Серада, 25 Чэрвень 2025 11:56

5 лістапада 2025 г. — 40 гадоў з дня адкрыцця музея авіяцыі і касманаўтыкі «Космас» у г. Брэсце (1985–2003), аддзела Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея

У мікрараёне «Усход-2» г. Брэста доўгі час знаходзіўся самалёт «ИЛ-18», які рашэннем ЦК УЛКСМ у 1981 г. быў падораны камсамольцам Брэстчыны як узнагарода за выдатную работу. Самалёт паставілі на пляцоўцы, дзе быў створаны «Дзіцячы гарадок», паблізу ў 1984 г. узведзены фізкультурна-аздараўленчы комплекс і дзіцячае кафэ. Самалёт стаў славутасцю горада і сімвалам камсамольскай арганізацыі.

Пасажырскі самалёт «ИЛ-18» будаваўся для авіяліній сярэдняй працягласці, стаў флагманам савецкай авіяцыі. Першы палёт «ИЛ-18» адбыўся 4 ліпеня 1957 г., з 1959 г. пачалася масавая эксплуатацыя такіх машын. Чатырохматорны авіялайнер даўжынёй 35,9 м і размахам крылаў 37,42 м прымаў на борт 120 пасажыраў і 5 членаў экіпажа, дасягаў практычнай столі 10 000 м, дальнасць палёта складала 7100 км, максімальная хуткасць 685 км/г. Усяго было пабудавана 719 такіх самалётаў. Брэсцкі экземпляр пабудаваны ў 1961 г., пасля выпрацоўкі прызначанага рэсурсу спісаны ў 1981 г.

Было вырашана стварыць у салоне самалёта «ИЛ-18» музей авіяцыі і касманаўтыкі, што даручылі абласному краязнаўчаму музею. Дырэктарам тады была Тамара Адамаўна Слесарук. Вялікую дапамогу ў стварэнні музея аказалі работнікі Брэсцкага аэрапорта, электрамеханічнага завода, мэблевай фабрыкі, завода «Тэкстыльмаш», брэсцкія мастакі Міхаіл Карнілавіч Канькоў і Барыс Мікалаевіч Малахаў.

Заснавальнікам музея стаў Аляксей Ягоравіч Ерашэнка. Ураджэнец Казахстана, служыў у Камсамольску-на-Амуры, з дня палёту Юрыя Гагарына захапляўся космасам, збіраў кнігі і маркі на тэму касманаўтыкі. Быў асабіста знаёмы з В. У. Церашковай, П. І. Клімуком, У. В. Кавалёнкам, сям’ёй першага касманаўта Ю. А. Гагарына. Пасля пераезду ў г. Брэст падпалкоўнік у адстаўцы А. Я. Ерашэнка працаваў кіраўніком ваеннай справы ў СШ № 19, тут стварыў музей баявой і працоўнай славы, дзе быў куток касманаўтыкі. Каб сабраць цікавыя экспанаты пісаў лісты касманаўтам з сацыялістычных краін, у адказ атрымаў сувеніры з Кубы, ГДР, Польшчы, Чэхаславакіі, Румыніі.

Новы аддзел абласнога краязнаўчага музея — музей авіяцыі і касманаўтыкі «Космас» быў урачыста адкрыты 5 лістапада 1985 г. Адрас: вул. Маскоўская, 348/3. Плошча экспазіцыі 70 кв. м. Звыш 400 экспанатаў расказвалі аб гісторыі авіяцыі, касманаўтыкі і яе знакамітых прадстаўніках: К. А. Цыалкоўскім, С. П. Каралёве, Ю. А. Гагарыне, В. У. Церашковай, У. В. Кавалёнку і інш. Сярод каштоўных экспанатаў: асабістыя рэчы ўраджэнца Брэстчыны Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта авіяцыі А. С. Благавешчанскага, лётныя касцюм і камбінезон касманаўтаў ГДР Зігмунда Йена і Кубы Арнальда Тамайё Медэса. Адзін з раздзелаў экспазіцыі быў прысвечаны подзвігам лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны.

Асобны раздзел экспазіцыі быў прысвечаны першаму беларускаму лётчыку-касманаўту Пятру Ільічу Клімуку, які нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага раёна. Лятаў у космас у 1973, 1975 і 1978 гг., правёў на арбіце амаль 80 сутак. На малой радзіме ў Тамашоўскай сярэдняй школе, дзе ён вучыўся, у 1978 г. створаны музей касманаўтыкі — першы ў Беларусі. У г. Брэсце на бул. Касманаўтаў устаноўлены помнік земляку, двойчы Герою Савецкага Саюза. У «Космасе» экспанаваліся асабістыя рэчы П. І. Клімука: гармонь, першы пашпарт, гермашлём, пасляпалётны памятны знак, вымпелы і інш.,

Брэсцкі музей «Космас» быў папулярным турыстычным аб’ектам, яго наведвалі школьнікі Брэста і вобласці, турысты з усіх рэспублік СССР і розных замежных краін. Білет у музей каштаваў 20 капеек (дзіцячы — 5 капеек).

Пасля распаду СССР музей «Космас» пачаў паступова прыходзіць у заняпад. Экспазіцыя ўжо не цікавіла, ішло ачарненне дасягненняў савецкага народа, дзеці перасталі марыць аб небе і палётах да зор. Пад канец 1990-х у самалёце адключылі электрычнасць і ацяпленне. Каштоўныя экспанаты забралі на захоўванне ў фонды абласнога музея, засталіся толькі кнігі, паштоўкі, значкі, а стойкі да холаду Аляксей Ягоравіч працягваў тут працаваць.

Позна вечарам 22 сакавіка 2003 г. здарыўся пажар, экспазіцыя была моцна пашкоджана. Далейшае выкарыстанне самалёта пад музей стала немагчымым. Ні адна ўстанова не захацела браць на сябе адказнасць за будучыню музея. Рашэннем аблвыканкама ад 24 чэрвеня 2004 г. самалёт «ИЛ-18» быў перададзены ў камунальную ўласнасць горада. Самалёт па сутнасці стаяў без гаспадара, шэсць гадоў непагадзь знішчала канструкцыі, яшчэ год-два — і засталося б толькі вывезці на сметнік.

Па хадайнічанні Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь рашэннем Брэсцкага гарвыканкама самалёт быў перададзены Цэнтральнаму аэраклубу ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца. У маі 2009 г. работнікі Мінскага авіярамонтнага завода пры дапамозе брэсцкіх камунальнікаў разабралі самалёт на часткі і перавезлі ў Музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам у п. Баравая Мінскага раёна. Гэта адзіны экзэмпляр «ИЛ-18» у краіне. Для музеефікацыі самалёта давялося ўкласці значную суму.

Сярод назіраючых за разборкай самалёта быў А. Я. Ерашэнка, які ледзь стрымліваў слёзы: «Двадцать восемь лет своей жизни я собирал материалы по космонавтике, организовал этот музей, водил здесь экскурсии. Уникальные были экспозиции. Сюда же со всего мира люди приходили. Жаль, что после пожара никто не захотел продолжить когда-то начатое мною».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Музей «Космос» // Брест : энциклопедически й справочник. Минск, 1987. С. 274.
  2. Рубашевский, Ю. Космос души : [о собирателе предметов на тему космонавтики, основателе брестского музея «Космос» Алексее Ерошенко] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2011. 18 мая.
  3. Кульбака, А. Махну серебряным тебе крылом... : в Бресте самолет оказался лишним, в Минске нет : [самолет ИЛ-18 перемещают в музей авиационной техники под Минском] / Александр Кульбака // Вечерний Брест. 2009. 20 мая. С. 1, 7.
  4. Литвинович, Е. Прощай, винтокрылая птица! : [о разборке самолета ИЛ-18 и перевозе его в музей авиационной техники] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 19 мая. С. 2.
  5. Митюков, А. Железная птица у ЦМТ приземлится? : [о проблеме сохранения самолета в Бресте, где ранее размещался музей космонавтики] / Александр Митюков // Заря. 2007. 19 апреля. С. 7.
  6. Шапран, Ю. И снится нам не рокот космодрома... : [о пожаре, уничтожившем экспозицию музея «Космос»– филиала областного краеведческого музея] / Юрий Шапран // Вечерний Брест. 2003. 2 апреля. С. 15.
  7. Вашейка, В. Уникальный музей стал жертвой огненной стихии : [об уничтоженном пожаром музее «Космос»] / Вячеслав Вашейка // Брестский курьер. 2003. № 13. С. 3.
  8. Шапран, Ю. Прерванный полет : [о музее «Космос» – филиале областного краеведческого музея] / Юрий Шапран // Вечерний Брест. 2002. 18 октября. С. 5.
  9. Некрасов, А. На честном слове и на одном крыле : [о музее авиации и космонавтики «Космос» в Бресте] / А. Некрасов // Вечерний Брест. 1999. 26 февраля. С. 8.
  10. Новаковская, С. Забыли про «Космос»? : [о брестском музее «Космос» – филиале областного краеведческого музея] / Слава Новаковская // Брестский курьер. 1998. 30 июля. С. 5.
  11. Музей «Космас» : [у г. Брэсце] // Народная трыбуна. 1992. 13–19 студзеня (№ 3). С. 1.
  12. Музей космасу : [пра музеі, прысвечаныя космасу, у Брэсцкай вобласці] // Звязда. 1990. 20 лютага.
  13. Пилипчук, П. Земная орбита «Космоса» : [о брестском музее «Космос», которым руководит Алексей Ерошенко] / П. Пилипчук // Заря. 1988. 9 января.
  14. Шилин, П. «Космос» – в самолете : [о новом музее «Космос» в г. Бресте] / П. Шилин // Заря. 1985. 16 ноября. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 221 разоў Апошняя змена Серада, 02 Ліпень 2025 09:36