Чацвер, 12 Студзень 2012 01:00

2012 – год юбілеяў пісьменнікаў Берасцейшчыны.

У лютым у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адкрыўся цыкл кніжных выстаў “Пісьменнікі Берасцейшчыны — юбіляры”.

Яго адкрылі: Ніна Гарагляд, пісьменніца, нарадзілася на хутары Паўлінава Пінскага раёна, жыве і працуе ў г. Камянцы; Мікола Сянкевіч, празаік і паэт, выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, нарадзіўся на хутары Паянтрый паблізу вёскі Асіпавічы Драгічынскага раёна; Алена Ігнацюк, паэтэса, выкладчыца Палескага ўніверсітэта, нарадзілася ў в. Осаўцы Драгічынскага раёна. Творчасць землякоў прадстаўлена зборнікамі паэзіі і прозы. Ніна Гарагляд выдала кнігі “Матчына песня” (Брэст, 1995) і “Душа мая босая” (Камянец, 2004) К, Мікола Сянкевіч —  “Мае пракосы” (Брэст, 2007), “Усё як было” (Мн., 1997), “Хутар Паянтарый” (Брэст, 2002), “Вучні і вершы: вывучэнне класічных вершаў на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковых класах” (БрДУ, 2007); Алена Ігнацюк — “Нота ля” (Мн., 2000), “Летаргія” (Мн.,2006). Нашы юбіляры публікавалі свае літаратурныя артыкулы і краязнаўчыя нарысы ў часопісах: “Маладосць”, “Роднае слова”, “Беларусь”, “Полымя”, “Нёман”, “Першацвет”, “Тэрмапілы”, “Крыніца”, “Радавод”, “Дзеяслоў”. На выставе таксама прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці пісьменнікаў, сярод якіх галоўнае месца займаюць: “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (Брэст, 2008), кніга В. Я. Ляшук і Г. М. Снітко “Літаратурная Берасцейшчына” (Мн., 2008), “Памяць. Драгічынскі раён” (Мн., 1997).
Шчыра віншуем Ніну Гарагляд, Алену Ігнацюк і Міколу Сянкевіча з Днём народзінаў і запрашаем усіх прыхільнікаў беларускага пісьменства да знаёмства з іх творчасцю ў аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Выставы з цыклу “Пісьменнікі Берасцейшчыны — юбіляры” будуць працаваць на працягу ўсяго года.

Выставу ў падарунак рыхтавала бібліёграф Алена Бельская.
Тэлефон для даведак: +375 (162) 23 22 04 Кавенька Таццяна Сямёнаўна

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 4882 разоў Апошняя змена Панядзелак, 03 Верасень 2012 12:21