Серада, 04 Красавік 2018 14:21

Кніжная выстава «Радкі, напісаныя сэрцам»

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі пачала работу кніжная выстава «Радкі, напісаныя сэрцам», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Міколы Елянеўскага, пісьменніка, журналіста (1948–2013).

«Празаік, сябар Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Елянеўскі нарадзіўся ў вёсцы Лунін 5 красавіка 1948 года. Бацька працаваў бухгалтарам, а маці пасля яго заўчаснай смерці была калгасніцай. Юнак пасля заканчэння сярэдняй школы ў роднай вёсцы (1966) паступіў у Мінскае паліграфічнае вучылішча. Практыку праходзіў у лунінецкай раённай газеце і адначасова працаваў у ёй фотакарэспандэнтам. У час службы ў войску (1969–1970) пісаў у армейскую газету. Здольнага салдата з Палесся заўважылі ў яе рэдакцыі і прапанавалі паступіць на журналісцкі факультэт Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча. Пасля яго заканчэння каля 25 гадоў працаваў у армейскіх газетах у Расіі, Германіі і Ташкенце. Пасля распаду СССР Мікола Елянеўскі быў дэмабілізаваны і вярнуўся на радзіму» (Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 339–341). Жыў з сям’ёй у вайсковым гарадку пад Баранавічамі. У 1999 годзе пераехаў у Пінск і ўзначаліў раённую газету  «Полесская правда». Аўтар кніг «Небесный штурмовик» (Пінск, 2004), «Время пастыря» (Мінск, 2011), «Мытари и фарисеи» (Мінск, 2015), «Сердцебиение» (Мінск, 2015). Раман-хроніка «Время пастыря» адзначаны дыпломам першай прэміі па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшае адлюстраванне гісторыі і сучаснасці беларускага праваслаўя ў сродках масавай інфармацыіі». 

У 2011 годзе на «Лунінскай восені» ўзнагароджаны літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка за раманы «Время пастыря» (Мінск, 2011) і «Наперсный крест» (Белая Вежа, 2011 № 1, № 2). 

Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка, уключае творы, многія з якіх апублікаваны ў вядомых літаратурна-мастацкіх часопісах: «Наш современник», «Москва», «Белая Вежа», «Нёман», «Маладосць». Экспануецца кніга «Время пастыря» з аўтографам Міколы Елянеўскага..

У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, фотаздымкі. 

Дзякуем за прадстаўлены ілюстраваны матэрыял Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы.

Кніжная выстава «Радкі, напісаныя сэрцам» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны красавіка. 

 

Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1574 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Май 2018 13:10