Панядзелак, 15 Люты 2016 15:43

Прэзентацыя кутка афганца “Подвиг и память Афганистана”

Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў 14 лютага ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кутка афганца “Подвиг и память Афганистана”. Гэтая экспазіцыя – сумесная праца супрацоўнікаў ЦРБ і АГА “БСВВА” Жабінкаўскага раёна, своеасаблівая справаздача аб праведзенай рабоце за апошнія 2 гады. Яе мэта – расказаць маладому пакаленню аб ураджэнцах краю, якія выпрабавалі на сабе смяротны колазварот Афганскай вайны, спазналі сапраўдную каштоўнасць жыцця і баявога братэрства і увекавечанне памяці воінаў, якія загінулі ў Афганістане.

 

Эпіграфам экспазіцыі стаў верш паэта Р. Бензерука, які выбіты на мармуровай дошцы помніка воінам-афганцам у г. Жабінка:

Адвагу вашу ведаюць здавён

Гарачыя вятры Афганістана.

Няхай заўсёды будзіцьпокліч-звон

Пра вас, Героі, нашу памяць.

Гісторыю дзесяцігадовай вайны складана змясціць на маленькай прасторы, але арганізатары мерапрыемства пастараліся тэзісна акрэсліць асноўныя этапы, распавесці пра страты, пра ўзнагароды і вынікі вайны. Асаблівае месца на выставе надалі загінуўшым – Дудару В. М., Мігелю В. У., Марозу М. І., Грудніцкаму С. А.

Там жа былі размешчаны дзве папкі з інфармацыяй аб воінах-афганцах, якія вярнуліся з вайны. Асобным выданнем  выйшлі ўспаміны пра вайну нашых землякоў.

Усе сабраныя матэрыялы даступныя на сайце Жабінкаўскай ЦБС у рубрыцы «Краязнаўства», створаны электронная прэзентацыя «Воіны-інтэрнацыяналісты Жабінкаўскага раёна» і краязнаўчая БД «Афганістан: наша памяць і боль».

У дадатак да інфармацыі на экспазіцыі прадстаўлена экіпіроўка савецкага салдата ў Афганістане, якая істотна адрознівалася ад статутнай формы, прынятай у Савецкім Саюзе. Тут жа можна ўбачыць і салдацкую пляшку, і пераносную ранцавую радыёстанцыю, і рэчмяшок, і санітарную медыцынскую сумку. Падчас сустрэчы гучалі песні афганскай тэматыкі пад гітару ў выкананні М. М. Новіка.

«Праца наша на гэтым не заканчваецца, мы толькі напачатку шляху», – адзначыла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ Г. Г. Дулевіч.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2619 разоў Апошняя змена Аўторак, 26 Снежань 2017 16:15