Супрацоўнікі Бярозаўскай РБС сумесна з Бярозаўскай дзіцячай школай мастацтваў правялі літаратурна-музычнае свята краязнаўчай кнігі «Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць…», прымеркаванае да Дня беларускай пісьменасці і Дня бібліятэк Рэспублікі Беларусь.
Вядучыя мерапрыемства прадставілі гледачам каштоўныя кніжныя рарытэты з фонда ЦРБ: «“Біблія” Францыска Скарыны», «Жыццё блажэннай Еўфрасінні», «Слуцкае Евангелле», факсімільнае выданне «Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», «Кніжная спадчына Беларусі» і інш., а таксама краязнаўчыя выданні: «Бяроза і Бярозаўскі рэгіён», «Збор выбраных твораў Ніны Мацяш», «Героическая Брестчина», «Здзітава – Радзіма мілая!», «Журналистские будни», «Малыя Лясковічы. Была такая вёска…».
У ходзе святкавання былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы краязнаўчы праект «Героическую землю наследую я». Ганаровае права павіншаваць і ўзнагародзіць пераможцаў было нададзена начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т. М. Кавалёк і старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белорусский фонд Мира» В. В. Резько.
Госцем свята выступіла маладая паэтеса, лаўрэат Літаратурнага конкурсу імя М. Багдановіча, дыпламант абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэсцкай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – Алена Папко.
Яркім і насычаным дапаўненнем мерапрымства сталі кніжныя выставы і экспазіцыі: «На кніжных прасторах любай Беларусі», «Мова пачынаецца са слоўніка», «Творчыя краязнаўчыя працы бібліятэкараў – намінанты конкурсаў», «Чытайце! Паэты пішуць аб вайне».
Карысталася поспехам у гледачоў выстава творчасці супрацоўнікаў бібліятэк «Залацінкі бібліятэчнай творчасці».