Чацвер, 12 Красавік 2012 14:15

2012 — год юбілеяў пісьменнікаў Берасцейшчыны.

У сакавіку-красавіку аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі працягвае знаёмства чытачоў з пісьменнікамі-юбілярамі Берасцейшчыны і ў чарговым раздзеле выставы “Пісьменнікі Берасцейшчыны — юбіляры” прадстаўляе творчасць трох нашых землякоў: Міколы Панасюка, Івана Арабейкі і Рышарда Капусцінскага.

Мікалай Васільевіч Панасюк нарадзіўся 9 сакавіка 1947 года на хутары непадалёк ад вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна. Свой  лёс ён звязаў з журналістыкай: літсупрацоўнік, адказны сакратар Iванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”, уласны карэспандэнт рэспубліканскай газеты “Звязда” па Брэсцкай вобласці, часопісаў “Камуніст Беларусі” і “Беларуская думка”, газеты “Беларуская ніва”. Пісьменнік-дакументаліст з’яўляецца аўтарам кніг “Мужнелі ў барацьбе” (Мн., 1975), “Арыенцір — сузор’е Арыён” (Мн., 1975), “К созвездиям” (Мн., 1977), “Полесская целина” (Мн., 1982), “Світальныя зоркі” (Мн., 1987), “Зоркі над Бугам” (Мн., 1990) і шэрагу іншых, у якіх знаёміць нас з простымі людзьмі палескай вёскі і са знакамітымі дзеячамі Беларусі. Адзін з галоўных герояў творчасці Міколы Панасюка—двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт П. І. Клімук.

Іван Сяргеевіч Арабейка нарадзіўся 26 сакавіка 1942 года ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна. З’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі “Услед за сонцам” (Мн., 1972) і “Асенні ранак” (Мн., 1978). ”У асобе Івана Арабейкі спалучыліся два пачаткі—паэтычны і ўталітарна-практычны. Кожны з іх меў свае жыццёвыя вытокі” (А. Майсейчык). Вершы паэта рэгулярна з’яўляюцца ў абласным і рэспубліканскім друку.

Рышард Капусцінскі нарадзіўся 4 сакавіка 1932 года ў Пінску. Пасля вайны пасяліўся ў Варшаве. Скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. З’яўляўся адным з самых паспяховых польскіх журналістаў і свае кнігі пісаў па матэрыялах журналісцкіх камандзіровак. Аўтар кніг рэпартажаў-эсэ: “Кіргіз злазіць з каня” (1968), “Яшчэ дзень жыцця” (1976), Футбольная вайна” (1978), “Шахіншах” (1982) і інш.,; паэтычных зборнікаў: “ Notes” (1986), “Законы прыроды” (2006). Пісаў на польскай мове, творы перакладзены больш чым на 30 моў свету. Капусцінскі з’яўляўся членам Саюза польскіх пісьменнікаў, польскага ПЭН-клуба, Еўрапейскага парламента пісьменнікаў, Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтва. У 1995 годзе ў Польшы Капусцінскага аб’явілі журналістам стагоддзя. Быў уганараваны многімі прэміямі і ўзнагародамі. Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. На беларускай мове выйшаў зборнік вершаў “Вяртанне” (Мн., 2007), раман “Імперыя” (Мн., 2009) і выбраныя творы “Падарожжы з Герадотам” (Мн., 2009). У 2007 годзе пісьменнік пайшоў з жыцця.

Запрашаем прыхільнікаў творчасці юбіляраў для азнакамлення з выставай ў аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

Выставу падрыхтавала галоўны бібліёграф Жэлянгоўская Ірына Іванаўна.
Тэлефон для даведак: + 375 (162) 23 22 04 Кавенька Таццяна Сямёнаўна

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3824 разоў Апошняя змена Чацвер, 12 Красавік 2012 14:17