Аўторак, 11 Красавік 2017 14:02

Літаратурны вечар “Надзеямі жыве душа…” да 75-годдзя з дня нараджэння І. Арабейкі

4 красавіка ў чытальнай зале Жабінкаўскай раённай бібліятэкі праведзена літаратурная сустрэча «Надзеямі жыве душа…» з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння мясцовага паэта Івана Сяргеевіча Арабейкі для вучняў 11 “А” СШ №1 г.Жабінка  і аматараў творчасці знакамітага паэта.  

Прыемна адзначыць, што на юбілейную сустрэчу прыехалі госці з Брэста, сябры Івана Сяргеевіча: Уладзімір Уладзіміравіч Барысюк - былы выкладчык Брэсцкага педуніверсітэта; паэтка Ярына Дашына, cябра Саюза беларускіх пісьменнікаў; Расціслаў Мацвеевіч Бензярук — журналіст, пісьменнік, перакладчык і паэт; Анатоль Расціслававіч Бензярук — гісторык, пісьменнік, журналіст; сябар дзяцінства Аляксей Раманавіч Дошчык. 

 

Вядучыя літаратурнай сустрэчы, супрацоўнікі раённай бібліятэкі Андрасюк Ю.Г. і Славуціч В.А., з дапамогай відэапрэзентацыі  пазнаёмілі прысутных з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага зямляка, цікавага паэта, сціплага чалавека Івана Арабейкі. 

Іван Сяргеевіч Арабейка нарадзіўся 26 сакавіка ваеннага 1942 года, ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна, ў мнагадзетнай сям’і, калі ад зімовага сну абуджаецца зямля і прырода, калі ўсе людзі радуюцца  першаму цяплу, першай кветцы.

У творчым «багажы» Івана Арабейкі — два паэтычныя зборнікі “Услед за сонцам” і “Асенні ранак”, выдадзеныя яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», і зборнік  «Сказаць хачу», выдадзены ў 2012 годзе ў Брэсце.

Як гэта многа- жыць, любіць,

З прахожым першым паздароўкацца,

Суседа словам зачапіць,-

Для сэрца не бывае дробязяў.

Цяпло,спагады пачуццё,-

Я гэта ўсё засвоіў змоладу.

Як запавет на ўсё жыццё:

Не напускай у хату холаду.

Літаратуная сустрэча працягвалася больш за гадзіну, а людзям не хацелася разыходзіцца. Яны разам з юбілярам апынуліся ў тым часе, калі пачыналіся першыя крокі Івана Арабейкі ў паэзіі. Паэт адказваў на шматлікія пытанні, чытаў свае вершы.

Госці гаварылі многа цёплых слоў ў адрас юбіляра, жадалі творчага плёну, новых кніг, здароўя. 

Раіса Міхайлаўна Маргевіч, былая настаўніца, чытачка Жабінкаўскай раённай бібліятэкі са стажам, падзякавала яе супрацоўнікаў за добрую традыцыю правядзення юбілейных сустрэч з мясцовымі паэтамі і для удзельнікаў сустрэчы прачытала цудоўны верш «Жабінка» Івана Арабейкі.

Славуціч В.А.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2223 разоў Апошняя змена Аўторак, 26 Снежань 2017 16:21