Чацвер, 28 Жнівень 2014 14:13

Прэзентацыя-інтэрв'ю «Галасы герояў мінулай вайны»

16 ліпеня 2014 года ў Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя-інтэрв'ю «Галасы герояў мінулай вайны».

 Гэтаму мерапрыемству папярэднічала значная работа супрацоўнікаў бібліятэкі: на працягу месяца яны наведвалі ветэранаў Айчыннай вайны, запісвалі іх відэаўспаміны пра гады ваеннага ліхалецця, іх баявы шлях на франтах вайны і партызанскіх атрадах. Атрымаўся каштоўнейшы дакументальны фільм. Шчымлівыя, напоўненыя неаспрэчнай праўдай кадры падчас прэзентацыі дапоўнілі выступленні сведкаў тых даўніх гераічных падзей: Івана Карнеевіча Каранковіча (в. Опаль), які ў саставе трэцяга Беларускага фронту з баямі прайшоў усю Усходнюю Прусію; Пятра Міхайлавіча Магуйлы (в. Варацэвічы), былога франтавога санітара; Міхаіла Антонавіча Лагодзіча (в. Радаўня), сапёра 4-га Украінскага фронту.

Шмат добрых слоў у адрас былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў выказаў старшыня савета раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Пятровіч Куніцкі. А святочны настрой гледачам – удзельнікам мерапрыемства – ахвотна дарылі самадзейныя артысты ветэранскага хора «Нязгасны агеньчык», салісты Цэнтра культуры і народных традыцый.

 

   

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1432 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 16:47