Чацвер, 19 Люты 2026 08:42

9 лістапада 2024 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Піліпа Казіміравіча Харкевіча (1859–1925), ваеннага дзеяча, гісторыка

Піліп Казіміравіч Харкевіч нарадзіўся 9 лістапада 1859 г. (па іншых звестках — у 1860 г.) у Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні ў сям’і рыбака, які стаў потым купцом. Піліп вучыўся ў Брэсцкай мужчынскай прагімназіі. Закончыў Варшаўскае пяхотнае юнкерскае вучылішча, афіцэрскую стралковую школу ў Санкт-Пецярбургу. Амаль увесь час служыў у Брэст-Літоўскай крэпасці, камандаваў ротай, батальёнам.

Жыва цікавіўся гісторыяй роднага горада. Уся Расія ў майскія дні 1900 г. адзначала 100-годдзе з дня смерці А. В. Суворава. Піліпа Харкевіча вельмі цікавілі падзеі на Брэстчыне, звязаныя з імем вялікага рускага палкаводца. Яму было крыўдна, што афіцэры крэпасці амаль нічога не ведалі пра бой Аляксандра Суворава 8 (па новаму стылю 19) верасня 1794 г. у наваколлях Брэст-Літоўска.

У маі 1794 г. паўстанцы Т. Касцюшкі ўстанавілі сваю ўладу ў Брэсце. На падаўленне паўстання прыйшлі рускія войскі. 4 верасня А. В. Сувораў з 10-тысячным атрадам вызваліў Кобрын. 6 верасня разбіў атрад мяцежнікаў генерала Серакоўскага пад Крупчыцамі (цяпер в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна) і, праследуючы паўстанцаў, падышоў да Брэста. Рускія спыніліся ў в. Трышын (цяпер у межах Брэста), праз дзень фарсіравалі Мухавец, а затым і Заходні Буг, і канчаткова разбілі паўстанцаў ля Цярэспаля. А. В. Сувораў адрапартаваў: «Корпус Сераковского кончил!», затым размясціўся ў Брэсце, з месяц збіраў і нарыхтоўваў правіянт. 9 лістапада рускія ўвайшлі ў Варшаву. За перамогі, атрыманыя ў 1794 г., А. В. Сувораў атрымаў чын фельдмаршала.

Піліп Харкевіч азнаёміўся з гістарычнымі матэрыяламі пра падзеі таго часу, рапартамі самаго А. В. Суворава. Стаў брадзіць па палях, вывучаў бой на мясцовасці, распытваў старажылаў. Бой пад Брэстам — гэта шэраг скарацечных і кровапралітных сутычак на працягу больш за 12 км. Яму ўдалося знайсці магілы загінулых салдат, сабраць шмат паданняў, якія захаваліся ў народзе. У маі 1900 г. на магіле паўшых воінаў ля Балоткава (цяпер у Польшчы), на якой быў насыпаны вялікі курган, была праведзена паніхіда ў прысутнасці войск гарнізона Брэст-Літоўскай крэпасці.

У дні юбілея Піліп Харкевіч падняў пытанне аб будаўніцтве помнікаў на брэсцкім Сувораўскім полі бітвы. Ідэя яго была адобрана таварышамі-аднапалчанамі, падтрымаў яе таксама камендант крэпасці. Неўзабаве пачалі паступаць ахвяраванні — было сабрана каля 1620 руб., і ў 1902 г. адбылося адкрыццё цэлага шэрагу помнікаў і абеліскаў.

Каля в. Карошчын на кургане ўстаноўлены помнік з жалезным крыжам і надпісам: «Братская могила русских и польских воинов, павших в битве Суворова 8-го сентября 1794 г.». Галоўны помнік устанавілі ля Балоткава, ён меў выгляд высокага абеліска з белым мармуравым крыжам у 7 аршын. З усходняга боку ў нішы была змешчана барэльефная ікона Прасвятой Багародзіцы, пад нішай пазалочаны надпіс «Памяти Суворовсих чудо-богатырей, павших в бою с поляками 8-го сентября 1794 г.». Вакол абеліска агароджа з 8 гармат-адзінарогаў, звязаных ланцугом.

Адзін з абеліскаў быў узведзены на правым беразе Мухаўца паблізу в. Шпановічы (цяпер у межах Брэста) у памяць пераправы праз раку. Тэкст на абеліску быў такі: «Здесь, в час ночи 8-го сентября 1794 года, Суворов, двигаясь со своим корпусом в обход позиции поляков у Тересполя, перешёл в брод Мухавец, а затем Буг у Михалкова. Атакованный им утром польский корпус Сераковского был разбит на голову. Воздвигнут в 1903 году усердием гарнизона Брест-Литовской крепости, войск 19-го армейского корпуса и полков, принимавших участие в бою».

П. К. Харкевіч выдаў брашуру «О памятниках на Брестском Суворовском поле сражения» (1902). Запыт на яе быў такі вялікі, што аўтар выпусціў яе другім выданнем пад новай назвай, выправіўшы недахопы і значна дапоўніўшы. Кніга падпалкоўніка П. К. Харкевіча «Розыски на Суворовском поле сражения под Брестом» (1909) была выдадзена ў Кранштадце і з’яўляецца першай дарэвалюцыйнай працай аб ваенных дзеяннях А. В. Суворава ў наваколлях Брэста. У ёй утрымліваецца шмат ілюстрацый, фатаграфіі ўзведзеных помнікаў і абеліскаў, план бітвы пры Брэст-Літоўску 8 верасня 1794 г.

У 1910 г. П. К. Харкевіч атрымаў чын палкоўніка. За час службы ўзнагароджаны ордэнамі св. Станіслава ІІ ступені (1901), св. Ганны ІІ ступені (1906), св. Уладзіміра IV ступені (1911). Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, служыў у 268-м пяхотным Пашахонскім палку, 62-м пяхотным Суздальскім палку, быў паранены і кантужаны. У 1916 г. па стане здароўя звольнены са службы з прысваеннем звання генерал-маёра. Вярнуўся ў родны Брэст, які апынуўся пад польскай акупацыяй. Памёр у 1925 г., пахаваны на Трышынскіх могілках.

Абодва выданні П. К. Харкевіча з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, іх няма ў бібліятэках Беларусі. У 1971 г. Ленінградская публічная бібліятэка імя М. Е. Салтыкова-Шчадрына, дзе захоўваецца экземпляр, перадала фотакопію кнігі П. К. Харкевіча «Розыски на Суворовском поле сражения под Брестом» у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.

У наш час у Брэсце існуюць два помнікі А. В. Сувораву. Абеліск на вул. Трышынскай, рэстаўраваны ў 1952 г. і ў 2000-я гг. Абеліск ля былога Сувораўскага маста, на перакрыжаванні вул. Чырвонасцяжнай і Шаўчэнкі, які быў устаноўлены ў 1903 г., рэстаўраваны ў 1952 г., 1973 г. і ў пачатку 2000-х. У Польшчы ля Балоткава захаваўся помнік 1902 г., але без гармат, крыжа, іконы і надпісаў, якія былі страчаны ў 1918 г. Цяпер там сціплая шыльда на польскай мове: «Воінам армій польскай і рускай, паўшым у бітве пад Цярэспалем у верасні 1794 г.».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Бензярук, А. Р. Баявыя дзеянні вакол Брэста летам і восенню 1794 года / А. Р. Бензярук // Materiały międzynarodowej konferencji popularno-naukowej poświęconej słynnym polakom wywodzącym się z Polesia, Białoruś, Brześc, 21–23 maja 2004 roku = Материалы международной популярно-научной конференции, посвященной знаменитым полякам, рожденным на Полесье, Брест, 21–23 мая 2004 года. Брест : Академия, 2006. Ч. 4. С. 19–25.
  2. Суворову А. В. памятники // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 346.
  3. Харкевич, Ф. К. Розыски на Суворовском поле сражения под Брестом : (очерк для войск и народа) / Ф. Харкевич. – 2-е изд., доп. и ил. – Кронштадт, 1909. – [4], 121 с., 2 л. ил. : ил., карт.
  4. Харкевич, Ф. К. О памятниках на брестском Суворовском поле сражения / Ф. К. Харкевич. – Брест-Литовск, 1902. – [2], 41 с.
  5. Харкевич, Ф. К. Розыски на полях Суворовских сражений : VIII. Брест-Литовск / Ф. К. Харкевич // Варшавский военный журнал. 1903. № 2.
  6. Рубашевский, Ю. Костюшко помнят в Тересполе : [в Тересполе прошло торжество в память сражения войск Т. Костюшко и А. В. Суворова 19 сентября 1794 г.] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 19 сентября. С. 2.
  7. Грэчка, I. «Хай Бог грахі даруе.., хто па-геройску лёг у бітве...» : [Крупчыцкая бітва А. В. Суворава з паўстанцамі Караля Серакоўскага, 1794 г.] / Iгар Грэчка // Краязнаўчая газета. 2005. № 44. С. 5.
  8. Александренко, Л. Ф. К. Харкевич – военный историограф / Л. Александренко // Заря. 1971. 13 июля. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 18 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Люты 2026 09:11