Чацвер, 14 Лістапад 2019 10:13

Падзвіжнік нацыянальнай культуры

25 кастрычніка 2019 г. у Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц адбыўся вечар-сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Зіновіем Кірылавічам Прыгодзічам.

 

Зіновій Кірылавіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1944 г. у вёсцы Лышча Пінскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго бацькі — Кірыл Якаўлевіч і Серафіма Піліпаўна ўсё жыццё пражылі на палескай зямлі. У дзяцінстве ў хлопца было шмат захапленняў, аднак найбольш вабіла літаратура. І любоў да літарататуры перайшла ў жаданне пісаць самому. Ён пісаў не толькі вершы, але і заметкі, замалёўкі, карэспандэнцыі. І сёе-тое час ад часу друкавалася ў раённай, абласной і нават рэспубліканскіх газетах. У старшых класах Зіновій Прыгодзіч быў ужо прызнаны селькар, адзначаны пахвальнымі лістамі многіх рэдакцый! І таму пасля заканчэння ў чэрвені 1960 г. сярэдняй школы юнака запрасілі на работу ў Лагішынскую раённую газету «Калгасная праўда». І работа літаратурнага супрацоўніка райгазеты прыйшлася да спадобы. Суровая школа раёнкі вельмі прыдалася пазней, калі ў 1967 г., скончыўшы факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Зіновій Кірылавіч прыйшоў працаваць у рэдакцыю старэйшай беларускай газеты «Звязда». Пасля працаваў у апараце ЦК КПБ, загадчыкам кафедры журналістыкі, мовы і літаратуры Мінскай вышэйшай партыйнай школы, давялося быць галоўным рэдактарам газеты «Советская Белоруссия». Менавіта ў тыя дні Зіновій Прыгодзіч вырашыў арганізаваць свой уласны прыватны часопіс. Рашэнне ў тых складаных абставінах вельмі авантурнае. Ужо праз некалькі месяцаў у адзіночку і амаль што на каленях звярстаў і выпусціў першы нумар «Гаспадыні». Спачатку яе тыраж быў каля 5 тыс., пасля павялічыўся ўдвая. Вельмі прыемна, што і сёння, праз 25 гадоў існавання, «Гаспадыня» займае годнае месца ў інфармацыйнай прасторы Беларусі!

Пяру Зіновія Кірылавіча належаць трылогія «Постаці», аповесці «Журавы на далёкай пойме», «Журба мая светлая», «Арцёмкавы канікулы», «Сейбіты», кніга падарожжаў «Далёкае-блізкае», хроніка «Пути и перепутья», нарысы «Жменя зярнят», «Крылы дужэюць у палёце», «На палях рэспублікі», «Добры дзень, сад», «На сельскіх прасторах» і інш.

У чытальнай зале Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц сабраліся землякі Зіновія Прыгодзіча, навучэнцы УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў», члены клуба літаратараў Піншчыны «Пінчукі», бібліятэкары. Зіновій Прыгодзіч расказаў пра сябе, сваю малую радзіму, пра творчы шлях, пра няпростую працу, аб творах і героях сваіх публікацый.

З прывітальным словам выступіла дырэктар Дзяржаўнай установы культуры «Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Алёна Іванаўна Анташук. Яна павіншавала Зіновія Кірылавіча з 75-годдзем, пажадала моцнага здароў’я, шчасця і творчых поспехаў. Прыемным для госця сталі выступленні землякоў — старшыні Лышчанскага сельвыканкама Святланы Аляксандраўны Лінкевіч і педагога дадатковай адукацыі Дзяржаўнай установы адукацыі «Лышчанская сярэдняя школа» Ірыны Рыгораўны Корзун. Цікавым, павучальным і эмацыянальным быў аповед класнага кіраўніка Зіновія Прыгодзіча Яўгеніі Антонаўны Малашчыцкай. З вялікім захапленнем Зіновій Кірылавіч слухаў выступленні сваіх аднакласніц Анастасіі Максімаўны Побат і Аляксандры Уладзіміраўны Кавалёвай. Перад прысутнымі выступілі член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Фёдаравіч Грышкавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Іванаўна Ляшук.

Член клуба літаратараў Піншчыны «Пінчукі» Віктар Сямёнавіч Мяцельскі і салісты Пінкавіцкага СДК Мікалай Саўчанчык і Ігар Няхайба выканалі песні на вершы Зіновія Прыгодзіча «Кахай», «Жар кахання», «Дзве крыніцы» і «Завушніцы». Цудоўны настрой гасцям дарыў фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы» Пінкавіцкага СДК. У час мерапрыемства экспанавалася кніжная выстава «Святло душы земляка».

 

К. Л. Міхалевіч,
заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу
 ЦРБ імя Я. Янішчыц

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1402 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Сакавік 2020 10:28