. Зінчук, Р. У каго ягадкі? : казкі ў «...Палацыку» : [экспазіцыя твораў А. Лось у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Раіса Зінчук // Культура. 2010. 22–28 мая (№ 22). С. 7.
  31. Зiнчук, Р. Выстава Алены Лось : [пра выставу графiкi А. Лось у музеi-сядзібе «Пружанскi палацык»] / Раiса Зiнчук // Газета для вас. Iвацэвiчы, 2010. 12 сакавіка. С. 14.
  32. Чыгрын, С. Карцiны для «Пружанскага палацыка» / Сяргей Чыгрын // Лiтаратура і мастацтва. 2009. 13 лютага (№ 6). С. 10.
  33. Шабуня, Н. Свята фарбаў і натхнення : [пра выставу твораў А. Лось у музеі-сядзiбе «Пружанскі палацык»] / Ніна Шабуня // Раённыя буднi. Пружаны, 2008. 2 лістапада. С. 1–2.
  34. Шычко, А. Фальклорныя інтэрпрэтацыі ў эстампах беларускіх графікаў, 1980-я гг. : [Алена Лось] / Алена Шычко // Роднае слова. 2008. № 8. С. 87.
  35. Назiмава, І. Яе героі – людзі і прырода / Ірына Назімава // Культура. 2008. № 3. С. 7.
  36. Матысюк, В. Мастацтва, напоўненае святлом і любоўю : [творчасць мастачкі А. Лось] / Вера Матысюк // Раенныя будні. Пружаны, 2008. 16 красавіка. С. 6.
  37. Фенчанка, Н. Народжаная дарыць святло : [да 75-годдзя мастачкі А. Лось] / Н. Фенчанка // Пачатковая школа. 2008. № 2. С. 47–48.
  38. Грышкова, І. Казкі на мальберце… : [да 75-годдзя мастацкі Алены Лось]/ І. Грышкова // Бібліятэка прапануе. 2008. № 1. С. 30–32.
  39. Лось, А. Г. «Каб не маўчала душа…» / Алена Лось ; гутарыў Уладзімір Ягоўдзiк // Наша вера. 2007. № 7. С. 67–71.
  40. Шаціла, Ю. Кветкі дзяцінства : [творчасць А. Лось] / Юлiя Шаціла // Мастацтва. 2006. № 12. С. 12–13.
  41. Карэліна, М. «Ляўкі» Алены Лось / Марыя Карэліна // Роднае слова. 2003. № 1. С. 88–89.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 235 разоў