Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 15:42

У сектары краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага працуе кніжная выстава «На добры ўспамін: бібліятэчныя аўтографы».

Асабліва каштоўнымі для любой бібліятэкі з’яўляюцца выданні з аўтографамі пісьменнікаў. Гэтыя кнігі ўнікальныя, адзіныя ў сваім родзе. Нехта з аўтараў піша свае пажаданні чытачам і супрацоўнікам бібліятэкі, нехта выказвае сваю ўдзячнасць. У розныя гады Брэсцкую абласную бібліятэку наведвалі шматлікія выбітныя людзі. Частка кніг, прадстаўленых на выставе, падорана бібліятэцы самімі аўтарамі, на некаторых з выданняў аўтары пакідалі свае подпісы падчас экспанавання кніжных выстаў на разнастайных мерапрыемствах.

На экспазіцыі прадстаўлены кнігі з подпісамі вядомых на Берасцейшчыне пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, краязнаўцаў, гісторыкаў; шматлікія працы выкладчыкаў навучальных устаноў Брэсцкай вобласці. Сярод рарытэтных — аўтографы беларускага археолага Пятра Лысенкі, першага касманаўта Беларусі Пятра Клімука, архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана. Экспазіцыя дае магчымасць таксама ўбачыць на ўласныя вочы калекцыю кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў: Янкі Брыля, Івана Навуменкі, Івана Мележа, Максіма Танка і іншых.

Запрашаем усіх жадаючых азнаёміцца з матэрыяламі выставы «На добры ўспамін: бібліятэчныя аўтографы», якая будзе дзейнічаць у сектары краязнаўства на працягу чэрвеня 2025 года.

Сектар краязнаўства

+375 162 57 48 79

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 28 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 15:46