Серада, 19 Сакавік 2014 17:29

24 верасня 2013 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Юзафа Эдварда Пузыны (1878–1949), гісторыка, пісьменніка

Юзаф Эдвард Пузына нарадзіўся 24 верасня 1878 года ў маёнтку Грымяча (цяпер вёска Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Уладальнікам маёнтка ў другой палове XIX ст. быў яго бацька, князь Юзаф Адольф Пузына (1846–1914), прадстаўнік аднаго са старажытных родаў Вялікага Княства Літоўскага. Маці яго была Марыя Тэкля Жазефіна (Акветка-Шышла) (1858–1933).

 

У Грымячы над рэчкай Пульва прайшло дзяцінства Эдварда. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Варшаве: закончыў гімназію ў 1898 годзе. Яшчэ ў час навучання ў гімназіі Эдвард цікавіўся гісторыяй і літаратурай. Для паглыблення сваіх ведаў у гэтых галінах ён паехаў у Швейцарыю. Вучыўся ў Фрынбурскім універсітэце, дзе атрымаў вучоную ступень доктара філасофіі.

У Швейцарыі ў 1904 годзе Эдвард Пузына ажаніўся на Аляксандры Марыi Адэлі Храпавіцкай (1982–1941), якая таксама была гісторыкам, пісьменніцай і паэткай. У іх былі сыны Юзаф Уладзімір (1904–1966), Кшыштаф Юзаф (1908–1938) i дочкі Марыя Жазефіна (1905–1980), Аляксандра Марыя (1917–1966). Пасля бацькавай смерці Эдвард Пузына стаў ўладальнікам Грымячы да яго продажу ў 1933 годзе.

Навуковыя зацікаўленні Эдварда Пузыны былі звязаны з геральдыкай. Ён даследаваў паходжанне і палітычную ролю князёў Вялікага Княства Літоўскага. Навуковая гіпотэза Э. Пузыны выклікала шырокі розгалас сярод вучоных і прынесла яму еўрапейскую вядомасць. На пачатак XX ст. прыпадае актыўная літаратурная творчасць пісьменніка. У гэты час у розных варшаўскіх выданнях апублікаваны яго першыя вершы. Пазней звяртаўся і да прозы. У 1905 годзе выйшаў першы зборнік лірычных вершаў Эдварда Пузыны “Даўней”, у якім дамінавалі праблемы, характэрныя для юнацтва.

У час Першай сусветнай вайны Эдвард Пузына працаваў у Цэнтральным польскім агенцтве ў Лазанне, а пазней – у Польскім Народным Камітэце. Вайна актывізавала творчую дзейнасць пісьменніка. Выходзяць яго патрыятычныя творы: “Паэма сённяшняга дня”, “З пылам брацкая кроў”, “Кракаўскае вяселле” і інш. Эдвард Пузына прадоўжыў класічныя традыцыі польскай рамантычнай паэзіі.

У 1919 годзе Эдвард вярнуўся ў Варшаву і працаваў у Міністэрстве замежных спраў. Кар’ера чыноўніка яго не задавальняла. Пісьменнік пачаў выдаваць напаўафіцыйны часопіс “Меssager Роlоnаіs” (1925), з’яўляючыся яго рэдактарам. Быў членам рэдкалегіі “Геральдычнага штомесячніка”, працягваў працу, звязаную з вывучэннем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1922 годзе Эдвард Пузына апублікаваў у Варшаве том сваіх вершаў “Па дарозе”, у які ўвайшлі творы, напісаныя ў 1895–1921 гадах.

У пачатку 1930-х гадоў Эдвард Пузына прадаў маёнтак Грымяча. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1933 годзе пераехаў у Вялікую Бераставіцу пад Гародняй і цалкам аддаўся навуковай і літаратурнай дзейнасці: пісаў вершы і прозу, шмат перакладаў, асабліва французскіх аўтараў. Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей.

Другая сусветная вайна застала пісьменніка ў Варшаве, дзе ён і перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. У 1944 годзе працаваў у Чанхстахове кіраўніком аддзела культуры магістрата. Эдвард Пузына ўзяўся за напісанне мемуараў, прысвечаных пісьменніцы Марыі Радзевіч (1864–1944). Кніга “Мае ўспаміны пра Радзевіч” была апошняй у творчай біяграфіі Эдварда Пузыны.

Юзаф Эдвард Пузына памёр 20 студзеня 1949 года ў Чанхстахове, там і пахаваны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф, Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф 1 кат.

 

1.     Пузына Юзеф Эдвард // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. Минск, 2009. Кн. 2. С. 292.

2.     Пузына Юзаф Эдвард // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2 выд. Мінск, 2006. Т. 2. С. 474.

3.     Пузына Юзаф Эдвард // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мiнск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 5.

4.     Пузыны // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 13. С. 118.

5.     Эдвард Пузына // Літаратурная карта Берасцешчыны / укл.
А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня, 2008. С. 294–295.

6.     Грымяча // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 173–174.

7.     Ляшук, В. Я. Літаратурная ніва Камянеччыны / В. Я. Ляшук // Камянецкія чытанні : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. (Камянец, 4 верас. 2005 г.). Мінск, 2006.
С. 40–48.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1477 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 14:59