7 лютага ў Пінскай ЦГБ прайшоў урок краязнаўства “Майстар архітэктурнага пейзажу”, прысвечаны 210-годдзю з дня нараджэння нашага знакамітага земляка Напалеона Орды – мастака, кампазітара, музыканта, педагога. Падчас сустрэчы старшакласнікі СШ №10 г. Пінска праглядзелі відэасюжэты пра Напалеона Орду, пазнаёміліся з кніжнай выставай, пагарталі альбомы з малюнкамі мастака і паслухалі музыку, якую напісаў творца. Госцем мерапрыества быў мясцовы краязнавец, карэспандэнт газеты “Пінскі веснік” В. Л. Ільянкоў. Вячаслаў Леанідавіч падзяліўся рэдкімі звесткамі, фотаздымкамі і іншымі матэрыяламі з асабістага архіву. З цікавасцю слухалі школьнікі яго аповед пра гравюры, прысвечаныя Пінску, радаслоўную сям’і нашчадкаў славутага земляка, якія і ў наш час наведваюць Пінск. Слухачы даведаліся аб тым, што ў іх родным горадзе нейкі час у палацы Бутрымовіча жыў Напалеон Орда, унук Матэўша Бутрымовіча. Выступоўцы заклікалі ганарыцца земляком, вядомым далёка за межамі Беларусі і шанаваць яго жывапісныя і музычныя творы, якія засталіся нам ў спадчыну.