Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:16

17 студзеня 2016 г. – 55 гадоў з пачатку дзейнасці (1961) Бярозаўскага камбіната сілікатных вырабаў

ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» заснаваны на базе Нова-Бярозаўскага вапнавага завода, які зяўляецца адным з першых прадпрыемстваў у г. Бяроза Брэсцкай вобласці.

У 1930 годзе прадпрымальнік Шапіра пабудаваў цэх па асадцы мелу, на яго здабычы і прамыванні працавала каля 50-ці чалавек. Вытворчасць мала чым адрознівалася ад сярэднявечнага промыслу, праца была цяжкай. У 1939 годзе завод быў нацыяналізаваны. Пачалося будаўніцтва крэйдава-вапнавага завода № 6. У 1940 годзе былі пабудаваны дзве падлогавыя печы для абпалу вапны па 100 м3 кожная, пачалося асваенне тэхналогіі вытворчасці вапны, пашырылася плошча кар’ера. У 1941 годзе Геалагічным кіраваннем БССР была пачата дэталёвая разведка месцанараджэння «Бяроза-Картузская», аднак скончыць яе перашкодзіла вайна.

Пасля вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі адноўлены і ўведзены ў дзеянне дзве падлогавыя печы. Завод пачаў даваць вапну і мел для будаўніцтва разбураных вайной гарадоў і вёсак краіны. У 1945 годзе па ініцыятыве Геалагічнага кіравання БССР была праведзена дэталёвая разведка, вынікам якой з’явіліся першыя сістэматызаваныя дадзеныя аб радовішчы мелу. Разведка праводзілася з мэтай падрыхтоўкі сыравіннай базы для будаўніцтва вапнавага завода праектнай магутнасцю 30 тыс. т паветранай вапны ў год.

У 1946–1948 гадах былі пабудаваныя яшчэ дзве падлогавыяпечы. Але фармоўка брыкетаў і абслугоўванне печаў заставаліся на нізкім тэхнічным узроўні. Працы вяліся сезонна, палівам служылі дровы і вугаль. У 1955–1957 гадах была праведзена рэканструкцыя падлогавых печаў з мэтай павелічэння аб’ёму і колькасці выпускаемай вапны.

Вельмі важным для далейшага развіцця эканомікі Бярозаўшчыны стаў 1958 год. Тады было пачата будаўніцтва Нова-Бярозаўскага вапнавага завода, які 17 студзеня 1961 года быў уведзены ў эксплуатацыю. Падлогавыя печы для абпалу вапны былі ліквідаваны, пачала працаваць сучасная круцельная печ памерам 2,7х50,6 м разліковай прадукцыйнасцю 75 тыс. т вапны ў год. Менавіта маштабная рэканструкцыя прадпрыемства паслужыла таму, што на Бярозаўшчыну прыйшоў прыродны газ. Ён быў падведзены да завода, які стаў першым газіфікаваным аб’ектам рэгіёна.

У 1962 годзе прадпрыемства, выкарыстоўваючы адну круцельную печ, вырабляла рознатыповую прадукцыю: вапну будаўнічую 1 і 2 гатункаў, вапнавую муку. З 1964 года пачалі выпускаць молатую вапну. У сакавіку 2009 года выпуск будаўнічай вапны быў спынены ў сувязі са зносам будынкаў і непрыдатнасцю іх да далейшай эксплуатацыі.

З 1974 па 1992 гады прадпрыемствам кіраваў Леанід Іванавіч Лаўроўскі, які ўнёс значны ўклад у яго развіццё. У 2008–2014 гадах дырэктарам камбіната працаваў Віктар Аляксеевіч Грышчук. Цяпер на пасадзе дырэктара Сяргей Васільевіч Белянка.

Загадам Міністэрства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў БССР 1 чэрвеня 1990 года на базе завода быў арганізаваны Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў. З гэтага часу камбінат вырабляў сценавыя блокі з ячэістага бетону з выкарыстаннем серыйнага камплекта абсталявання «Універсал-60» СМС-300 вытворчай магутнасцю 160 тыс. м3 у год.

Шырокамаштабная рэканструкцыя прадпрыемства, праведзеная кампаніяй «ТРАЙПЛ» у 2008 годзе, дазволіла наладзіць вытворчасць высакаякаснай прадукцыі, якая адпавядае ўсім сусветным стандартам. Па выніках дбайных даследаванняў і тэндэру, праведзенага сярод вядучых вытворцаў і пастаўшчыкоў абсталявання, былі закуплены высокатэхналагічныя лініі нямецкай фірмы «Masa-Henke» па вытворчасці газабетону і дэкаратыўных пліт брукавання.

ААТ «Бярозаўскі КСВ» сёння ўяўляе сабой цалкам аўтаматызаваную і камп’ютарызаваную вытворчасць, укамплектаваную найноўшай замежнай тэхнікай. Прадукцыя, якая выпускаецца на абсталяванні новага пакалення, адкрывае дадатковыя магчымасці для будаўніцтва і адказвае сучасным патрабаванням архітэктурна-праектных і будаўнічых арганізацый. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць 1200 мЗ газабетону і 1000 м2 дэкаратыўных пліт брукавання ў суткі. Акрамя высакаякасных будаўнічых блокаў выпускаецца новы прадукт – буйнафарматная тратуарная плітка, якая карыстаецца асаблівай папулярнасцю пры стварэнні ландшафтнага дызайну ў індывідуальным і малаэтажным домабудаванні.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Березовский комбинат силикатных изделий//Берёза и окрестности.Брест: ООО «Рекламно-информационное агенство «Вечерний Брест», 2010. С. 47.

  2. Березовский комбинат силикатных изделий// Регионы Беларуси: энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 98.

  3. Березовский комбинат силикатных изделий // Беларусь созидающая. Минск, 2010. Т. 2. C. 348–351.

  4. Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 411.

  5. Карпеш,Р. Высокие стандарты качества: [ОАО «Березовский комбинат силикатных изделий»] / Розалия Карпеш// Маяк (Берёза). 2012. 20 июня. С. 12.

  6. Карпеш, Р. Первое в ряду первых: [об истории Берёзовского комбината силикатных изделий] / Розалия Карпеш// Маяк (Берёза). 2015. 14 января. С.4.

  7. Карпеш, Р. Серебро рейтинга у КСИ: [ОАО «Березовский комбинат силикатных изделий» присуждено серебро международного союза национальных бизнес-рейтингов] / Розалия Карпеш // Маяк (Берёза). 2015. 12 декабря. С. 1.

  8. ОАО «Березовский комбинат силикатных изделий»// Память: ист.-докум. хроника Берёзовского района. 2-е изд., перераб. и доп. Минск: Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2014. С. 528–529.

  9. Ковальчук, Ф. Эксклюзив под мрамор : на Берёзовском КСИ первыми в Беларуси начали изготавливать бетонные плиты с оригинальной цветовой гаммой / Федор Ковальчук ; фото Александра Шульгача // Заря. 2015. 25 июля. С. 9.

  10. Рекуц,С. Силикатная долина / Сергей Рекуц // Заря. 2009. 7 апреля. C. 3.

  11. Березовский монолит// Народная газета. 2008. 22 кастрычніка. C.4.

  12. Суворов, В. Во главе угла качество / В. Суворов // Маяк (Берёза). 2010. 4 августа. C. 1.

  13. Суворов, В. Выйти на мировой уровень / В. Суворов // Маяк (Берёза). 2008. 10 сентября. C. 1–2.

  14. «Трайпл» владелец и инвестор: [новым владельцем ОАО «Березовский комбинат силикатных изделий» станет ООО «Трайпл»]// Белорусы и рынок. 2007. №47. С.12.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1184 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:37