Серада, 07 Люты 2018 15:49

Кніжная выстава, прысвечаная 60-годдзю ўтварэння Брэсцкага абласнога Саюза журналістаў БССР

Ва ўступным слове да кнігі «Нашчадкам слова застанецца» (Брэст, 2001) вядомы берасцейскі журналіст Георгій Тамашэвіч гаворыць: «Журналісты пішуць практычна пра ўсё і аб усіх. І менш усяго — пра сябе, пра сяброў газетчыкаў, пра газетную справу. Нельга сказаць, што журналістыка — закрытая тэма. Яна на вачах ва ўсіх, „жыцця разведчыкі“ робяць сваю пастаянную справу, — „пішуць гісторыю сучаснасці“. Але, што датычыць сябе, патрэбна вельмі сур’ёзная падстава…». У пачатку 2018 года падстава, каб пазнаёміць чытачоў з творчасцю брэсцкіх журналістаў, вельмі сур’ёзная і значная.

4 лютага спаўняецца 60 гадоў з часу ўтварэння Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза журналістаў БССР. Аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі падрыхтаваў для творцаў і іх чытачоў падарунак у выглядзе кніжнай выставы, прысвечанай гісторыі і сённяшняму дню журналісцкай суполкі. Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел расказвае аб гісторыі журналістыкі Брэсцкай вобласці. Тут можна ўбачыць рэкламу брэсцкіх газет на старонках факсімільнага выдання першай беларускай газеты «Наша Ніва» за 1906 год альбо ў змесце «Календаря-справочника г. Бреста» за 1913 год, пазнаёміцца з бібліяграфічным паказальнікам у дзвюх частках «Газеты Беларускай ССР. 1917–1975 гады», які выдала Дзяржаўная кніжная палата БССР у 1984 годзе. Раздзел уключае таксама шэраг зборнікаў з публікацыямі журналісцкіх работ, дзе змястоўна і цікава расказваецца аб цікавых падзеях з жыцця Брэсцкай вобласці, яе людзях: «Брэстчына вачамі журналістаў» (Брэст, 2005), «Брестчина: журналисты рассказывают» (Брест, 2006). Ёсць тут і кніжка арганізатара абласнога аддзялення Саюза журналістаў БССР, першага адказнага сакратара суполкі Алены Шылавай «Аб мове і стылі раённых газет: на матэрыялах газет Брэсцкай вобласці» (Мінск, 1975). Наступны раздзел называецца «Аўтарскія праекты» і змяшчае цэлы шэраг кніг — найбольш буйных праектаў вядомых сучасных журналістаў Брэсцкай вобласці Георгія Тамашэвіча, Міколы Панасюка, Васіля Сарычава, Юрыя Рубашэўскага, Мікалая Аляксандрава, Уладзіміра Глазава, Уладзіміра Турава, Аляксандра Суворава і інш. Найбольшую цікавасць выклікаюць кнігі трэцяга раздзела выставы «Мастацкая літаратурная творчасць», аўтары якіх, журналісты, прадстаюць як цікавыя празаікі і паэты. Творы многіх з іх — Расціслава Бензерука, Аляксандра Валковіча, Васіля Жушмы, Анатоля Крэйдзіча, Настассі Нарэйка, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско, Міхася Рудкоўскага — уганараваны Літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка.

Кніжная выстава «Летапісцы», прысвечаная 60-годдзю ўтварэння Брэсцкага абласнога Саюза журналістаў БССР, будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны лютага.

Шчыра віншуем нашых чытачоў-журналістаў-сяброў з гэтай датай.

Кавенька Таццяна Сямёнаўна, заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

 

Чытаць 1688 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Май 2018 13:12