Панядзелак, 06 Люты 2023 11:21

17 сакавіка 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Абрамавіча Завідава (1923–1945), пагранічніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Аляксандр Абрамавіч Завідаў нарадзіўся 17 сакавіка 1923 г. у в. Забалацце Таржокскага раёна Цвярской вобласці. Закончыў пачатковую школу ў в. Кажэўнікава, перайшоў у пяты клас Высокаўскай сярэдняй школы. Неўзабаве сям’я пераехала ў г. Петразаводск, дзе Аляксандр закончыў СШ № 5. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў на заводзе.

 У гады вайны родная вёска была акупіравана і цалкам знішчана. Тры браты Аляксандра пайшлі на фронт, двое з іх геройскі загінулі у баях за Радзіму. Аляксандр Завідаў быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў у войсках НКУС. Са снежня 1941 г. служыў у 80-м пагранічным палку войскаў НКУС.

28 ліпеня 1944 г. тэрыторыя Беларусі была канчаткова вызвалена. На ахову Дзяржаўнай граніцы СССР на заходнім участку быў накіраваны асобны пагранічны атрад, які быў сфарміраваны 1 мая з асабовага саставу Забайкальскай пагранічнай акругі. Начальнікам 9-й заставы 15-га пагранатрада ля в. Ліпінкі Дамачаўскага (цяпер Брэсцкага) раёна быў лейтэнант Міхаіл Лявонцьевіч Алёшын. З 32 чалавек асабовага саставу заставы 26 былі франтавікамі, мелі баявы вопыт. 11 жніўня на ахову савецка-польскай граніцы выйшлі першыя пагранічныя нарады.

На мяжы тады ішла барацьба з узброенымі бандфарміраваннямі, парушальнікамі, кантрабандыстамі. Яфрэйтар А. А. Завідаў быў смелым і рашучым пагранічнікам. Удзельнічаў у аперацыях па ліквідацыі фашысцкіх банд, чатырох парушальнікаў ён затрымаў асабіста.

У ноч на 23 студзеня 1945 г. Аляксандр Завідаў заставаўся ў казарме. Сярод ночы прагучаў сігнал трывогі – цераз граніцу з боку Польшчы прарвалася фашысцкая банда ў колькасці 15 чалавек. Аляксандр Завідаў далучыўся да пошукавай групы на чале з начальнікам заставы.

У 4 гадзіны 30 хвілін парушальнікі былі насцігнуты. Яфрэйтар А. А. Завідаў са службовым сабакам ішоў наперадзе, дагнаў парушальнікаў і адкрыў па іх агонь. Бандыты адказалі аўтаматным агнём і заляглі. У кароткай перастрэлцы адзін парушальнік быў забіты, астатнія адышлі. А. А. Завідаў зноў павёў праследаванне і трапіў у засаду. Чаргой з аўтамата пагранічнік быў смяротна паранены ў грудзі. Парушальнікі адышлі ў накірунку вёскі Чэрск. У выніку праследавання 7 бандытаў былі ліквідаваны, а 8 затрыманы.

На магіле А. А. Завідава, якая знаходзіцца на тэрыторыі былой заставы, у 1951 г. устаноўлены абеліск. Загадам Міністра ўнутраных спраў СССР ад 2 жніўня 1946 г. яфрэйтар Аляксандр Завідаў навечна залічаны ў спісы пагранічнага атрада, яго імем названа 15-я пагранічная застава «Ліпінкі». На заставе ўстаноўлена мемарыяльная дошка з тэкстам: «Пограничная застава имени Завидова Александра Абрамовича, героически погибшего при защите Государственной границы Союза ССР в январе 1945 года». З 1964 г. была традыцыя накіроўваць служыць на заставу імя А. А. Завідава лепшых прызыўнікоў з Таржоцкага раёна, але з развалам Савецкага Саюза традыцыя перарвалася.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 мая 1968 г. за адвагу і мужнасць, праяўленыя пры абароне Дзяржаўнай граніцы СССР А. А. Завідаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Імем героя названы вуліцы ў г. п. Дамачава Брэсцкага раёна, у гарадах Цвер, Таржок, Старыца, сяле Высокае. У г. Брэсце на мемарыяльным комплексе «Героям – стражам границ» у 2001 г. з’явілася імянная стэла з барэльефам А. А. Завідава (скульптар А. А. Паўлючук).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Завидов Александр Абрамович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 225.
  2. Магіла Завідава Аляксандра Абрамавіча // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 546–547.
  3. Ходцева, Т. М. Могила Завидова Александра Абрамовича : [д. Липинки] / Т. М. Ходцева // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 130–137.
  4. Ходцава, Т. М. Магіла Завідава Аляксандра Абрамавіча : [в. Ліпінкі] / Т. М. Ходцава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 102.
  5. Герой-пограничник Александр Завидов: (к 90-летию со дня рождения) / МБУК «Торжокская ЦБС», Высоковская сельская библиотека-филиал ; [сост. Н. Н. Соболева]. – Торжок : [б. и.], 2013. – [11] с. : ил., портр.
  6. Куваев, Д. Ф. Поиск : документальные рассказы / Дмитрий Феофанович Куваев. – Минск : Междунар. центр культуры книги, 2001. – 64 с. – (Ист. б-чка «По праву памяти». Ветераны-пограничники – молодежи). – Из содерж.: [А. Завидов]. С. 42–60.
  7. Сердюк, А. Парень из Торжка / А. Сердюк // Бессмертные часовые. Москва, 1983. С. 229–243.
  8. Боровков, Н. Ефрейтор Завидов / Н. Боровков // Граница рождает героев. Москва, 1976. С. 106–107.
  9. Плотников, М. Подвиг Александра Завидова / М. Плотников // От заставы к заставе / М. Плотников. Минск, 1973. С. 110–114.
  10. Никифорович, В. Наследники героя-комсомольца / В. Никифорович // Люди высокого долга : очерки, повести, рассказы. Минск : Беларусь, 1964. С. 193–218.
  11. Ермакоў, Я. Подзвіг пагранічніка : [аб мерапрыемствах у памяць аб А. Завідаве, якія прайшлі на пагранічнай заставе «Ліпінкі»] / Яўген Ермакоў // Народная трыбуна. 2015. 30 студзеня (№ 5). С. 10.
  12. Завидов Александр Абрамович // Заря над Бугом. Брест, 2004. 13 ноября.
  13. Постников, Н. Он выходит с бойцами незримо в дозор... : [А. Завидов] / Н. Плотников // Заря. 2000. 22 января.
  14. Постников, Н. «И выходит незримо в дозор герой...» : [А. Завидов] / Н. Плотников // Вечерний Брест. 2000. 21 января. С. 8.
  15. Александров, К. Бюст Героя границы [А. Завидова открыт на родине – в г. Калинине] / К. Александров // Заря. 1985. 27 сентября.
  16. Комолов, А. Герои не умирают : [о пограничнике А. Завидове] / А. Комолов // Заря над Бугом. Брест, 1985. 17 сентября.
  17. Комолов, А. Поездка на родину Завидова / А. Комолов // Заря над Бугом. Брест, 1985. 22 июня.
  18. Комолов, А. Равнение на героя [А. Завидова] / А. Комолов // Заря. 1985. 14 марта.
  19. Комолов, А. С именем Завидова : [о погранзаставе им. А. Завидова] / А. Комолов // Заря над Бугом. Брест, 1981. 9 мая.
  20. Малашевский, В. Подвиг Александра Завидова // В. Малашевский, А. Припотнев // Заря. 1978. 7 июля.
  21. Комолов, А. Подвигу жить в веках : [о пограничнике А. Завидовае] / А. Комолов // Заря над Бугом. Брест, 1976. 21 февраля.
  22. Комолов, А. Земляки Завидова продолжают традиции / А. Комолов // Заря над Бугом. Брест, 1966. 22 января.
  23. Дащинский, И. Застава, в ружьё! : [о пограничнике А. Завидовае] / И. Дащинский // Знамя юности. 1965. 24 декабря.
  24. Боровиков, Н. Часовые Родины стоят : [о пограничнике А. Завидовае] / Н. Боровиков // Знамя юности. 1964. 7 февраля.
  25. Фрейдин, В. Митинг на заставе [в память А. Завидова] / В. Фрейдин // Заря. 1960. 24 января.
  26. Войкаў, В. За шчасце Радзімы : [пра подзвіг А. Завідава] / В. Войкаў // Зара. 1960. 24 студзеня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 198 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Люты 2023 11:23