Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Верасень 2019 10:16

Прэзентацыя кнігі «Крыніцы і вытокі»

23 жніўня 2019 г. у Івацэвічах у гарадскім Доме культуры адбылася прэзентацыя кнігі «Крыніцы і вытокі» цудоўнага чалавека, улюбёнага ў роднае Заполле і Івацэвіччыну, краязнаўца і этнографа, пісьменніка і філолага Алеся Зайкі, укладальніка выданняў: «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» (2011), «Населеныя пункты Івацэвіччыны» (2012), «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» (2013); аўтара кніг прозы «Дым з коміна» (2011), «Чысты чацвер» (2015) і інш.

На прэзентацыю, а яна стала ціхім і светлым святам памяці аб гэтым вялікім для края чалавеку, прыйшлі родныя Алеся Фаміча, сябры, пісьменнікі і проста жыхары раёна, улюбёныя ў творчасць земляка.

Падчас прэзентацыі малюнкаў дзяцей, натхнёных творамі Алеся Зайкі, казалі вершамі і прозай бібліятэкар Запалянскай сельскай бібліятэкі Алена Здзітавец, якая рыхтавала дзею, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, жонка Алеся Фаміча, шчырая паплечніца ў працы, — Антаніна Іванаўна, пісьменнік і адказны сакратар рэдакцыі раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» Валерый Гапееў і інш. Кожнае з іх выступленняў было вартым асобнай публікацыі, бо пакінула ў сэрцы святло і жаданне зберагчы спадчыну Алеся Зайкі.

Не ўтрымаліся і слухачы — дапаўнялі, раскрывалі новыя грані вобразу «хадзячай энцыклапедыі», як называлі блізкія Алеся Фаміча. Прагучала прапанова увекавечыць памяць славутага земляка у назве вуліцы.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1259 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:14