Панядзелак, 22 Ліпень 2013 11:07

Юбілейны год Валерыя Гапеева

У Івацэвіцкую ЦРБ імя П. Пестрака ў свой юбілейны год завітаў наш зямляк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў – Валерый Мікалаевіч Гапееў.

У чытальнай зале бібліятэкі адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам, у якой прынялі ўдзел прыхільнікі беларускай літаратуры, сябры і літаратурныя паплечнікі юбіляра.

Валерый Гапееў належыць да слаўнай кагорты рупліўцаў беларускага слова, якія пашыраюць колькасць чытаючых па-беларуску, садзейнічаюць таму, каб ў жыцці нашых людзей прысутнічала кніга. Валерый Мікалаевіч — адзін з нешматлікіх пісьменнікаў, які закранае ў сваіх творах праблемы сучасных падлеткаў. Яго кнігі – “Пастка на рыцара”, “Урокі першага кахання”, “Ведзьміна тоня” – выклікалі шмат палемічных водгукаў, сталі прадметам абмеркавання падлеткавай аўдыторыі.

Шмат цёплых слоў пачуў у гэты дзень Валерый Гапееў. Сябры-літаратары Алесь Зайка і Віктар Рэчыц (на здымку) адзначылі асноўныя рысы яго творчай манеры, пажадалі плёну і далейшага росквіту яго літаратурнага таленту.


Марына Рэхва,
метадыст Івацэвіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2863 разоў