Аўторак, 24 Люты 2015 13:08

16 лютага 2015 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сцяпанавіча Несцерука (1900–1991), ваеннага дзеяча, удзельніка Грамадзянскай, савецка-фінляндскай 1939–1940 гг. і Вялікай Айчыннай войнаў, генерал-маёра артылерыі, генерал-лейтэнанта артыл

Уладзімір Сцяпанавіч Несцярук нарадзіўся 16 лютага 1900 года ў вёсцы Бушмічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці).

 

Уладзімір Несцярук у сакавіку 1918 года ўступіў у рады Рабоча-сялянскай чырвонай арміі. Быў накіраваны ў Сахараўскі партызанскі атрад, у складзе якога чырвонаармейцам, потым камандзірам узвода прымаў удзел у баявых дзеяннях на Усходнім фронце.

У студзені 1919 года Уладзімір Несцярук быў назначаны на пасаду камандзіра ўзвода коннай сотні пры Харкаўскім надзвычайным камітэце, у ліпені – на пасаду камандзіра ўзвода ў складзе Мусульманскага палка. У лютым 1920 года У. С. Несцярук з’яўляецца справаводам інжынернага палка 22-й стралковай дывізіі 9-й арміі Каўказскага фронта, якая вяла баявыя дзеянні ў раёне станіц Азоўская і Ільінская пад Наварасійскам.

У ліпені 1920 года У. С. Несцярук накіраваны на вучобу на Краснадарскія камандныя курсы, пасля заканчэння якіх у маі 1922 года атрымаў пасаду камандзіра ўзвода гаўбічнага артылерыйскага дывізіёна 36-й стралковай дывізіі. З лістапада 1923 года У. С. Несцярук – камандзір узвода гаўбічнай артылерыйскай батарэі 84-га лёгкага артылерыйскага палка.

У кастрычніку 1925 года У. С. Несцярук накіраваны на вучобу на артылерыйскія курсы ўдасканальвання каманднага саставу, пасля якіх з 1927 года служыў у 84-м артылерыйскім палку Маскоўскай ваеннай акругі камандзірам батарэі, начальнікам палкавой школы і камандзірам дывізіёна.

З верасня 1931 года па май 1936 года У. С. Несцярук вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзе. Па яе заканчэнні быў назначаны на пасаду памочніка начальніка 1-га аддзялення 1-га аддзела штаба Ленінградскай ваеннай акругі, а ў жніўні 1939 года – начальнікам артылерыі 168-й стралковай дывізіі. У. С. Несцярук прымаў удзел у баявых дзеяннях савецка-фінляндскайвайны (1939–1940).

У маі 1940 года У. С. Несцярук быў назначаны на пасаду начальніка артылерыі 56-га стралковага корпуса, а ў сакавіку 1941 г. – на пасаду начальніка артылерыі 7-й арміі. У гэтым жа годзе ён скончыў вышэйшыя акадэмічныя курсы пры акадэміі Генштаба.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны У. С. Несцярук прымаў удзел у абарончых баявых дзеяннях на Карэльскім фронце. 3 мая 1942 года яму прысвоена званне генерал-маёр артылерыі. З 1943 года У. С. Несцярук на пасадзе намесніка камандуючага артылерыяй Бранскага фронта, з ліпеня 1943 года – камандуючы артылерыяй 3-й ударнай арміі, з сакавіка 1944 года – камандуючы артылерыяй 1-й ударнай арміі, з кастрычніка 1944 года – камандуючы артылерыяй 10-й гвардзейскай арміі. Знаходзячыся на гэтых пасадах, У. С. Несцярук прымаў удзел у баявых дзеяннях у ходзе Невельскай і Рыжскай наступальных аперацый, а таксама ў блакадзе групоўкі ворага ў Курляндыі (заходняя частка Латвіі). 22 жніўня 1944 года яму было прысвоена званне генерал-леётэнант артылерыі.

27 студзеня 1945 года генерал-лейтэнант У. С. Несцярук быў назначаны на пасаду камандзіра 2-га артылерыйскага корпуса прарыву і прымаў удзел у баявых дзеяннях у ходзе Балатонскай абарончай (6–15 сакавіка 1945 г.) і Венскай наступальнай (16 сакавіка – 15 красавіка 1945 г.) аперацый.

У верасні 1946 года У. С. Несцярук назначаны намеснікам камандуючага артылерыяй Беларускай ваеннай акругі, а ў сакавіку 1949 года – камандуючым артылерыяй Таўрычаскай ваеннай акругі.

3 студзеня 1956 года генерал-лейтэнант У. С. Несцярук выйшаў у запас.

За заслугі перад Радзімай У. С. Несцярук узнагароджаны ордэнам Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Багдана Хмяльніцкага І ступені, ордэнам Кутузава ІІ ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

Уладзімір Сцяпанавіч Несцярук памёр 5 лістапада 1991 года ў г. Сімферопалі (Крым).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

 

  1. Нестерук Владимир Степанович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 436.

  2. Несцярук Уладзімір Сцяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 299.

  3. Несцярук Уладзімір Сцяпанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 321.

  4. Нестерук Владимир Степанович // Регионы Беларуси: энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 140.

  5. Долготович, Б. Нестерук Владимир Степанович // Долготович, Б. Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Б. Долготович. Минск, 2005. С. 179.

  6. Великая Отечественная война : Комкоры : военный биографический словарь / под общ. ред. М. Г. Вожакина. Москва, 2006. Т. 2. С. 287–288.

  7. Нестерук Владимир Степанович // Википедия : свободная энциклопедия : [Электронный ресурс]. Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki/Нестерук,_Владимир_Степанович. Дата доступа: 28.01.2015.

Чытаць 1204 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Красавік 2020 11:19