Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 29 Лістапад 2018 16:22

Зямля бацькоў – жыцця крыніца

Пад крыламі аблокаў
                                                                        Сінявокі мой край.
                                                                        Азірніся навокал –
                                                                         Гэты кут, нібы рай!
                                                                                                                     М.Кобец

Піншчына… Колькі не вымаўляй гэта слова – сэрца заўсёды поўніцца гонарам за свой край, за яго таленавітых людзей, за казачную прыгажосць палескіх мясцін. Дзе б мы не былі, якую б экзатычную прыроду не бачылі, нас заўсёды цягне да нашых лясоў і палёў. А якія тут людзі! На дзіва добрыя і прыгожыя, працавітыя, улюблёныя ў хараство сваёй малой радзімы.
І менавіта малой радзіме, цудоўнаму куточку Беларусі – Піншчыне было прысвечана раённае свята “Зямля бацькоў – жыцця крыніца”. У ЦРБ імя Я.Янішчыц сабраліся літаратары, бібліятэкары Пінскага раёна і навучэнцы Пінскага калледжа УА “БрДзУ імя А.С.Пушкіна”, каб ушанаваць цудоўны казачны край – Піншчыну.
 У фае бібліятэкі разгарнулася яскравая выстава работ народных умельцаў “Майстэрства рук і сэрцаў”, падрыхтаваная бібліятэкарамі Малоткавіцкай, Пінкавіцкай, Лышчанскай сельскімі бібліятэкамі і Лагішынскай гарпасялковай бібліятэкі.
Адкрыла раённае свята дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Алёна Іванаўна Анташук. Сапраўдным ўпрыгожаннем сталі тэатралізаванае прадстаўленне незабыўных вершаў Яўгеніі Янішчыц “Маці”, “Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён” і  мілагучныя беларускія песні ў выкананні супрацоўнікаў Бабрыкоўскай сельскай бібліятэкі і народнага фальклорнага гурту “Грымата” Дабраслаўскага сельскага Дома культуры. Выступілі знакамітыя літаратары Піншчыны – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Валерый Грышкавец, члены літаратараў клуба “Пінчукі” Аляксандр Жуковіч, Сяргей Баран, Анатоль Козіч, Лідзія Кучынская, Зінаіда Шэпялевіч, Валянціна Вахітава, Аксана Немізанская, Ніна Селюжыцкая, Святлана Лукашык. Пачынаючая паэтка Марына Лапушка прачытала  свой верш “Мая малая радзіма” і падарыла для ЦРБ імя Я.Янішчыц карціну “Яўгенія Янішчыц”, якую напісала сама.
Цудоўную, багатую спадчыну маюць палешукі. Яна стваралася нашымі  продкамі на працягу стагодддзяў. Чароўны куточак, старажытны казачны край – наша Піншчына. І гаварыць пра яе можна бясконца.

К.Л.Міхалевіч,
загадчык аддзела бібліятэчнага
маркетынгу ЦРБ імя Я.Янішчыц

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1762 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Лістапад 2018 16:51