Субота, 27 Жнівень 2016 10:14

Цыкл мерапрыемстваў у дзень нараджэння Васіля Фёдаравіча Праскурава

25 жніўня нашаму пісьменніку-земляку Васілю Праскураву споўнілася б 90 гадоў. 

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка, якая носіць імя слыннага творцы, арганізавала цыкл мерапрыемстваў у дзень нараджэння Васіля Фёдаравіча.

 

Спачатку госці, родныя і прыхільнікі творчасці пісьменніка сабраліся ў бібліятэцы. Дырэктар установы Ала Уладзіміраўна Хваль павітала ўсіх прысутных каля вугалка памяці, прысвечанага пісьменніку. Тут, у бібліятэчнай цішы, шчыра і пранікнённа прагучалі словы: «З Днём нараджэння, Васіль Фёдаравіч!».

Затым удзельнікі мерапрыемстваў усклалі кветкі на магілу пісьменніка, каля мемарыяльнай дошкі, на будынку рэдакцыі раённай газеты «Савецкае Палессе», дзе да апошніх дзён свайго жыцця працаваў рэдактарам Васіль Праскураў, і наведаліся ў праскураўскі дом.

У кінатэатры «Маладосць» адбылася літаратурная вечарына «А жыццё чалавека – тая ж самая песня...». Раённы краязнаўчы музей і цэнтральная раённая бібліятэка імя В. Праскурава аформілі выставу, дзе былі прадстаўлены шматлікія фотаматэрыялы, дакументы, асабістыя і падораныя Васілю Фёдаравічу кнігі.

Падчас мерапрыемства прагучала шмат шчырых слоў і ўспамінаў пра добрага чалавека, таленавітага пісьменніка Васіля Праскурава. Дачка Валянціна з хваляваннем ўспамінала свайго бацьку, які быў эталонам для дзяцей ва ўсім. Ганарыцца сваім дзедам і ўнук Васіль Мацвееў, які працягвае справу Васіля Праскурава, ён – журналіст і намеснік галоўнага рэдактара газеты «Рэспубліка». З успамінамі выступалі: былы старшыня абласнога аддзялення журналістаў Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч, яго прыемнік – Іван Кузьміч Амяляшчык, калега – Ніна Іванаўна Буйніцкая і інш. Гучалі народныя песні, якія любіў пісьменнік, і песня, на словы Васіля Праскурава, «Плывут в бездонном небе журавли», якую напісалі і выканалі Святлана Локтыш і Георгій Чыжык.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2124 разоў Апошняя змена Аўторак, 26 Снежань 2017 16:19