Панядзелак, 20 Май 2019 09:37

Леаніду Філатаву спаўняецца 80 гадоў!

13 мая 2019 г. вядомаму берасцейскаму пісьменніку спаўняецца 80 гадоў. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага шчыра віншуе Леаніда Філатава з днём народзінаў! Мы зычым нашаму сябру і актыўнаму чытачу добрага здароўя, радасці і творчага плёну!

Нарадзіўся Леанід Філатаў у в. Бабінічы Віцебскага раёна 13 мая 1939 г. Лёс склаўся так, што сям’я будучага пісьменніка пераехала на Маларытчыну. Дзяцінства было цяжкім. Бацькі хлопчыка загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, прыйшлося перажыць нават фашысцкі канцлагер. Пасля вайны яго ўсынавіў дырэктар Ляхавецкай школы Аляксей Нічыпаравіч Афанасьеў. Леанід закончыў школу, потым Брэсцкі чыгуначны тэхнікум і Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Ён працаваў майстрам на дарожным будаўніцтве, інжынерам на чыгунцы, журналістам, настаўнікам. Перажытае стала зместам яго кніжак: «Ляхавецкая торба» (Брэст, 1992), «Дарога» (Брэст, 1997), «Адарваць ад сэрца» (Брэст, 2000), «Жывая зямля» (Брэст, 2001), «Страла жыцця» (Брэст, 2007), «Жывому — жыць» (Мінск, 2013). За кнігу «Адарваць ад сэрца» пісьменніку была прысуджана прэмія «Берасцейская зорка – 2000».

Высока цаніў мастацкія вартасці твораў Леаніда Філатава Уладзімір Калеснік. Ён лічыў, што ў прозе Філатаў рэалізуе свой дар мастака, што вобразы пісьменніка, нягледзячы на сваю дакументальнасць, перш за ўсё кранаюць чытача эстэтычна. Адзначалі талент, арыгінальную творчую манеру і багатую мову пісьменніка беларускія філолагі Фёдар Яфімаў, Сяргей Панізнік, а таксама Мікола Сянкевіч і Валянцін Смаль.

Аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі падрыхтаваў творцу і яго чытачам падарунак у выглядзе кніжнай выставы «Пісьменнік з дарам мастака», якая экспануецца ў аддзеле на працягу мая. Акрамя твораў пісьменніка на выставе прысутнічаюць цікавыя фотаздымкі і дакументы з асабістага архіва Леаніда Філатава.

Таццяна Кавенька,
бібліёграф 2-й катэгорыі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1345 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:56