Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:46

18 студзеня 2016 г. – 80 гадоў з дня нараджэння (1936) Васіля Сяргеевіча Сёмухі, перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа

Васіль Сяргеевіч Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 года на хутары Ясенец Пружанскага павета (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Сяргей Савіч Сёмуха, працаваў лесніком. Маці, Марыя Васільеўна, скончыла Пружанскую гімназію, добра ведала польскую, нямецкую, рускую мовы, ідыш.

У час Вялікай Айчыннай вайны хутар быў спалены фашыстамі. Бацькі былі арыштаваны за сувязь з партызанамі. Хлопчык некалькі дзён хаваўся пад ложкам, а пасля яго выратавала родная цётка, з якой ён жыў спачатку ў Смаляніцы, а затым – у Пружанах. Толькі пасля вайны юнак даведаўся пра лёс бацькоў: пасля здзекаў і допытаў у Пружанскай турме ў 1942 годзе яны былі расстраляныя ва ўрочышчы Слабудка. Гэтыя падзеі цяжка адбіліся на здароўі Васіля – ён доўга і цяжка хварэў.

У Пружанах Васіль Сёмуха закончыў СШ № 2 ў 1954 годзе і паехаў вучыцца на рамана-германскае аддзяленне філфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння МДУ працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве («Беларусь»; 1959–1964), інжынерам у сектары тэхнічнай інфармацыі (перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю) на Мінскім трактарным заводзе (1964–1965). Некаторы час выкладаў нямецкую мову ў сярэдніх школах Мінска (1966–1967), быў літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967–1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966–1970). У 1972–1997 гадах – рэдактар у рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1977 года ён сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Васіль Сёмуха – універсальны перакладчык еўрапейскага маштабу. Ён перакладае з нямецкай, латышскай, польскай, украінскай, іспанскай і іншых моў. Першы яго пераклад з’явіўся ў друку ў 1959 годзе ў часопісе «Маладосць» – апавяданне Э. Штрытматэра «З кнігі асабовых рахункаў».

Васіль Сяргеевіч выдаў вялікую колькасць кніг перакладаў, асабліва нямецкіх аўтараў. У яго перакладзе выйшлі: В. Брэдэль «Ад Эбра да Волгі» (1959), А. Рэн «Вайна без бітвы» (1962), Ё. В. Гётэ «Фаўст» (1976), Г. дэ Бройн «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г. Гофэ «Фінальны акорд» (з М. Навіцкім, 1979), Г. Фалада «Даўным-даўно ў нас дома...» (1981), Р. М. Рыльке «Санеты Арфею» (1982), Т. Ман «Доктар Фаўстус» (1989) і К. Маркса «Лірыка. 1836–1837» (1989), Г. Гесэ «Гульня школьных перлаў» (1992), паэма Ф. Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994). Адным з лепшых сваіх перакладаў прозы В. Сёмуха называе раман «Авантурнік Сімпліцысімус» Ганса Грымэльсгаўзэна.

В. Сёмуха пераклаў творы польскіх паэтаў: Ю. Тувіма «Польскія кветкі» (1984), творы М. Канапніцкай, А. Каспровіча, А. Міцкевіча, Ю. І. Крашэўскага. З латышскіх – В. Бэлшавіца «Белы алень» (1985), Я. Райніс «Агонь і ноч» (1988), В. Лаціс, А. Клявіс і інш.

У 1976 годзе выйшаў у свет «Фаўст» Ё. В. Гётэ ў перакладзе В. Сёмухі. Потым на працягу многіх гадоў ён бясконца працуе над удасканальваннем свайго перакладу (пра гэта сведчыць яго новая рэдакцыя, ўключаная ў том «Выбраных твораў» Ё. В. Гётэ, што выйшаў у 1999 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор».

У 1986 годзе выйшла яго кніга выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух», куды ўвайшлі пераклады лірыкі з нямецкай, польскай аўстрыйскай і латышскай моў. Найбольш удалым сярод паэтычных твораў Васіль Сяргеевіч лічыць пераклад лірыкі латышскай паэтэсы Візмы Бэльшавіцы «Белы алень» (1986).

У 2002 годзе Васіль Сёмуха выдаў пераклад «Бібліі» на беларускай мове, што стала вяршыняй яго перакладчыцкай дзейнасці (праца доўжылася 14 гадоў).

Перакладчык працуе таксама ў галіне драматургіі, неаднойчы ў друку выступаў і як крытык. Для Нацыянальнага тэатра імя Я. Коласа ён пераклаў драму Ф. Шылера «Марыя Сцюарт» (1968), п’есы О’Ніла «Каханне пад вязамі», Н. Саймана «Гэты пылкі каханак» (1994), для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – трагіфарс Б. Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне – п’есу Т. Дроста «Гер Паўль» (1998). Цікава, што роднаю мовай ён называе заходнепалескую.

Васіль Сёмуха меў добрыя сяброўскій стасункі з Уладзімірам Караткевічам, быў яго рэдактарам, і той нават стаў хросным бацькам яго дачкі Алесі.

У 1992 годзе за пераклад рамана Т. Мана «Доктар Фаустус» В. Сёмуха атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа. За пераклады з нямецкай мовы ў 1981 годзе ён атрымаў узнагароду ГДР «Залаты Знак Гонару», а ў 2001-м перакладчыку была прысуджана прэмія прэзідэнта Германіі і Крыж кавалера ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй». Латвія ў 1999 годзе ўганаравала яго перакладчыцкую дзейнасць ордэнам «Тры Зоркі».

У студзені 2016 года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрыта выстава “Прыйдзі, стваральны дух”, прысвечаная 80-годдзю Васіля Сяргеевіча Сёмухі. Прадстаўлены рукапісы перакладаў з розных моў свету – вынік тытанічнай ахвярнай паўвекавой працы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф

 

Пераклады В. С. Сёмухі

  1. Біблія: Кнігі Святога пісання Старога і Новага Запавету: Кананічныя : у беларус. пер. / пер. В. Сёмуха. – Duncanville (USA) : World Wide Printing, 2002. – 1534 с.

  2. Гесэ, Г. Гульня шклярных перлаў : спроба жыццепісу Магістра Гульні Езэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў : раман / Герман Гесэ ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухі. – Мінск, 1992. – 474, [2] с.

  3. Гофа, Г. Фінальны акорд : раман / Гюнтар Гофа ; пер. з нямецкай мовы М. Навіцкага, В. Семухі. – Мінск, 1979. – 448 с.

  4. Грымэльсгаўзен, Г. Я. К. Авантурнiк Сiмплiцысiмус : гэта ёсць : апiсанне жыцця аднаго дзiўнага шалапута на iмя Мэльхiёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм дзе рыхтык i якiм кшталтам Ён прыйшоў у свет што ён у iм пабачыў чаго навучыўся што спазнаў i ператрываў а таксама чаму ён з усiм гэтым дабраходзь паквiтаўся : Адмыслова пацешлiвая i няма ладу якая карысная чытанка, якую пераклаў з нямецкай мовы спадар Васiль Сёмуха з хутара Ясенца што каля Пружаное. / Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзен пер. i камент. В. Сёмухi; прадмова Г. Сiнiла. – Мінск, 1997. – 415 с. – (Скарбы сусветнай лiтаратуры).

  5. Гесэ, Г. Стэпавы воўк : раман / Герман Гесэ ; пер. с ням. В. Семухі. – Мінск, 2011. – 186 с. – (Littera scripta).

  6. Голанд, Я. Д. Патаемнае [Ноты] : творы для голасу ў суправаджэнні фартэпіяна / Ян Давід Голанд; [пераклад с нямецкай мовы В. Сёмухі; апрацоўка У. Байдава; перакладанне для фартэпіяна і музычная рэдакцыя Ганны Каржанеўскай]. – Мінск, 2013. – 30, [1] c.

  7. Гётэ, Ё. В. Выбраныя творы / Ёган Вольфганг Гётэ; уклад. і прадм. Л. Баршчэўскага, П. Копанева; камент.: Л. Баршчэўскага, В. Сёмухі. – Мінск, 1999. – 634 с. – (Беларускі кнігазбор). – Са зместу: Рымскія элегіі / пераклаў В. Сёмуха ; Копцкая песня : [верш] / пераклаў В. Сёмуха ; Фаўст : трагедыя / пераклаў В. Сёмуха ; Фаўст : лібрэта оперы на музыку кн. А. Г. Радзівіла / пераклаў В. Сёмуха.

  8. Майрынк, Г. Ноч Вальпургіі; Белы дамініканец = Walpurgisnacht = Der weibe Dominikaner : раманы / Густаў Майрынк ; пераклад з нямецкай [мовы В. Сёмухі]. – Мінск, 2014. – 317, [2] с. – (Littera scripta).

  9. Майрынк, Г. Голэм : раман / Густаў Майрынк ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухі. – Мінск, 2006. 290 с. – (Лiтаратурная скарбонка).

  10. Ман, К. Мэфіста : раман адной кар’еры / Клаўс Ман ; пер. В. Сёмухі. – Мінск, 2006. – 389 с. – (Лiтаратурная скарбонка).

  11. Ман, Т. Доктар Фаўстус : жыццё нямецкага кампазітара Адрыяна Леверкюна,пра якое расказаў яго сябар : раман / Томас Ман ; пер. з нямецкай мовы і камент. В. Сёмухі ; прадм. А. Міхайлава. – Мінск, 1989. – 539, [2] с. – (Скарбы сусвет.лiтаратуры).

  12. Ман, Т. Навелы / Томас Ман, Штэфан Цвэйг ; пер. з нямецкай мовы В. С. Сёмухі, У. П.Чапегі. – Мінск, 1996. – 317, [2] с. – (Школьная б-ка).

  13. Найвышэйшая песня Саламонава / маст. А.Кашкурэвіч; пер. на бел. мову В. Сёмухі. Мінск, 2008. 86 с.

  14. Новы Запавет; Псалтыр / пер. з царкоўнаславянскай мовы В.С.Сёмухі. Мінск, 1995. 488 с.

  15. Нiцшэ, Фрыдрых. Так сказаў Заратустра : кнiга ўсiм i нiкому / пер. з нямецкай мовы В. Сёмухi. – Мінск, 1994. – 367 с.

  16. Райніс, Я. Агонь і ноч : даўняя песня ў новым гучанні : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Яніс Райніс ; [пераклад з латышскай мовы В. Сёмухі]. – Мінск, 1988. – 157, [1] с.

  17. Рыльке, Р. М. Кніга гадзін : вершы / Райнер Марыя Рыльке ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухі. – Мінск, 2005. – 159 с.

  18. Тувiм, Ю. Польскiя кветкi / Юльян Тувім ; пер. з пол. мовы, прадм. В. Сёмухі. – Мінск, 1984. – 270 с.

  19. Канапніцкая, М. Кліча хтось мяне ; Шкада вам, што размыта ў плыні часу… ; Альбо вы мне птушкі… [і інш.] : вершы / Марына Канапніцкая ; пераклад Васіля Сёмухі // Роднае слова. 2002. № 4. С. 35–36.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. С. Сёмухі

  1. Сёмуха Васіль Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 360.

  2. Сёмуха Василий Сергеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 346.

  3. Сёмуха Василий Сергеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2008. Т. 6. С. 632.

  4. Васіль Сёмуха (нар. ў 1936 годзе) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 436–437.

  5. Нідзелька, В. “Жывыя чытанні” з Васілём Сёмухам : [пра вечар ў музеі “Пружанскі палацык”] / В. Нідзелька // Раённыя будні (Пружаны). 2016. 3 лютага. С. 5.

  6. Зялевіч, А. “Прыйдзі, стваральны дух” : да 80-годдзя з дня нараджэння Васіля Сёмухі : [пра выставу ў музеі “Пружанскі палацык”] / А. Зялевіч // Раённыя будні (Пружаны). 2016. 27 студзеня. С. 5.

  7. Пракаповіч, Н. «Творы, якія хацеў бы сам напісаць» : [вядомы беларускі перакладчык Васіль Сяргеевіч Сёмуха] / Наталія Пракаповіч // Краязнаўчая газета. 2011. № 10. С. 4.

  8. Сёмуха, В. Васіль Сёмуха : «Мне прыемна, што Барадулін называе мяне казлом!..» / В. Сёмуха ; гутарыў Глеб Лабадзенка // Звязда. 2011. 19 студзеня. С. 1, 3.

  9. Сёмуха, В. Васіль Сёмуха : «Мяне ўратаваў Караткевіч» / В. Сёмуха ; гутарыў Глеб Лабадзенка // Звязда. 2011. 20 студзеня. С. 5.

  10. Шапран, С. Дон Кіхот беларускага слова : да 75-годдзя Васіля Сёмухі / Сяргей Шапран // Роднае слова. 2011. № 1. С. 8–12.

  11. Баршчэўскі, Л. У суладнасці з геніем : «Кніга гадзін» Райнэра Марыя Рыльке ў перакладзе Васіля Сёмухі / Лявон Баршчэўскі // Роднае слова. 2006. № 1. С. 13–15.

  12. Крупкіна, Г. Мастацкі космас Гётэўскага «Фауста» і яго перастварэнне па беларуску : [«Фауст» Ё. В. Гётэ ў перакладзе В. Сёмухі] / Галіна Крупкіна // Роднае слова. 2000. № 7. С. 29–34; № 8. С. 31–35 ; № 9. С. 25–28; № 10. С. 22–25. – Біяграфія В. Сёмухі. № 7 С. 30.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1643 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:39