Аўторак, 20 Студзень 2015 15:46

15 лютага 2015 г. – з дня нараджэння Аляксея Фёдаравіча Наганава (1915, Ульянаўская вобл., Расія – 1941), удзельніка абароны Брэсцкай крэпасці (1941), кавалера ордэна Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна)

Аляксей Фёдаравич Наганаў нарадзіўся 15 лютага 1915 года ў вёсцы Красная Рака (цяпер у Старамайнскім раёне Ульянаўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1926 годзе яго бацькі ўступілі ў толькі што арганізаваны калгас.

Аляксей Наганаў у Чырвонай Арміі з 1937 года. Вучыўся на курсах камандзіраў, на курсах малодшых лейтэнантаў. У 1939–1940 гадах вучыўся ў Мінскім ваенна-пяхотным вучылішчы імя М. І. Калініна, якое закончыў з адзнакай. Лейтэнант А. Ф. Наганаў быў накіраваны ў якасці камандзіра ўзвода палкавой школы 333-га стралковага палка ў Брэсцкаю крэпасць.

Аляксей Наганаў быў жанаты і яны з жонкай Настассяй чакалі першае дзіця. Сям’я Наганавых у ліку васьмі сем’яў камандзіраў, у маі 1941 года атрымала жылы пакой у Цярэспальскай вежы.

22 чэрвеня 1941 года абаронцы крэпасці пасля першай шокавай разгубленасці і панікі хутка ўсвядомілі, што адбылося, і ўступілі ў няроўную бітву з ворагам. У Цытадэлі – самым буйным вузле абароны крэпасці – да канца дня вызначыліся асобныя ўчасткі абароны.

Арэнай жорскіх баёў з першых гадзін вайны стаў раён Цярэспальскай брамы. Пасля моцнай артпадрыхтоўкі фашысты на бронемашынах з-за Буга накіраваліся ў Цытадэль праз Цярэспальскую браму, аўтаматчыкі ­праз пантонныя масты і на надзіманых гумавых лодках.

У раёне Цярэспальскай брамы абарону ўзначалілі начальнік 9-й пагранзаставы А. М. Кіжаватаў, лейтэнанты А. Я. Патапаў і А. С. Санін, старшы лейтэнанты М. Г. Сямёнаў, камандзір 31-га аўтабата Я. Д. Мінакоў, воінамі 132-га батальёна камандаваў малодшы сяржант К. А. Новікаў.

Групу байцоў ў вежы Цярэспальскай брамы ўзначаліў лейтэнант А. Ф. Наганаў. У першы дзень вайны байцы адбілі не адну атаку праціўніка. Лейтэнант Аляксей Наганаў загінуў у баі ў той жа дзень.

Жонка А. Ф. Наганава Настасся Кандрацьеўна (1922–1991) у першыя дні вайны знаходзілася ў крэпасці, дапамагала даглядаць раненых. Калі выбралася з захопленай немцамі крэпасці, усю акупацыю пражыла ў сваіх бацькоў у Матыкалах каля Брэста. Праз тры месяцы пасля смерці мужа нарадзіла дачку Надзею Аляксееўну.

16 жніўня 1949 года воіны 137-га гвардзейскага мінамётнага палка праводзілі расчыстку завалаў на другім паверху вежы насупраць Цярэспальскай брамы. Пад бетонам на лествічнай пляцоўцы былі знойдзены астанкі чалавека ў ваеннай форме. Па гімнасцёрцы і дакументах, якія захаваліся ў кішэнях, было ўстаноўлена, што гэта Аляксей Фёдаравіч Наганаў. Астанкі былі захаваны на Гарнізонных могілках. У верасні 1971 годзе перанесены пад пліты некропаля мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Знойдзены на целе героя камсамольскі білет захоўваецца ў экспазіцыі Музея абароны Брэсцкай крэпасці.

Лейтэнант А. Ф. Наганаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна).

На сцяне Цярэспальскіх варот ў 1954 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка А. Ф. Наганаву (абноўлена ў 2006 г.). На вуліцы Наганава каля Палаца піянераў і школьнікаў (цяпер СШ № 9 г. Брэста) ў 1974 годзе пастаўлены помнік А. Ф. Наганаву (скульптар М. Манукян, Арменія). У глыбе граніту, замацаванай на прамакутным пастаменце, высечаны пагрудны партрэт героя. Бетонны пастамент апаясаны выкладзенай з цэглы лентай з паўцыркулярным завяршэннем, якое нагадвае своды казематаў Брэсцкай крэпасці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Наганаў Аляксей Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусмі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 267.

  2. Наганов Алексей Федорович // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 529–530.

  3. Наганов Алексей Фёдорович // Их именами названы… : энцикл. спр. Минск, 1987. С. 438–439.

  4. ВуліцаНаганава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 164.

  5. Памятник Наганову Алексею Фёдоровичу : [г. Брест] / Л. Г. Лапцевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 77–78.

  6. Мемориальнаядоска Наганову Алексею Фёдоровичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 57.

  7. Наганов Алексей Фёдорович ; Наганова улица ; Наганову А. Ф. памятник // Брест : энцикл. справочник. Минск : БелЭн, 1987. С. 278–279.

  8. Сарычев, В. Надя Наганова : [о жене и дочери А. Ф. Наганова] // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : книга третья / Василий Сарычев. Брест, 2009. С. 252–254.

  9. Лейтенант А. Ф. Наганов / авт. текста С. В. Бородовский. Минск, 1985. [1 л. буклет]. (Герои Брестской крепости).

  10. Кузнецов, А. Р. Тереспольские ворота : рассказ о герое Брестской эпопеи : [худож.-докум. очерк : для сред. и ст. шк. возраста] / Александр Родионович Кузнецов. Саратов : Приволжское кн. изд-во, 1984. 95 с. : ил.

  11. Кузняцоў, А. Р. Цярэспальскія вароты : нарыс пра Аляксея Наганава : для дзяцей сярэд. і ст. шк. узросту / Аляксандр Радзівонавіч Кузняцоў. Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. 95 с. : іл. (З арлінага племя).

  12. Павлова, Л. Здесь первый шаг свой сделала война… : [о новых мемориальных досках с барельефами А. Ф. Наганова и Е. М. Фомина в Брестской крепости] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. 18 мая (№ 20). С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 343 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Студзень 2015 15:47