Серада, 10 Снежань 2014 10:12

18 жніўня 2014 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Валасевіча (1909–1941), удзельніка савецка-фінляндскай 1939–1940 гг. і Вялікай Айчыннай войнаў, Героя Савецкага Саюза (1940)

Іван Іванавіч Валасевіч нарадзіўся 18 жніўня 1909 года ў вёсцы Ціхны Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Першамайскага сельсавета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобалсці) у сям’і рабочых.

У час Першай сусветнай вайны сям’я Валасевічаў была ў бежанцах. У 1915 годзе выехала на тэрыторыю Расіі, апынулася на Кубані. Іван Валасевіч скончыў 7 класаў няпоўнай сярэдняй школы. Пачаў працаваць вучням токара, а затым токарам на заводзе. Ініцыятыўнага, стараннага, здольнага хлопца накіравалі на рабфак, пасля заканчэння якога накіравалі ў геолагаразведачны інстытут.

У 1931 годзе партарганізацыя інстытута накіравала Івана Валасевіча ў ваенную школу пілотаў імя А. Ф. Мянікова, якую ён паспяхова скончыў у 1932 годзе. Служыў на Чарнаморскім, а з 1937 года – Балтыйскім флатах. У 1939 годзе быў прызначаны памочнікам камандзіра эскадрыллі.

Ваенкам 13-ай асобнай знішчальнай авіяцыйнай эскадрыллі (61-я знішчальная авіяцыйная брыгада, ВПС Балтыйскага флоту) старшы палітрук І. І. Валасевіч падчас савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гадоў праявіў сябе бясстрашным лётчыкам і ўмелым палітработнікам. Здзейсніў 69 баявых вылетаў, збіў 4 самалёты, знішчыў 7 агнявых кропак праціўніка.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў 13-я АЗАЭ 61-й ЗАБ ВПС Балтыйскага флоту была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. За мужнасць, адвагу і геройства, праяўленыя ў барацьбе з фінамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавіка 1940 годаІ. І. Валасевіч удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».

У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у складзе 32-га знішчальнага авіяцыйнага палка, быў намеснікам камандзіра эскадрыллі. Са жніўня 1941 года – намеснік камандзіра 11-га знішчальнага авіяцыйнага палка ВПС Чарнаморскага флоту. 30 верасня 1941 года Іван Іванавіч Валасевіч загінуў пры выкананні баявога задання.

Імя героя носіць вуліцы ў пасёлку Нафтагорск Апшаронскага раёна Краснадарскага краю, ў г. Бярозе і ў в. Ціхны Бярозаўскага раёна. У 1975 годзе на радзіме ў в. Ціхны была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. В. С. Віскова, галоўны бібліёграф, К. А. Ляўковіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Валасевіч Іван Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 472.

  2. Мемориальная доска Волосевичу Ивану Ивановичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 129.

  3. Селеня, Е. В. Страницы пламенной жизни / Е. В. Селеня // Память : историко-документальная хроника Берёзовского района. Минск, 1987. С. 292–294.

  4. Герои Советского Союза : краткий биографический словарь / пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. Москва : Воениздат, 1987. Т. 1. С. 283.

  5. Волосевич Иван Иванович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 120.

  6. Золотые звезды политработников / сост. Ю. Е. Кузнецов. Курган : КВВПАУ, 1984.

  7. http://be.wikipedia.org/

  8. http://airaces.narod.ru/

  9. http://www.warheroes.ru/hero

  10. https://sites.google.com/site/pilotsbaltic

  11. http://letopisi.org/index.php

  12. http://enc-dic.com/enc_biography

 

Чытаць 1233 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:33