Чацвер, 05 Верасень 2013 16:26

21 верасня 2013 г. – 60 гадоў з часу заснавання Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першачарговай жыццёва важнай задачай стала адраджэнне зруйнаванай акупантамі народнай гаспадаркі.

{gcontent}Для гэтага ў раённых цэнтрах сталі стварацца навучальныя ўстановы сярэдняй кваліфікацыі, якія павінны былі стаць непасрэднымі арганізатарамі сельскагаспадарчай вытворчасці.

18 ліпеня 1953 года Савет Міністраў БССР звярнуўся з просьбай да Савета Міністраў СССР аб арганізацыі ў Брэсцкай вобласці Пружанскага тэхнікума механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі з кантынгентам набору са 120 чалавек на базе жылых і вытворчых пабудоў, якія належалі вайсковай часці. 4 верасня 1953 года СМ СССР сваім загадам № 641 задаволіў просьбу.

З 8 верасня 1953 года да выканання сваіх службовых абавязкаў прыступіў першы дырэктар тэхнікума Міхаіл Сцяпанавіч Сянчук. Акадэмічныя заняткі пачаліся з 5 кастрычніка ў аднапавярховым будынку былога штаба 33-га знішчальнага авіяцыйнага палка па вуліцы Чырвонаармейскай.

Ветэран тэхнікума Вячаслаў Андрэевіч Гаўрыловіч так успамінае тыя часы: “Заняткі ў тэхнікуме вяліся ў чатырох аўдыторыях. Жылі навучэнцы ў чатырох невялікіх будынках інтэрната на тэрыторыі каледжа. У гаспадарцы было 183 гектары зямлі, адзін аўтамабіль “ЗІС–5” пасля капітальнага рамонту і трактар “Універсал–2”. Заняткі праводзілі 10 выкладчыкаў. Пачыналі з чатырох груп, па 30 чалавек у кожнай”.

У верасні 1955 года з тэхнікумам была аб’яднана Пружанская аднагадовая сельгасшкола, якая была адкрыта ў 1948 годзе для падрыхтоўкі паляводаў, жывёлаводаў і малодшых ветфельчараў.

Тэарытычныя веды сумяшчаліся з працай у вучэбнай гаспадарцы, з чэрвеня 1956 года пачалася вытворчая практыка ў вобласці. З 1956 года ў час вытворчай практыкі навучэнцы ездзілі на цаліну.

Першы выпуск адбыўся ў 1957 годзе. Тады ж было адкрыта завочнае аддзяленне. У 1950-я гады была закладзена трывалая аснова для развіцця навучальнай установы. Не менш насычанымі былі 1960-я гады. У 1960 годзе адкрываецца аддзяленне аграноміі, у 1963-м – аддзяленне электрафікацыі сельскай гаспадаркі і аддзяленне механізацыі і электрафікацыі жывёлагадоўлі.

Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак БССР ад 30 лістапада 1964 года Пружанскі тэхнікум механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі пераўтвораны ў саўгас-тэхнікум, загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і хачавання БССР ад 29 лютага 1966 года № 62 рэарганізаваны ў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Загадам ад 27 снежня 2000 года № 504 перайменаваны ва ўстанову адукацыі “Пружанскі аграрнатэхнічны каледж”. 22 студзеня 2004 года перайменаваны ва ўстанову адукацыі “Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”.

У 1971 годзе у Маскве на Усесаюзнай нарадзе кіраўнікоў саўгас-тэхнікумаў Пружанскі тэхнікум быў прызнаны адным з лепшых у БССР.

Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж узначальвалі: Міхаіл Сцяпанавіч Сянчук, Іван Антонавіч Касцоў, Васіль Іванавіч Борыс, Сяргей Фёдаравіч Ушакоў, Уладзімір Міхайлавіч Тур. З 2010 года дырэктарам працуе Станіслаў Мечыслававіч Козел.

Значны след у гісторыі каледжа пакінуў М. А. Шульман (1928–1998). Пад яго кіраўніцтвам у чэрвені 1974 года быў адкрыты для наведвальнікаў першы музей саўгаса-тэхнікума “Музей баявой славы”. У 1975 годзе музей займае першае месца сярод грамадскіх музеяў СССР. А ў 1979 годзе музею Пружанскага саўгас-тэхнікума першым у БССР было прысвоена высокае званне “народны”.

Сёння Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж – адзін з вядучых у Беларусі па падрыхтоўцы спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Ён рыхтуе аграномаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (2012/13 навучальнага года): аграномія, тэхнічнае забеспячэне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энэргетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для вучобы, быту і адпачынку навучэнцаў. Каледж мае вучэбна-вытворчыя памяшканні агульнай плошчай 13727 м2. Працуюць 35 лабараторый, 26 кабінетаў, аўтадром, калекцыённа-вопытнае поле, вучэбныя майстэрні, склад ГСМ,аўтагараж, пункт тэхнічнага абслугоўвання, 4 інтэрнаты, бібліятэка, медпункт і сталовая.

Тэарэтычная падрыхтоўка навучэнцаў ажыццяўляецца ў трох вучэбных карпусах, лабараторным і лабараторна-практычным карпусах. Навучэнцы замацоўваюць веды на практычных занятках у вучэбных майстэрнях і гаспадарках. Функцыяніруе абсталяваны аўтадром для падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорый В, С і трактарыстаў катэгорый А, В, D, Е.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 {/gcontent}

  1. Пружанский государственный аграрно-технический колледж : [история, 1953–2008 гг.] / Г. А. Лавринович, А. П. Астраускас, С. Ю. Демидов. Брест : Брестская типография, 2008. 21 с.
  2. Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 279.
  3. Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 49.
  4. Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 311.
  5. Бадзіч, М. Мы былі першымі : аддзяленне аграноміі сустракала сваіх выпускнікоў / М. Бадзіч // Раённыя будні (Пружаны). 2010. 1 снеж.
  6. Каляда, Г. На старт з каледжа : [славутыя выпускнікі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа] / аўтар матэрыялу Галіна Каляда // Раённыя будні (Пружаны). 2008. 2 жн. С. 10
  7. Тур, У. М. Шлях, якім можна ганарыцца : [гутарка з дырэктарам Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа да 55-годдзя ўстановы] / Уладзімір Міхайлавіч Тур ; гутарыла Галіна Каляда // Раённыя будні (Пружаны). 2008. 20 снеж. С. 8–9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1715 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:49