Серада, 08 Май 2013 10:57

26 мая 2013 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Сяргея Гаўрылавіча Харашаўцава (1958), мастака, педагога

Сяргей Гаўрылавіч Харашаўцаў нарадзіўся 26 мая 1958 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. З дзяцінства любіў маляваць, як і яго брат-блізнюк Аляксандр.

{gcontent}Некалькi гадоў яны займаліся ў дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Цырліна. Першыя работы Сяргея былі адзначаны на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выставах дзіцячага малюнка. Гэта і вызначыла выбар будучай прафесіі.

Пасля заканчэння СШ № 7 г. Баранавiчы Сяргей паступіў ў Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Настаўнікам
С. Харашаўцава быў Фелікс Фёдаравіч Гумен, вядомы беларускі графік. Брат Аляксандр таксама закончыў Віцебскі інстытут, стаў настаўнікам чарчэння i малявання ў адной з баранавіцкіх школ.

У 1984 годзе малады спецыяліст Сяргей Харашаўцаў па размеркаванню прыехаў у Пінск працаваць выкладчыкам у педагагічным вучылішчы. З 1988 года стаў выкладчыкам у дзіцячай школе выяўленчага мастацтва, якою кіраваў мастак-графік Яўген Шатохін. Тут у творчай атмасферы адбылося станаўленне маладога мастака як прафесійнага майстра. Палескія тэмы адлюстраваны ў серыях “Уходящие сёла”, “Мой горад Пінск”. Кастарофа на Чарнобыльскай АЭС і яе страшныя наступствы – у серыі “Рэха бяды”.

Сяргей Гаўрылавіч працуе ў станкавай графіцы і кніжнай ілюстрацыі, любімая тэхніка – акварэль. Асноўныя творы: серыі графічных лістоў “Знікаючыя вёскі”, “Час пустых забаў”, “Экалогія і мы”, “Краявіды майго дзяцінства”; ілюстрацыі да паэмы М. Гусоўскага “Песня пра зубра”.

З 1980 года С. Харашаўцаў актыўна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах у Пiнску, Брэсце, Вiцебску, Мiнску, Маскве, Польшчы. Адметнымі з’явіліся персанальныя выставы ў Пінску (1990, 1999, 2000). У 1998 годзе ў Баранавіцкім краязначым музеі была арганізавана сумесная выстава братоў Сяргея і Аляксандра Харашаўцавых. Удзельнiк мастацкiх пленэраў, у тым лiку рэспублiканскага пленэра, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Напалеона Орды, у Iванаўскiм раёне (2006).

Сведчанне прызнання дасягненняў С. Харашаўцава – прыняцце яго ў Беларускі саюз мастакоў у 1991 годзе. Стаў сябрам рэспубліканскага аб’яднання мастакоў “Пагоня”.

Творы мастака захоўваюцца ў Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеі, Музеі Беларускага Палесся (Пінск), Баранавіцкім краязнаўчым музеі, у прыватных калекцыях. Яго лінагравюру з выявай вуліцы Леніна у час летняга дажджу можна пабачыць у многіх хатніх інтэр’ерах пінскай інтэлігенцыі – як сімвал шанавання гісторыі старажытнага горада і таленту аўтара.

Сяргей Гаўрылавіч займаецца не толькі творчасцю. Сваім талентам ён імкнецца падзяліцца з падрастаючым пакаленнем – выкладае ў Пінскай дзіцячай школе выяўленчага мастацтва.

Талент С. Харашаўцава запатрабаваны ў розных сферах дзейнасці. Ён аўтар праекта інтэр’ера аднаго з лепшых рэстаранаў горада – “Пінская шляхта”. Канцэпцыю мастацкага афармлення пабудаваў на нацыянальных традыцыях пінскай зямлі, умела выкарыстаў сучасныя дызайнерскія рашэнні.

Чалавек з ўласным светапоглядам, з асаблівым адчуваннем навакольнага жыцця. Плённая творчасць Сяргея Харашаўцава – працяг яго “я”, зацвярджае прынцыпы высокай маральнасці і ўнутранай культуры ў служэнні нацыянальнаму мастацтву. Мастак увесь час ў творчым пошуку, эксперыментуе, шукае натхнення ў гісторыі свайго народа і горада, у якім жыве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы;

Сухапар Уладзімір Васільевіч, гал. бібліёграф Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

{/gcontent}

  1. Сяргей Харашаўцаў = Syarghei Kharashautsau : [“Жамчужына Палесся”] // Мастакі Брэстчыны = Artists of Brest region : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2010. С. 140–141.
  2. Сергей Хорошавцев : [“Сладость весенней зари”] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : А. Климов, 2002. С. 134–135.
  3. Харашаўцаў Сяргей Гаўрылавіч : [“Дзікія галубы” з серыі “Краявіды майго дзяцінства”] // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 558.
  4. Сергей Хорошавцев = Sergey Khorashavtsev : [“Последнее Болото” из серии “Эхо беды”] // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог / авт.-сост.: Б. Крепак, А. Грищук, М. Коньков. Минск : Хелмон, 1997. С. 104–105.
  5. Харашаўцаў Сяргей Гаўрылавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. Мінск, 2000. С. 621.
  6. Харашаўцаў Сяргей // Памяць : гiсторыка-дакументальная хронiка Пiнска. Мiнск : БЕЛТА, 1998. С. 508–509.
  7. Демид, И. Разноцветная палитра древнего Пинска : [о пинских художниках С. Хорошавцеве, Е. Шатохине, А. Шустермане, Д. Беляеве, Ж. Воробьевой, С. Жилевиче, Н. Козловском] / Инна Демид // Нёман. 2007. № 8. С. 158–165. Из содерж.: Диалог со временем : [Сергей Хорошавцев]. – С. 163.
  8. Ильенков, В. Диалог со временем : [о выставке графики С. Хорошавцева в Музее Белорусского Полесья] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 1999. 14 мая. С. 6.
  9. Мароз, П. I радуюць, і хвалююць : [пра выставу жывапісу Сяргея і Аляксандра Харашаўцавых у Баранавіцкім краязнаўчым музеі] / П. Мароз // Народная трыбуна. 1998. 12 снеж.
  10. Станюк, И. Родство душ, родство талантов : [о выставке произведнений Сергея и Александра Хорошавцевых в Барановичском краеведческом музее] / И. Станюк // Наш край (Барановичи). 1998. 24 нояб. С. 1.
  11. Хорошавцев, С. Графика : каталог / Сергей Хорошавцев ; вступ. ст. С. Толкачева. Пинск, 1989.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2324 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:08