1 жніўня 2021 г. — 80 гадоў з часу знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі жыхароў Белавежскай пушчы (Пружанскі р-н; 1941)
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі на акупіраваных тэрыторыях пачалі ўсталёўваць свой «новы парадак», праводзіць генацыд, масавыя акцыі знішчэння насельніцтва. Тэрыторыя Белавежскай пушчы гітлераўцамі была запланавана пад паляўнічую гаспадарку, таму насельніцтва з пушчы і прылягаючых хутароў і вёсак гвалтоўна высялялася, маёмасць канфіскоўвалася, пабудовы спальваліся.
6 лютага 2021 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Сяргея Васільевіча Вірко (1926–1945), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны
Сяргей Васільевіч Вірко нарадзіўся 6 лютага 1926 г. у вёсцы Ратайчыцы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). У сялянскай сям’і было трое дзяцей: Іван, Сяргей і Еўфрасіння. Калі Сяргею было шэсць гадоў, памёр бацька, і ўся работа па гаспадарцы лягла на плечы маці, Ганны Іванаўны, і братоў.
24 студзеня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Хоміча (1951), доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Беларусі (2011)
Уладзімір Міхайлавіч Хоміч нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Кунахавічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў з адзнакай юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1973).
11 лістапада 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Георгія Мікалаевіча Гарбачука (1945), рэлігійнага і грамадскага дзеяча, кандыдата філасофскіх навук
Георгій Мікалаевіч Гарбачук нарадзіўся 11 лістапада 1945 г. у вёсцы Крыўляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і свяшчэнніка. Бацька, Мікалай Гарбачук, быў настаяцелем Дзмітровіцкай царквы, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод вернікаў і духавенства. За служэнне быў узнагароджаны ордэнам св. Сергія Раданежскага II ступені Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II. Сын Георгій пайшоў па слядах бацькі.
7 лістапада 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Ануфрыевіча Лейчыка (1900–1972), генерал-маёра інжынерных войск, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў
Дзмітрый Ануфрыевіч Лейчык нарадзіўся 7 лістапада 1900 г. у вёсцы Ясіноўка Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). У сям’і Ануфрыя Еўстаф’евіча і Домны Міхайлаўны Лейчыкаў было трое сыноў і дачка. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай і гадавалі дзяцей, ствараючы ўсе ўмовы для іх навучання. Дзмітрый вучыўся ў Вярховіцкай школе, скончыў чатыры класы.
12 верасня 2020 г. — 290 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Міхала Сапегі (1730–1793), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ
Аляксандр Міхал Сапега нарадзіўся 12 верасня 1730 г. у г. Высокае Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Старэйшы сын ваяводы Казіміра Лявона Сапегі, унук Міхаіла Казіміра, які падчас Паўночнай вайны быў саюзнікам Карла XII, але затым перайшоў на бок Пятра I і караля Аўгуста II.
14 кастрычніка 2020 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Мікалая Парфір’евіча Юзьвюка (Данііла; 1880–1965), епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, епіскапа Пінскага і Брэсцкага
Мікалай Парфір’евіч Юзьвюк нарадзіўся 14 кастрычніка 1880 г. у вёсцы Дзмітровічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер аг. Дзмітровічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Парфір Андрэевіч, пасля школы ў Супрасльскім манастыры служыў псаломшчыкам у Дзмітровіцкай царкве з 1876 г. Ён стараўся даць добрую адукацыю сваім сынам Уладзіміру і Мікалаю. Уладзімір Юзьвюк (1868 – пасля 1930) скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, протаіерэй, служыў свяшчэннікам у Гальшанах і Ашмянах, у 1912 г. абраны членам IV Дзяржаўнай думы.
3 кастрычніка 2020 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Іванавіча Будзько (Сафронія; 1930–2008), епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, архіепіскапа Кемераўскага і Новакузнецкага
Дзмітрый Іванавіч Будзько нарадзіўся 3 кастрычніка 1930 г. у вёсцы Бардзёўка Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Раснянскі сельсавет Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я Будзько была веруючай, патрыярхальнай. Галавой сям’і быў дзядуля Іосіф Сямёнавіч, які меў трох сыноў Івана, Іосіфа і Аляксея. Бацька, Іван Іосіфавіч Будзько (1905–1997), быў жанаты на Еўдакіі Іванаўне Бай. Бацькі з ранняга ўзросту прывучалі дзяцей да паслухмянасці і паважлівага стаўлення да дарослых.
28 чэрвеня 2020 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Карпіцкага Аляксандра Сяргеевіча (1960), доктара медыцынскіх навук, прафесара
Аляксандр Сяргеевіч Карпіцкі нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці ў сям’і медыкаў. Вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце па спецыяльнасці «лячэбная справа». З другога курса пачаў займацца хірургіяй — спачатку агульнай, цікавасць да таракальнай прыйшла пазней. У складзе групы з пяці студэнтаў у канцы 1970-х – пачатку 1980-х займаўся навуковымі даследаваннямі па ўздзеянні лазерных прамянёў на гнойныя раны.
20 ліпеня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Ганны Андрыянаўны Белявец (1920–1995), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы
Ганна Андрыянаўна Белявец нарадзілася 20 ліпеня 1920 г. у вёсцы Баранкі Камянец-Літоўскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Відамлянскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі вялі небагатую гаспадарку, маглі разлічваць толькі на свае сілы, усе дзеці з маленства дапамагалі дарослым. Ганна атрымала пачатковую адукацыю ў мясцовай польскамоўнай школе.