Панядзелак, 23 Люты 2015 14:30

Выстава работ Сяргея Бескаравайнага «Полёт кисти»

У фае Маларыцкай ЦРБ разгарнулася выстава работ мясцовага мастака Сяргея Бескаравайнага «Полёт кисти». На іх – маларытчане, вядомыя далёка за межамі раёна.

Сярод прадстаўленых 16 работ майстра пендзля – партрэты спартсменаў, трэнераў: Пятра Пачынчука, Васіля Хапаля, Леаніда Тараненкі, Барыса Пухоўскага, Раісы Грэбень, Мікалая Германюка, Уладзіміра Серады, Васіля Леўчука, Андрэя Сацюка… Між іншым, партрэты, напісаныя Сяргеем Бескаравайным, цяпер можна ўбачыць яшчэ ў СШ № 2, адміністрацыйным будынку гарадскога стадыёна, ва ўніверсальным спартыўным цэнтры «Жамчужына». Некаторыя работы мастака таксама знаходзяцца ў прыватных калекцыях розных гарадоў Беларусі і Расіі. Варта дадаць, што ў 2006 г. адбылася персанальная выстава Сяргея Бескаравайнага ў мастацкім музеі г. Брэст (Паўднёвыя казармы Брэсцкай крэпасці).

– Майстэрству малявання вучыўся сам, – кажа Сяргей Аляксандравіч. – Ніякай спецыяльнай адукацыі ў мяне няма. Малюю з дзяцінства. Без пендзля, фарбаў, мальберта не ўяўляў свайго жыцця. У гэтым была і ёсць нейкая ўнутраная патрэба. Творчая праца – асаблівы стан душы. Цяпер пішу партрэты толькі тады, калі ёсць настрой. Добры час для працы – сонечнае надвор’е. Кажуць, што мастак малюе не тое, што бачыць, а тое, што адчувае. Я таксама прытрымліваюся гэтай думкі.

– Сяргей Аляксандравіч, як вы адбіраеце людзей, партрэты якіх малюеце?

– Пішу сімпатычных мне людзей, якія адкрытыя, падыходзяць па сваёй энергетыцы.

– Колькі часу затрачваеце на адзін партрэт?

– Па-рознаму бывае. Аднак у асноўным атрымліваецца 2 партрэты ў месяц. Бывае, што і тры. Калі чалавек знаёмы мне, то праца ідзе хутчэй.

…Сяргей Бескаравайны не сядзіць без працы. Цяпер ён адначасова піша партрэты двух спартсменаў: Валянціна Курдзюка і Мікалая Сіпчука.

 

Мікалай НАВУМЧЫК.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2220 разоў Апошняя змена Панядзелак, 23 Люты 2015 14:42