Пятніца, 03 Лістапад 2017 16:28

Круглы стол «Формы і метады краязнаўчай дзейнасці бібліятэк і ўстаноў адукацыі»

 

Круглы стол «Формы і метады краязнаўчай дзейнасці бібліятэк і ўстаноў адукацыі» сабраў разам 1 лістапада ў чытальнай зале Маларыцкай раённай бібліятэкі настаўнікаў гісторыі, краязнаўцаў і ўсіх тых, хто цікавіцца мінулым роднага краю. Яго арганізатарамі выступіў аддзел адукацыці, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама і аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі.    

 

Кацярына Алесік, настаўніца Олтушскай СШ, кандыдат гістарычных навук, кіраўнік творчай группы настаўнікаў гісторыі, звярнула ўвагу прысутных на тое, што школа і бібліятэка з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі ў далучэнні вучняў да культурных каштоўнасцей роднага краю. Яна адзначыла, што для настаўнікаў гісторыі краязнаўчая праца раённай бібліятэкі мае важлівае значэнне, так як матэрыялы, сабраныя і сістэматызаваныя сіламі супрацоўнікаў бібліятэкі, даюць інфарматыўную аснову для далейшых даследаванняў, а таксама для вывучэння гісторыі роднага краю ў школе. З іншага боку, актыўная выдавецкая дзейнасць бібліятэкі дае магчымасць гісторыкам уводзіць у навуковы ўжытак вынікі сваіх даследаванняў, зберагчы аўтарства і запоўніць “белыя” плямы ў гісторыі Маларытчыны, якіх яшчэ нямала. 

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі сёння – цэнтр краязнаўчай работы на Маларытчыне. Работа з мясцовым матэрыялам носіць не эпізадычны характар, а вядзецца пастаянна і планамерна, пачынаючы з 2000 года. На сённяшні дзень ужо многае зроблена. Пра гэта гаварыла Галіна Кучына, загадчык аддзела. Яна спынілася на разнастайных формах, метадах і накірунках работы ў краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, расказала пра тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца для папулярызацыі таго, што звязана з родным краем, малой радзімай. Вялікую цікавасць у прысутных выклікала азнаямленне з выдавецкай дзейнасцю і стварэннем мультымедыйнай прадукцыі раённай бібліятэкай. Галіна Уладзіміраўна таксама закранула тэму неабходнасці аб’яднання намаганняў розных арганізацый для сумеснай краязнаўчай работы. 

Падчас круглага стала таксама выступіў Мікалай Баліцэвіч, аўтар 5 прац па гісторыі Маларытчыны. Краязнаўца расказаў пра свае даследаванні царкоўнай гісторыі Маларыцкага краю. Мікалай Баліцэвіч плануе ў хуткім часе парадаваць краязнаўцаў новым выданнем: инфармацыйным даведнікам аб уніяцкім і праваслаўным духавенстве Маларытчыны (XVII – сярэдзіна ХХ ст.). Ён таксама працуе над дапаўненнямі ў калектыўную працу “Маларытчына праваслаўная”.

Пра сваю калекцыю фотаздымкаў Маларытчыны, якая налічвае больш 30 000 экзэмпляраў і пра работу над выданнем “Народнага альбома” вёў гутарку Валерый Савасціёнак. 

Дзіяна Пашкевіч, бібліятэкар, правяла мультымедыйную гульню “Мая малая радзіма”. 

Сустрэча за круглым сталом стала карыснай для ўсіх прысутных. Яе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што эфектыўнасць і выніковасць краязнаўчай адукацыі дзяцей можна павысіць, аб’яднаўшы намаганні ўстаноў адукацыі, культуры, грамадскіх аб’яднанняў.

Вынікам сустрэчы круглага стала стала перспектыўнае планаванне сумеснай дзейнасці па пытаннях краязнаўства.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1609 разоў