Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 03 Красавік 2014 11:27

Мерапрыемствы сакавіка

13 сакавіка бібліятэка-філіял № 7 імя У. Калесніка ў СШ № 10 г. Брэста арганізавала сустрэчу з пісьменніцай, паэткай, драматургам — Зінаідай Іосіфаўнай Дудзюк. Вучні 5-х класаў пазнаёміліся з новай кнігай аўтаркі “Листья волшебного дерева”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат цікавага пра славянскіх язычніцкіх багоў і духаў. Зінаіда Іосіфаўна распавяла аб паходжанні некаторых раслін і жывёл, раскрыла таямніцы незвычайных прыродных з’яў.

У ходзе размовы дзеці задавалі розныя пытанні пісьменніцы, а таксама падарылі ёй свае малюнкі, якія ілюструюць казкі з яе новай кнігі. У канцы сустрэчы аўтарка пакінула ўсім жадаючым  аўтографы і падарыла свае кнігі школьнай бібліятэцы і бібліятэцы-філіялу № 7 імя У. Калесніка “Юность”.

28 лютага ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася творчая сустрэча берасцейскага пісьменніка Анатоля Дэбіша з чытачамі. Аўтар прадставіў публіцы свой новы зборнік вершаў “Зірні ў люстэрка”.
“Пасля 18-гадовага маўчання мы дачакаліся чарговага зборніка. Але гэтыя гады “маўчання” не былі змарнаваны. Яны былі вельмі карыснымі: аўтар пасталеў як паэт, пасталелі яго вершы, узбагацілася мова, вырасла іх вобразнасць”, — зазначыў пісьменнік і вядучы сустрэчы Алесь Каcко.
Прыйшла павіншаваць аўтара з выданнем новага зборніка творчая інтэлігенцыя горада: Васіль Дэбіш, Марыя Якімук, Аляксей Філатаў, Лявон Валасюк, Іван Мельянчук, Яўген Бяласін, сталічныя калегі па пяру — беларускі паэт Усевалад Сцебурака, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і іншыя.
Аўтар зачытаў некаторыя з вершаў, прадстаўленых у зборніку, прадэкламаваў некалькі твораў, якія не ўвайшлі ў зборнік. Берасцейская паэтка Марыя Якімук мела магчымасць праспяваць некалькі песень, пакладзеных на вершы Анатоля Дэбіша. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з кніжнай выставай “І думнасць спраў, і думак чысціня”, на якой былі прадстаўлены зборнікі твораў аўтара, газетныя і журнальныя публікацыі.

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэка-філіял № 12 арганізавала і правяла ва УА “Брэсцкі дзяржаўны політэхнічны каледж” ўрок мужнасці “Мы в памяти храним простые имена”, прысвячаны абаронцам Брэсцкай крэпасці.
Завочны гістарычны агляд па Цытадэлі, этапах яе пабудовы, як апорнага пагранічнага пункта, аб першых гадзінах і днях вайны падрыхтавала і правяла бібліятэкар В. В. Кудзелька. У зале была прадстаўлена кніжная выстава, прысвечаная героям Брэсцкай крэпасці. Экспазіцыя спрыяла папулярызацыі літаратуры дакументальнай ваеннай тэматыкі. Асаблівай цікавасцю карысталіся фотадакументы, прадстаўленыя работнікамі архіва мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”: павялічаныя фота 1939—1941 гг., сапраўдныя трыкутнікі франтавых лістоў, план крэпасці 1940 г.
Велікае ўражанне на прысутных зрабіла выступленне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, чытача бібліятэкі, Авакумава Анатоля Іванавіча. Ветэран перасягнуў 90-гадовы юбілей, але як свежа і ярка гучаў яго аповед аб асабістых сустрэчах з абаронцамі Брэсцкай крэпасці ў 1940-х і 1960-х гг. мінулага стагоддзя.

13 сакавіка бібліятэка-філіял № 2 сумесна з гімназіяй № 5 г. Брэста арганізавалі для навучэнцаў малодшых класаў літаратурную сустрэчу “Сами чудо сотворим” з пісьменнікамі І. Мельнічуком і А. Філатавым.
У гэтым годзе адзначаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму адной з галоўных тэм сустрэчы стала тэма вайны. Берасцейскія аўтары распавялі пра сваё дзяцінства, пра знакавыя моманты жыцця, прачыталі творы, прысвечаныя вайне. Больш дэталёва раскрыла творчасць гасцей кніжная выстава “Война. Жизнь. Творчество”.
Школьнікі ўважліва слухалі выступоўцаў, задавалі свае пытанні, дэкламавалі вершы з кнігі А. Філатава “На абпаленых крылах”, прадстаўлялі інсцэніроўкі па некаторых творах І. Мельнічука.

12 сакавіка бібліятэка-філіял № 2 сумесна з СШ  № 33 г. Брэста арганізавалі для навучэнцаў старэйшых класаў сустрэчу з аўтарам кніг “Брестская крепость: Война и мир”, “Брест. На перекрёстке дорог и эпох: (1019–2009)”, “Брест. Московский район” — Суворавым Аляксандрам Міхайлавічам.
Прадстаўленыя кнігі аўтара экспанаваліся на кніжнай выставе: “Суворов А. М.: писатель, журналист, краевед”. Аляксандр Міхайлавіч пазнаёміў хлопцаў са шматлікімі цікавымі фактамі з гісторыі нашага горада, распавёў аб удзельніках абароны Брэсцкай крэпасці і цяжкіх падзеях ваеннага часу. Шмат карыснага даведаліся школьнікі, але галоўным лейтматывам мерапрыемства было жаданне аўтара абудзіць у падрастаючым пакаленні гонар за свой горад, за слаўную яго гісторыю і за людзей, якія жывуць у ім.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2563 разоў Апошняя змена Чацвер, 03 Красавік 2014 11:42