Чацвер, 01 Жнівень 2013 10:48

1 жніўня 2013 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Грынчыка (1923–1999), літаратуразнаўцы, крытыка, фалькларыста, педагога, даследчыка, заслужанага дзеяча навукі Беларусі

Грынчык Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся 1 жніўня 1923 года ў мястэчку Быцень Слонімскага павета (цяпер вёска Быцень Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласцi) ў вялікай сялянскай сям’і.

{gcontent}Пачатковую адукацыю атрымаў у Быценскай польскай школе, як лепшага вучня яго за казённы кошт паслалі вучыцца ў Варшаву. Пасля далучэння да БССР два няпоўныя гады вучыўся ў Слонімскай беларускай школе № 1, а затым перавёўся ў Косаўскую сярэднюю школу.

На пачатку Вялiкай Айчыннай вайны Мікола прымкнуў да падпольных і партызанскіх груп. Восенню 1942 года выконваў даручэнні па зборы трафейнай зброі на берагах Шчары, зборы інфармацыі, агітацыйнай рабоце сярод насельніцтва. Камандаваннем атрада “Савецкая Беларусь”, што дыслацыраваўся ў Воўчых Норах, Мікола Грынчык быў скіраваны на разведвальную работу і выконваў баявыя даручэнні па сваёй партызанскай зоне (Слонім – Баранавічы – Косава).

Пасля вызвалення ў ліпені 1944 года быў абраны сакратаром Быценскага сельскага Савета, а затым добраахвотна пайшоў на фронт. Пад Варшавай атрымаў цяжкае раненне ў галаву і вярнуўся інвалідам I групы, усё жыццё насіў у галаве асколак нямецкага снарада. У канцы 1945 года працаваў пэўны час загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння Быценскага райвыканкама. У 1946 годзе здаў экстэрнам выпускныя экзамены ў Быценскай сярэдняй школе. У 1948 годзе паступіў на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння яго ў 1952 годзе атрымаў рэкамендацыю ў аспірантуру, аднак па матэрыяльных прычынах два гады працаваў у Вяліка-Бераставіцкай СШ Гродзенскай вобласці.

У 1954 годзе М. Грынчык паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР, а ў канцы 1958 года абараніў кандыдацкую дысертацыю. Па матэрыялах дысертацыі ў 1963 годзе выйшла манаграфія “Максім Багдановіч і народная паэзія”, якая стала першым сур’ёзным даследаваннем Мікалая Міхайлавіча. Навуковая дзейнасць захапіла маладога крытыка і літаратуразнаўца.

Калi быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957–1970), працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 1970) і загадчыкам кафедры літаратуры Мінскага інстытута культуры (з 1980), адначасова – галоўным рэдактарам міжведамаснага зборніка “Беларуская літаратура” (1973–1985), М. М. Грынчык актыўна выступаў у друку, займаўся праблемамі народнасці літаратуры, яе ўзаемасувязі з фальклорам, вывучаў творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова, П. Глебкі і іншых пісьменнікаў. Вынікам працы сталі кнігі “Аркадзь Куляшоў: крытыка-біяграфічны нарыс” (1964), “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (1969), “Шляхі беларускага вершаскладання” (1973). М. М. Грынчык – адзін з аўтараў кніг “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры” (1966), “История белорусской дооктябрьской литературы” (1977), падручнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры 1917–1940 гг.” (1981), “Гісторыя беларускай літаратуры. XIX – пачатак XX ст.” (1982) і “Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд” (1985).

Плённая навуковая дзейнасць нашага земляка была высока ацэнена ў рэспубліцы. Мікалай Міхайлавіч Грынчык – доктар філалагічных навук (1970), прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1977), узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ст. і медалямі.

У 1971 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР, а адным з тых, хто даў яму рэкамендацыю, быў Уладзімір Караткевіч (1930–1984). Яны сябравалі, Уладзімір Сямёнавіч прыязджаў да Мікалая Міхайлавіча ў Быцень, прысвяціў вершы яму і яго жонцы Любові Аляксееўне.

Дзесяць гадоў працы на кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта былі найбольш плённымі. Мікалай Міхайлавіч быў першым сярод выкладчыкаў ГДУ, які абараніў доктарскую дысертацыю.
М. М. Грынчык стварыў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклору. Рэгулярна пад яго кіраўніцтвам праводзіліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальтнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры. Даследаваў спецыфіку фальклору Гомельшчыны. Заснаваная ім навукова-педагагічная школа “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце” і сёння працягвае сваю дзейнасць.

У 1980–1983 гадах М. М. Грынчык узначальваў кафедру беларускай літаратуры Мінскага інстытута культуры.

Мікалай Міхайлавіч Грынчык памёр 12 кастрычніка 1999 года. Пахаваны ў роднай вёсцы.

У Быцені вуліца навана імянем Міколы Грынчыка. На доме, дзе ён жыў у в. Быцень, 1 жніўня 2003 года ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка. На адкрыцці прысутнічалі жонка Любоў Аляксееўна і сын Мікалай Мікалаевіч, доктар фізіка-матэматычных навук. У краязнаўчым музеі Быценскай СШ сабраны матэрыялы аб жыцці і дзейнасці навукоўцы-земляка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Лось Вікторыя Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Працы М. М. Грынчыка

  1. Гiсторыя беларускай лiтаратуры. Старажытны перыяд : вучэб. дапам. для фiлал. фак. пед. ВНУ / М. М. Грынчык, У. А. Калеснiк,
    У. Г. Кароткi i iнш. 4 выд., стэрэатып. Мінск : Вышэйшая школа, 1998. 351 с.
  2. Да пытання аб этнічным субстраце старажытнага славянскага пісьменства / М. М. Грынчык // Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, прысвечаныя Міжнароднаму дню славянскага пісьменства і культуры. Мінск, 23 мая 1997 г. / Беларускі ўніверсітэт культуры. Мінск, 1998.
    С. 93–95.
  3. Памяці паэта – партызана : [аб партызанскім паэце В. В. Галаднове] / М. Грынчык // Івацэвіцкі веснік. 1997. 29 сак. С. 2.
  4. Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур / Н. М. Гринчик // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Минск : Наука и техника, 1985.
    С. 429–431.
  5. «Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу / М. М. Грынчык // Беларуская літаратура : зборнiк. Мінск, 1982. Вып. 10.
    С. 3–13.
  6. Шляхі беларускага вершаскладання / М. М. Грынчык. Мінск : Выдавецтва БДУ, 1973. 263 с.
  7. Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии: автореферат монографии на соискание ученой степени доктора филологических наук : специальность 642 Литература народов СССР / Н. М. Гринчик. Минск, 1970. 65 с.
  8. Фальклорныя традыцыi ў беларускай дакастрычнiцкай паэзii /
    М. М. Грынчык / АН БССР, Iнстытут лiтаратуры iмя Я. Купалы. Мінск : Навука i тэхнiка, 1969. 295 с.
  9. Аркадзь Куляшоў : крытыка-бiяграфічны нарыс / М. М. Грынчык. Мінск : Беларусь, 1964. 158 с.
  10. Максiм Багдановiч i народная паэзiя / М. М. Грынчык. Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1963. 211 с.
  11. “Бяседная” : [пра верш Максіма Багдановіча] / М. М. Грынчык // ЛіМ. 2011. 2 снеж (№ 48). С. 21.
  12. М. Богданович и белорусский фольклор: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук /
    Н. М. Гринчик. Минск, 1958. 19 с.

 

Аб жыццi i творчасцi М. М. Грынчыка

  1. Грынчык Мікола // Максім Багдановіч : энцыклапедыя. Мінск, 2011. С. 182.
  2. Мікола Грынчык // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад.
    А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 260–261.
  3. Гринчик Микола // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 213–214.
  4. Адамовіч, Я. Моцны духам і словам : да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Грынчыка / Яўген Адамовіч // Роднае слова. 2003. № 7. С. 10–13.
  5. 5. Ён умеў спагадзіць : [80 год з дня нараджэння М. М. Грынчыка] // ЛіМ. 2003. 15 жн. (№ 33). С. 14.
  6. Мікола Грынчык : [некралог] // ЛiМ. 1999. 15 кастр. (№ 41). С. 15.
  7. Грынчык Мікола // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭн, 1997. Т. 5. С. 484.
  8. Грынчык Мікола // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1993. Т. 2. С. 268–270.
  9. Мароз, В. Памяці М. М. Грынчыка : [пра мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў пісьменнік, літаратуразнаўца] / Вікенцій Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 1 жн. С. 2.
  10. Мароз, В. Быценцы шануюць сваіх знакамітых землякоў : [пра ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі дзеячу навукі
    М. М. Грынчыку ў в. Быцень] / Вікенцій Мороз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 8 жн. С. 2.
  11. Радзюк, Р. УБыцені друкавалася “Слово о полку Игореве”? : [пра
    М. М. Грынчыка, заслужанага дзеяча навукі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі] / Р. Радзюк // Івацэвіцкі веснік. 1999. 20 кастр.
  12. 12. Мікола Грынчык // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 446–447.
  13. Мікалай Міхайлавіч Грынчык : бібліяграфічны паказальнік : (да 70-годдзя з дня нараджэння) / Беларускі ўніверсітэт культуры. Бібліятэка ; склад. Т. А. Самайлюк. Мінск, 1993. 35 с. : 1 л. партр. (Дзеячы навукі і культуры Беларусі).
  14. Бугаёў, Д. Мікола Грынчык : (да 70-годдзя беларускага літаратуразнаўцы і крытыка) / Дзмітрый Бугаёў // Роднае слова. 1993. № 8. С. 56–57.
  15. Піскун, Л. Пад шчаслівай зоркай : да 60-годдзя з дня нараджэння
    М. Грынчыка / Л. Піскун // Кастрычнік (Івацэвічы). 1983. 30 ліп.
  16. Шапран, С. “Ад усёй душы…” : пісьменніцкія бласлаўленні Уладзіміра Караткевіча / Сяргей Шапран // Дзеяслоў. 2011. № 1.
    С. 212–218. – Са зместу: рэкамендацыя для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, дадзеная М. М. Грынчыку.
  17. Караткевіч, У. “Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай…” : (Міколу Грынчыку) : [верш] // Караткевіч, У. Мая Іліяда / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1969; Караткевіч, У. Збор твораў : у 8 т. / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1987. Т. 1. С. 232.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2107 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Красавік 2021 10:27