Аўторак, 13 Май 2014 14:54

2014 г. – 425 гадоў з часу атрымання (1589) г. Пружаны граматы на Магдэбургскае права

Пружаны – цэнтр Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, горад вядомы з 1487 года пад назвай Дабучын (с канца ХVI ст. – Пружаны).

З 1532 года мястэчка Дабучын Кобрынскага павета належалі каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорца. Пасля ад’езду Боны Сфорца ў Італію (1556), яе ўладанні былі вернуты ў склад дзяржаўных зямель, кіруемых каралём Жыгімонтам ІІ Аўгустам, а частка з іх (у т.л. Пружаны) перайшлі да Ганны Ягелонкі (1526–1596), дачкі Боны і сястры Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Права Ганны Ягелонкі на Пружаны зноў было пацверджана прывілеем караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587–1632), сына шведскага караля Юхана ІІІ Вазы і Катажыны Польскай (сястры Ганны). Пры Ганне Ягелонцы горад атрымаў новы стымул для развіцця – каралева дазволіла праводзіць два кірмашы ў храмавыя святы – дні Святога Духа і Спаса. Святару было дазволена гатаваць медавуху, продажам якой займаўся царкоўны стараста. Горад стаў цэнтрам кафляной вытворчасці і выпуску чорнага глінянага посуду. На вываз таксама ішлі воск і футра.

Ганна Ягелонка была зацікаўлена ў пашырэнні рамяства і гандлю сярод мясцовага насельніцтва, што павялічвала падатковыя паступленні. Па яе хадайніцтву кароль Жыгімонт III Ваза 6 мая 1589 года даў грамату жыхарам Пружан на магдэбургскае права “на вечныя часы”. Кароль падараваў Пружанам гербавую пячатку, якая сведчыла аб прызнанні правоў пружанцаў на самакіраванне, дазваляла гораду без умяшальніцтва пасрэднікаў ажыццяўляць маёмасныя адносіны паміж гараджанамі, з жыхарамі іншых паселішчаў. Абавязковым атрыбутам горада з магдэбургскім правам стаў герб, які змяшчаўся на пячатцы: “у сярэбраным полі звілісты блакітны вуж з залатой каронай на галаве, з пашчы якога відаць напалову заглынутае дзіця”.

Магдэбургскае права давала гораду судовую незалежнасць, падатковыя ільготы, права валодання зямлёй, ільготы ў рамеснай і гандлёвай дзейнасці, вызваляла ад ваеннай павіннасці, дазваляла секчы дрэвы на будоўлю, лавіць рыбу.

Аднак гараджане мелі і абавязкі. Кожны гарэлачны, мядовы і піўны шынок плаціў у дзяржаўны скарб адну копу літоўскіх грошай (капчызну), а за права гандлю гарэлкай горад плаціў асобны падатак – 100 злотых. Усе казённыяпадаткі збіраліся войтам і адсылаліся ў дзень Святога Марціна ў Кобрынскую эканомію – феадальнае ўладанне, якое задавальняла патрэбы вялікага князя і яго двара. Гараджане абавязаны былі выконваць падводную павіннасць – прадастаўляць па загаду магістрата ці службовых асоб падводы.

Кіраваць Пружанамі стаў магістрат, якія складаўся з “рады” і “лавы”; узначальваў магістрат войт. Войт прадстаўляў цэнтральную дзяржаўную ўладу і назначаўся на пост вялікім князем. Яму належала вышэйшая заканадаўчая ўлада ў горадзе. Рада (саветнікі-радцы) была выбарным органам гараджан і выконвала функцыі прадстаўнічай улады. Кіраўніком выканаўчай улады быў бургамістр, якога на пост назначаў войт, але з ліку некалькіх кандыдатур (радцаў), што выбіраліся радай. Лава (лаўнікі-засядацелі) – судовы орган. Войт звычайна быў буйным шляхціцам. У Пружанах першым войтам прызначылі шляхціца Барталамея Мазавецкага, у якім бачылі чалавека з вялікімі здольнасцямі.

Польскі ўрад прадаставіў войту поўную ўладу над гараджанамі, безапеляцыйнае права на пакаранне смерцю, ад лёгкай да самай цяжкай.

У горадзе былі ўстаноўлены яткі, або крамы (пазней яткамі называліся мясныя рады), гандлёвыя дні, вагі, мера. Даходы з гэтых крыніц ішлі на добраўпарадкаванне горада. Звычай дазваляў наглядчыкам пры гарадскіх варотах збіраць з сялян падаткі: падушныя, памерныя, лапаткавыя (з кожнай рыдлёўкі) і іншыя. Даходы гэтыя ішлі ў гарадскую казну.

Аднак гарадское права распаўсюджвалася не на ўсіх жыхароў. У гарадах існавалі так званыя юрыдыкі – месцы, дзе пражывалі шляхціцы ці святары са сваімі прыгоннымі сялянамі. Такія людзі падначальваліся толькі свайму гаспадару. Юрыдыка ў Пружанах змяшчалася ўздоўж сучаснай вул. Тармасава. Асаблівае становішча займалі яўрэі, якія пражывалі ў асобнай частцы горада сваёй абшчынай – кагалам. Распараджэнні магістрату яны выконвалі, а суд вяршылі на аснове свайго звычаёвага права.

Кагал нёс адказнасць перад уладамі за сваіх членаў, плаціў падаткі, сачыў за дастойнымі паводзінамі суайчыннікаў, забяспечваў рэлігійнай літаратурай, ажыццяўляў кантроль над сінагогай, вёў нагляд за хворымі і наймаў лекараў, бабак-павітух, меў свае могілкі (рэшткі знаходзяцца на вул. Горына-Каляды). Кагалы ВКЛ падпарадкоўваліся больш высокай інстанцыі – Вааду. Пружанскі кагал падпарадкоўваўся Берасцейскаму Вааду. Сходы Ваада праходзілі ў розных гарадах. Напрыклад, у 1623 годзе сесіія Ваада праходзіла ў Пружанах. Менавіта тут было прынята рашэнне заўсёды праводзіць сесіі ў Пружанах. Аднак гэтае рашэнне было парушана, у тым ліку з-за аб’ектыўных прычын (у сярэдзіне XVII ст. горад быў зруйнаваны). Ваад 1623 года ў Пружанах быў першым і апошнім. У 1644 годзе яўрэі ВКЛ атрымалі ад караля Уладзіслава IV (1632–1648) прывілей і дазвол сяліцца ў дзяржаве. Пружанскім яўрэям дазвалялася набываць дамы і пляцы на рынку, рабіць віно, варыць піва і мёд, весці гандаль, займацца рамяством, будаваць сінагогі і не плаціць некаторыя падаткі.

Але хутка эканамічны росквіт Пружан завяршыўся. Горад быў моцна разбураны падчас войнаў XVIIXVIIIстст.Пружаны перасталі прыносіць прыбытак і кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764–1795) ў 1776 годзе пазбавіў горад Магдэбургскага права. Кіраўніком горада стаў стараста, былі ўведзены павіннасці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Пружаны// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 4. Брестская область : в 2-х кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 288–290.

2.     Пружаны // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия. Мінск, 2009. С. 259–260.

3.     Пружаны // Вялікае Княства Літоўскае : энціклапедыя ў 2 т. 2 выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 466.

4.     Пружаны // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. С. 480–488.

5.     Пружаны // Туристические регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2008. С. 93.

6.     Пружаны // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 13. С. 50.

7.     Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск : БелЭн, 1992. С. 24.

8.     Цітоў, А. Пружаны / Анатоль Цітоў // Геральдыка беларускіх местаў (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Анатоль Цітоў. Мiнск, 1989. С. 220.

9.     Церахава, В. Пружаны. У складзе Рэчы Паспалітай : гістарычны нарыс / Вера Церахава // Раённыя будні (Пружаны). 2004. 27 сак. С. 3–4.

10.                       Церахава, В. Пружаны. Як фенікс, з попелу ўзнікаў : гістарычны нарыс / Вера Церахава // Раённыя будні (Пружаны). 2004. 10 крас. С. 3–4.

11.                       Корчак-Міхалеўскі, С. Бона Сфорца, каралева польская / С. Корчак-Міхалеўскі // Раённыя будні (Пружаны). 1994. 25 студз.

12.                       Міхалеўскі, Е. Герб мястэчка Пружана / Ежы Міхалеўскі // Раённыя будні (Пружаны). 1993. 15 крас.

13.                       Пракаповіч, Н. С. Пружаны : экскурс у гісторыю // Электронны рэсурс для настаўнікаў факультатыва “Мая Пружанская зямліца”. Пружаны, 2006.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1627 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Лістапад 2020 14:56