Перад публікай выступілі берасцейскія аўтары, якія прадставілі адзінаццаты прэзентуемы нумар выдання: Яўген Бяласін, Мікола Папека, Аляксандр Рызо, Уладзімір Барысюк, Васіль Дэбіш, Уладзімір Лебедзеў, Мікола Сянкевіч, Леанід Філатаў, Іван Мельнічук, Лідзія Касачук.
Адна з публікацый у выданні пад аўтарствам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, пісьменніка і літаратуразнаўцы Алеся Карлюкевіча прысвечана былому намесніку дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Але Міхайлаўне Мяснянкінай.
Госцем прэзентацыі стаў беларускі паэт, празаік, літаратуразнаўца і публіцыст, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, які напярэдадні сустрэчы прывёз берасцейцам свежы выпуск «Жырандолі», выдадзенай у мінскім выдавецтве «Кнігазбор». Таксама ў якасці дара Брэсцкай абласной бібліятэцы пісьменнік уручыў шэраг выданняў, сярод якіх і літаратурныя альманахі іншых абласных аддзяленняў Саюза.
Вядучы мерапрыемства паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч (дарэчы, менавіта ён з’яўляецца рэдактарам і складальнікам адзінаццатага нумара) распавёў прысутным аб зборы матэрыялаў і працы над выданнем. Мікалай Мікалаевіч узгадаў аб яго заснавальніцы, вядомай пісьменніцы і перакладчыцы Ніне Мацяш, якая доўгі час аб’ядноўвала вакол сябе ўсю берасцейскую пісьменніцкую абшчыну. Кранальнымі і настальгічнымі ноткамі стала і рарытэтнае відэа з шэрага тэлеперадач «Край». Сёння цыкл перадач «Край з Міколам Пракаповічам» без перабольшвання можна аднесці да культурнай спадчыны Берасцейшчыны.
У рамках мерапрыемства экспанавалася кніжная выстава «Літаратурная прастора» з фонда аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, якая адлюстроўвала традыцыі і разнастайнасць літаратурнага жыцця Берасцейскага рэгіёну, а таксама знаёміла з творчасцю асобных аўтараў.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,
заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79