Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Снежань 2020 10:06

5 лістапада 2020 г. — 65 гадоў з дня адкрыцця Столінскага раённага краязнаўчага музея (1955)

Столінскі раённы краязнаўчы музей быў заснаваны па рашэнні райвыканкама ад 1 жніўня 1953 г. Ля вытокаў стварэння стаялі першы дырэктар Вера Мацвееўна Очкіна і навуковы супрацоўнік Яўстафій Юльянавіч Высоцкі. Іх рукамі і энтузіязмам амаль на пустым месцы была створана першая экспазіцыя, якая адкрылася 5 лістапада 1955 г. Размяшчалася яна на другім паверсе двухпавярховага будынка па вул. Леніна, 3, меліся дзве экспазiцыйныя залы плошчай 53 кв. м — прыроды і гісторыі.

 

У 1970 г. музей размясціўся ў старым будынку, у якім з 1957 г. да канца 1960-х знаходзіўся міжраённы Дом заслужаных калгаснікаў, у глыбіні старажытнага парку «Манькавічы», які ў 1967 г. атрымаў статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння. 7 сакавіка 1976 г. была адкрыта другая экспазіцыя, якая мела 6 залаў агульнай плошчай 206 кв. м.

На 1987 г. у фондах было больш за 8 тыс. экспанатаў асноўнага фонду: прадметы эпохі неаліту і бронзавага веку, этнаграфічная калекцыя, фотакопіі дакументаў ХІХ ст., дакументы і матэрыялы пра барацьбу працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, падпольны і партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, развіццё народнай гаспадаркі і культуры.

У лістападзе 1994 г. экспазіцыя музея была дэманціравана для капітальнага рамонту будынка. 11 снежня 2005 г. была адкрыта трэцяя экспазіцыя на той жа плошчы. 6 экспазіцыйных залаў па тэмах прыроды, археалогіі, гісторыі, ганчарства і этнаграфіі. У першай зале гістарычнай экспазіцыі — кальчуга ХІІІ ст., зброя і абмундзіраванне воінаў рускай арміі часоў вайны 1812 г. Багата прадстаўлены фотаматэрыялы 1920–1930-х гг. Асобнае месца адведзена раскрыццю значэння магнацкага роду Радзівілаў у гісторыі і культуры Століншчыны. Асобная зала прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У наступныя гады экспазіцыя дапрацоўвалася, удасканальвалася, фактычна цяпер дзейнічае чацвёртая экспазіцыя. З’явілася новая зала — зала пасляваеннага развіцця Століншчыны.

У 2005–2010 гг. музейныя работнікі распрацавалі і рэалізавалі чатыры праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У выніку база музея папоўнілася камп’ютарнай тэхнікай, відэапраекцыйным абсталяваннем, транспартам. Цяпер на чарзе перавод музейных калекцый у лічбу, што дасць магчымасць радыкальна ўпарадкаваць фонды, пазнаёміць карыстальнікаў з каштоўнымі экспанатамі праз сетку Інтэрнэт.

Музей аказвае метадычную дапамогу грамадскім музеям раёна, большасць з іх створаны пры сярэдніх школах. У 2011 г. былі ўтвораны філіялы музея: Музей гісторыі горада Давыд-Гарадка, Гараднянскі музей-сядзіба ганчара, Рэчыцкі музей народнай славы. У 2018 г. супрацоўнікі музея прымалі ўдзел у адкрыцці другой экспазіцыі Музея гісторыі горада Давыд-Гарадка, у 2019 г. – грамадскіх музеяў: гісторыі міліцыі і музея адукацыі Столінскага раёна.

На 2002 г. мелася 11,7 тыс. прадметаў асноўнага фонду, на 2008 г. — 13,8 тыс. асноўнага, 7,4 тыс. навукова-дапаможнага фондаў. Цяпер фонды налічваюць каля 17 тыс. прадметаў асноўнага і 7,5 тыс. навукова-дапаможнага фондаў. Найбольш багата прадстаўлены калекцыі нумізматыкі, фалерыстыкі, баністыкі, іканаграфіі, жывапісу, этнаграфіі і быту, старадрукаў, халоднай і агнястрэльнай зброі, чучал звяроў, рыб і птушак. З ліку найбольш каштоўных паступленняў за апошні час — 28 карцін заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Васільевіча Уродніча, якія мастак, ураджэнец в. Вялікія Арлы, падарыў музею.

Музей вядзе значную работу па патрыятычным выхаванні. Выкарыстоўвае такія формы работы, як экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, гуртковыя заняткі, перасовачныя выставы твораў знакамітых землякоў. Нядаўна ўкаранілася новая форма работы з наведвальнікамі — тэматычны музейны квэст. У 2015 г. музей наведалі каля 9 тыс. чалавек.

У 2011 г. музей быў адзначаны як лепшая ўстанова культуры з занясеннем на Дошку гонару Столінскага раёна. У розныя гады дырэктарамі былі Вера Мацвееўна Очкіна, Ксенія Аляксандраўна Кожына, Юрый Мікалаевіч Камароў, Святлана Аляксандраўна Луцкая. З 1989 г. установу ўзначальвае Святлана Паўлаўна Вярэніч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Столінскі краязнаўчы музей / З. К. Юхневіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 186.
  2. Столінскі раённы краязнаўчы музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 385–386.
  3. Столинский районный краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 384.
  4. Столинский районный краеведческий музей / С. П. Веренич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 224.
  5. Вярэніч, С. П. Столінскі раённы краязнаўчы музей / С. П. Вярэнич // Музеі Беларусі. Мінск, 2008. С. 517–520.
  6. Столинский краеведческий музей // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 555–556.
  7. Столінскі краязнаўчы музей / Зоя Юхневіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 425.
  8. Столінскі раённы краязнаўчы музей / С. А. Луцкая // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 579.
  9. Столінскі краязнаўчы музей / С. А. Луцкая // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 128.
  10. Столінскі краязнаўчы музей // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1980. Т. 3. С. 461.
  11. Столинский краеведческий музей / Ю. Н. Комаров // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1980. Т. 3. С. 481.
  12. Столінскі краязнаўчы музей / К. Д. Кожына // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 69.
  13. Кісель, А. М. Музеі раёна / А. М. Кісель // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 595–599.
  14. Гашчук, Г. Скарбніца гісторыі Століншчыны / Галіна Гашчук ; фота аўтара // Навіны Палесся. Столін, 2020. 11 снежня. С. 8–9.
  15. Каспяровіч, Л. Падарунак роднаму Палессю : [пра персанальную выставу карцін Уладзіміра Уродніча ў Століне] / Людміла Каспяровіч // Культура. 2020. 26 верасня (№ 39). С. 3.
  16. Кобец, М. О чем расскажет история... : [открылся музей истории города Давид-Городка — филиал Столинского районного краеведческого музея] / Мария Кобец ; фото Анны Мельник // Заря. 2018. 12 апреля. С. 14.
  17. Жылевіч, У. Феномен Высоцкага : [пра Я. Ю. Высоцкага, былога навуковага супрацоўніка Столінскага краязнаўчага музея] / Уладзімір Жылевіч ; фота аўтара // Навіны Палесся. Столін, 2016. 12 ліпеня. С. 6.
  18. Гашчук, Г. Юбілеі ў парку Радзівілаў : [у Століне адзначылі 130-годдзе парку«Манькавічы» і 60-годдзе раённага краязнаўчага музея] / Галіна Гашчук ; фота аўтара // Культура. 2015. 11 ліпеня (№ 28). С. 11.
  19. Митюков, А. Из варяг в Столин : [в Столине отметили 130-летие парка «Маньковичи» и 60-летие районного краеведческого музея] / Александр Митюков // Советская Белоруссия. 2015. 8 июля. С. 9.
  20. Гашчук, Г. Два юбілеі ў парку Радзівілаў : [у Століне адзначылі 130-годдзе парку«Манькавічы» і 60-годдзе раённага краязнаўчага музея] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 7 ліпеня. С. 5.
  21. Вярэніч, С. Парк «Манькавічы» і раённы краязнаўчы музей святкуюць юбілеі / Святлана Вярэніч // Навіны Палесся. Столін, 2015. 2 ліпеня. С. 5.
  22. Сянкевіч, М. Сувязны стагоддзяў : [гісторыя і сучаснасць Столінскага краязнаўчага музея] / Мікола Сянкевіч // Народная трыбуна. 2015. 22 мая (№ 21). С. 4.
  23. Краязнаўчы музей : [пра работу раённага краязнаўчага музея] // Навiны Палесся. Столiн, 2008. 27 мая. С. 6.
  24. Юркевiч, Ю. Чароўны свет мастацкай саломкi : [пра выставу саломапляцення Ю. В. Пiваваравай (Кобрынскi р-н) у Столiнскiм раённым краязнаўчым музеi/ Юрый Юркевiч // Навiны Палесся. Столiн, 2008. 18 красавіка. С. 3.
  25. Зуев, Г. Столинский краеведческий / Г. Зуев // Навiны Палесся. Столiн, 2006. 5 снежня. С. 7.
  26. Вярэнiч, С. Старонкі гісторыі : [да 50-годдзя заснавання Столінскага раённага краязнаўчага музея] / Святлана Вярэніч // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 11 лістапада. С. 5.
  27. Грэчка, I. Дзеля захавання гістарычнай памяці : [Столінскі краязнаўчы музей] / І. Грэчка // Краязнаўчая газета. 2005. Лістапад (№ 42). С. 2.
  28. Максiмовiч, Р. Краязнаўчы музей адкрыецца восенню : [пра рамонт у раённым краязнаўчым музеі] / Р. Максiмовiч // Навiны Палесся. Столiн, 2003. 3 верасня.
  29. Казюля, Я. Новая экспазiцыя ў Столiне : [пра адкрыццё новай экспазiцыi Столiнскага раённага краязнаўчага музея] / Я. Казюля // Голас Радзiмы. 2002. 2 кастрычнiка. С. 5.
  30. Каллаур, В. Дела музейные : [о Столинском районном краеведческом музее] / В. Каллаур // Вечерний Столин. 2001. 17 февраля. С. 8.
  31. Пашкоў, Г. Святло Прыгарыння : [пра Столiнскi раённы краязнаўчы музей i старажытны парк «Манькавiчы»] / Г. Пашкоў // Белорусская нива. 1998. 22 августа. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 663 разоў