Серада, 15 Снежань 2021 12:31

Уручэнне Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама

10 снежня 2021 г. у аг. Лунін у чарговы раз адбыліся мерапрыемствы з нагоды ўручэння Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама. Гэта з’яўляецца важнай падзеяй сучаснага літаратурнага жыцця вобласці.

 

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага — нязменны ўдзельнік гэтага свята. Супрацоўнікі падрыхтавалі кніжную выставу «Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка».

На выставе экспанаваўся поўны збор калекцыі кніг берасцейскіх пісьменнікаў-лаўрэатаў прэміі за ўсе гады яе існавання, у т. л. з аўтографамі некаторых аўтараў. Сярод апошніх і кніга У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» (Мн., 1975), напісаная ў суаўтарстве з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. На выданні аўтограф У. Калесніка: «Аддзелу беларускай літаратуры і краязнаўства з пажаданнем поспехаў у прапагандзе ідэй міру, дружбы паміж народамі».

Для Берасцейшчыны Калеснік — асоба знакавая. Ён першы зрабіў спробу прасачыць гісторыю літаратуры краю, пачынаючы з самшытавага грабеньчыка, знойдзенага пры раскопках старога Бярэсця, ад Бібліі Брэсцкай і да нашых дзён у нарысе «Берасцейскае вогнішча», які быў надрукаваны ў яго кнізе «Зорны спеў» (Мн., 1975). Творчая спадчына пісьменніка вельмі багатая. На выставе можна было пабачыць яго знакамітыя выданні: «Доўг памяці» (Брэст, 2005), «Тварэнне легенды» (Мн., 1987), «Пасланец Праметэя» (Мн., 1984), «Лёсам пазнанае» (Мн., 1982), «Час і песні» (Мн., 1962) і інш.

Прэмія мае досыць багатую гісторыю. Заснавана яна ў 2007 г. і налічвае больш за 40 лаўрэатаў. Конкурс на саісканне прэміі ажыццяўляецца па трох намінацыях: проза (у т. л. драматургія і публіцыстыка), паэзія, дзіцячая літаратура.

У 2021 г. на прэмію прадстаўлена 26 кніжак. Сярод намінантаў вядомыя імёны ў літаратурным асяроддзі вобласці і рэспублікі: М. Антаноўскі, Л. Красеўская, Т. Канапацкая, М. Панасюк, В. Пракаповіч, А. Бярнацкі, І. Морых, Н. Кухліч, У. Гетманчук і шэраг іншых. З кнігамі намінантаў 2021 г. знаёміў другі раздзел экспазіцыі.

Кнігі лаўрэатаў мінулых гадоў экспанаваліся ў апошніх раздзелах выставы. Сярод іх такія зоркавыя аўтары як: М. Купрэеў, В. Грышкавец, В. Гапееў (2007); З. Дудзюк, В. Ласковіч, М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско і Р. Бензярук (2008); А. Паплаўскі, А. Юдзіцкі, Н. Мацяш, А. Бензярук (2009); А. Валковіч, В. Вабішчэвіч, Н. Парчук, З. Гарадзецкая (2010); М. Елянеўскі, А. Корнеў, М. Кавалевіч, М. Туруноўскі (2011); М. Кобец, І. Арабейка, М. Бусько, А. Крэйдзіч, У. Глушакоў, В. Жушма (2012); А. Брытун, А. Шушко, У. Сітуха (2014); Ф. Саевіч, А. Галушка, Г. Бабарыка, Н. Нарэйка, А. Дэбіш (2017); С. Белаяр, У. Лебедзеў, Г. Тамашэвіч, А. і В. Дэбішы, К. Мядзведзева (2019).

Лаўрэатамі 2021 г. сталі: у намінацыя «Проза» — Таццяна Канапацкая з кнігай «Лунінецкая памяць» (Мн., 2020); у намінацыі «Паэзія» — Любоў Красеўская з кнігай вершаў «Та самая сила» (Разань, 2019) і Мікола Антаноўскі «Як ліст сярод лістоў» (Брэст, 2019); у намінацыі «Дзіцячая літаратура» — пісьменніцы Ірына Морых «Марго и волшебный экран» (Брэст, 2019) і Наталля Кухліч «Раскрашенный мир» (Брэст, 2019).

Супрацоўнікі бібліятэкі шчыра віншуюць лаўрэатаў і нагадваюць, што з поўным зборам усіх твораў-пераможцаў можна азнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

 

Матэрыял прадастаўлены аддзелам краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 641 разоў