Аўторак, 07 Красавік 2015 18:38

16 красавіка 2015 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Станіслава Іванавіча Яворскага (1915–1988), акцёра, заслужанага артыста Беларусі (1959)

Станіслаў Іванавіч Яворскі нарадзіўся 16 красавіка 1915 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст). Тэатральнаму мастацтву навучаўся ў студыі (мастацкі кіраўнік Леў Маркавіч Літвінаў) пры Беларускім першым дзяржаўным тэатры (БДТ-1), якую скончыў у 1938 годзе. Студыя дзейнічала ў 1936–1938 гадах, яе закончылі таксама народная артыстка СССР і БССР Галіна Кліменцьеўна Макарава, народны артыст БССР Сяргей Сцяпанавіч Бульчык і інш.

Пасля атрымання прафесіі акцёра Станіслаў Яворскі працаваў у БДТ-1, у 1939 годзе – у Заслаўскім калгасна-саўгасным драматычным таэтры. Тут ён іграў, напрыклад, ролі Маргуна і Шмігельскага ў п’есе Кандрата Крапівы “Партызаны”. У 1939–1941 гадах – у Пінскім абласным драматычным тэатры, які быў створаны на базе трупы Заслаўскага тэатра. За паўтары перадваенныя гады Пінскі тэатр паставіў 13 спектакляў.

Пасля вызвалення Палесся ад нямецка-фашыскіх захопнікаў у г. Мазыры аднавіў сваю дзейнасць Палескі абласны драматычны таэтр імя Янкі Купалы (жнівень 1944 г.). У склад трупы ўвайшлі акцёры з былога Пінскага тэатра – С. Яворскі, А. Яфрэменка, А. Гвоздзеў, М. Захарэвіч, А. Кашына, М. Масцераў і інш.

Са снежня 1945 года Станіслаў Яворскі – у Пінскім абласным драматычным тэатры, які аднавіў сваю дзейнасць. Узначаліў калектыў Васіль Васільевіч Пацехін (1906–1963). У 1949 годзе тэатрам быў пастаўлены спектакль на тэму Вялікай Айчыннай вайны “З народам” паводле п’есы Кандрата Крапівы (рэжысёр В. Пацехін). Найбольш псіхалагічна дакладнымі былі акцёры С. Бульчык, Т. Вольская, В. Окалаў і С. Яворскі (роля здрадніка Мігуцкага). Тры-чатыры месяцы за год тэатр гастраліраваў. Творчы энтузіязм трупы быў такі высокі, атмасфера ў калектыве настолькі прыязная, што ніхто не звяртаў увагу на пабытовыя цяжкасці, на цеснае тэатральнае памяшканне.

Больш за трыццаць гадоў (1954–1985) Станіслаў Іванавіч адслужыў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, які быў створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Новы тэатр узначальвалі галоўныя рэжысёры В. Шутаў (1955–1964), Б. Валадарскі (1964–1970), У. Караткевіч (1970–1975), Ю. Міроненка (1976–1978), Я. Вялкоў (1978–1981), В. Маслюк (1981–1983) і інш. Лепшыя пастаноўкі вызначаліся грамадскай значнасцю ўзнятых праблем і высокім мастацкім узроўнем, самабытнымі народнымі характарамі. Сярод вядучых акцёраў 1950-х гадоў можна назваць М. Цурбакова, С. Бульчыка, Е. Даніловіч і С. Яворскага. У 1957 годзе В. Д. Шутаў паставіў драму Канстанціна Губарэвіча “Галоўная стаўка”, вызначальную на многія гады ў рэпертуары тэатра. Роля імператара Мікалая ІІ была даручана С. Яворскаму.

Станіслаў Яворскі – акцёр характарнага плана. Сцэнічная выразнасць, дакладны малюнак ролі, мяккі гумар, шчырасць і прастата ўласцівы мастацтву С. Яворскага. Гледачы яго лічылі мяккім, абаяльным комікам. У 1959 годзе яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста БССР.

Найбольш поўна яго творчая індывідуальнасць выявілася ў беларускім рэпертуары: Левановіч і Нічыпар, Здаравеня (“Хто смяецца апошнім”, “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы), Быкоўскі (“Паўлінка” Я. Купалы), Калібераў (“Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка), Судзя (“Несцерка” В. Вольскага), фон Кубэ (“Гэта было ў Мінску” А. Кучара) у Пінскім тэатры; Глуздакоў (“Пад адным небам” А. Маўзона), Мікалай ІІ, Мікіта Сямёнавіч (“Галоўная стаўка”, “Даруй мне” К. Губарэвіча) у Магілёўскім тэатры.

З іншых роляў: Чыр (“Любоў Яравая” К. Транёва), Аркадзь (“Платон Крэчат” А. Карнейчука), Карандышаў (“Беспасажніца” А. Астроўскага), Лешч (“Апошнія” М. Горкага), патэр Сарыні (“Іспанцы” М. Лермантава) у Пінскім тэатры; Дульскі (“Мараль пані Дульскай” Г. Запольскай), Мікандр Радуткін (“Чалавек з партфелем” А. Файко), Лаўруха (“Трэцяя, патэтычная” М. Пагодзіна), Калакольнікаў (“Персанальная справа” А. Штэйна), клоун Бом (“Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе” Г. Баравіка) у Магілёўскім абласным драмтэатры.

Станіслаў Іванавіч Яворскі памёр 5 лютага 1988 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Яворский Станислав Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 704.

  2. Яворскі Станіслаў Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 228.

  3. Яворскі Станіслаў Іванавіч / А. П. Раеўскі// Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2003. Т. 2. С. 555.

  4. Яворскі Станіслаў Іванавіч / А. П. Раеўскі// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 676.

  5. Магілёўскі абласны драматычны тэатр // Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2003. Т. 2. С. 43–49.

  6. Наш драматычны / Т. Дз. Арлова, Г. І. Сяўковіч // Памяць. Магілёў : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 460–462.

  7. Магілёўскі абласны драматычны тэатр // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 356.

  8. Пінскі абласны драматычны тэатр // Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2003. Т. 2. С. 257–259.

  9. Пінскі абласны тэатр : ад Данілава да Акулава/ С. Шапіра// Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 525–526.

  10. Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. – Мінск : Навука і тэхніка, 1987. – Т. 3, кн. 1. Тэатр савецкай эпохі. 1945–1961. – 278 с. – Са зместу: С. Яворскі. – С. 138, 142–144, 146, 148, 216.

  11. Няфёд, УІ. Гісторыя беларускага тэатра / У. І. Няфёд. – Мінск : Вышэйшая школа, 1982. – 543 с. : іл. – Са зместу: С. Яворскі. – С. 238, 311, 380, 382, 384.

  12. Няфёд, У. Сучасны беларускі тэатр (1946–1959) / Уладзімір Няфёд. – Мінск, 1961. – 343 с. : [32] л. іл. – Са зместу: С. Яворскі. – С. 133.

  13. Няфёд, У. Беларускі тэатр : нарыс гісторыі / Уладзімір Няфёд. – Мінск, 1959. – 900 с. : іл. – Са зместу: С. Яворскі. – С. 298.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1204 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:02