Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 12 Сакавік 2021 14:24

8 верасня 2021 г. — 25 гадоў з дня першага рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі» (г. Столін; 1996)

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны сельскагаспадарчыя кірмашы ў Беларусі не праводзілі. У 1980-я гг. былі зроблены спробы адрадзіць традыцыйныя кірмашы як святы ўраджаю. Першы пасляваенны кірмаш з традыцыйнымі гульнямі, песнямі адбыўся ў г. Століне Брэсцкай вобласці 11 кастрычніка 1981 г. Затым столінцы штогод ладзілі святы «Палескі кірмаш», назапасілі вопыт і традыцыі. Пасля вяртання ў беларускую эканоміку рыначных адносін вырасла цікавасць да арганізацыі кірмашоў.

 

Ідэя народнага свята-кірмашу як ушанавання хлебаробаў была актыўна падтрымана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам. Неабходна было маральна падтрымаць аграрыяў і сельскую гаспадарку, якая знаходзілася ў крызісе. Паўзабытая народная традыцыя радавацца новаму ўраджаю пераўтварылася ў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі».

Першае рэспубліканскае свята «Дажынкі» было праведзена ў Століне 7–8 верасня 1996 г. На падрыхтоўку было адведзена ўсяго паўтара месяца, сродкаў выдзелена нямнога. Арганізацыяй падрыхтоўкі займаліся намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Гіляравіч Гаркун і старшыня Столінскага райвыканкама Валерый Іванавіч Піцуха. Касметычна адрамантавалі бібліятэку, гасцініцу, некаторыя іншыя будынкі, абнавілі пакрыццё цэнтральнай вул. Леніна, мадэрнізавалі вулічнае асвятленне. Здалі ў эксплуатацыю новы корпус раённай бальніцы (дзіцячае аддзяленне на 60 месцаў) і паліклінікі.

Агульную ідэю і сцэнарый фестывалю распрацавалі тэлежурналіст Людміла Георгіеўна Палкоўнікава і рэжысёр Аляксандр Дзмітрыевіч Вавілаў. Рэжысёрам культурнай праграмы стаў метадыст раённага метадцэнтра культуры Валянцін Аляксандравіч Іўковіч. Афармленнем галоўнай сцэны займалася мастак-пастаноўшчык Беларускага тэлебачання Галіна Іванаўна Холад.

У першы дзень свята Столін прымаў прафесійных і самадзейных артыстаў з усяе рэспублікі. Пасля шэсця да пл. Леніна, афіцыйнага пачатку з прамовамі (адкрыў фестываль У. Г. Гаркун) і невялікага канцэрта яны раз’ехаліся па гаспадарках раёна, каб там прыняць удзел у мясцовых «Дажынках», якія пачаліся з 14 гадзін.

Раніцай 8 верасня рэспубліканскае святкаванне пачалося на цэнтральных вуліцах райцэнтра, якія пераўтварыліся ў гандлёвыя рады, музычныя і танцавальныя пляцоўкі, дзіцячыя і спартыўныя гарадкі. Прыехалі госці з розных куткоў Беларусі і суседняй Украіны. У 11 гадзін пачалося ўрачыстае шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва «Жніво-96» і творчых калектываў.

Цэнтрам святкавання стала плошча Леніна, дзе выстраіліся дэлегацыі з многіх раёнаў Беларусі і героі жніва — яго пераможцы. Апладысментамі віталі прысутныя прыезд ганаровага госця — Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі. Ад імя гаспадароў выступіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Аляксандравіч Заламай.

Затым прысутных павітаў Аляксандр Рыгоравіч, які адзначыў: «Всем богата наша земля: лесами, реками, озёрами да широкими полями. Особенно хорошо их видно с высоты птичьего полёта: аккуратные, ухоженные, красивые. Такими их сделали вы, уважаемые труженики села. Это ваши мозолистые руки вспахали и засеяли землю, собрали богатый урожай. И этому самоотверженному труду мы должны воздать заслуженные почести».

Удзельнікі фальклорнага гурта «Журавушка» Атвержыцкага сельскага клуба выконваюць абрад дыжанання апошняга снапа, які перадаюць кіраўніку краіны. Пад гукі народных песень на плошчу рухаецца сельскагаспадарчая тэхніка: камбайн «Дон-1500», трактары «Беларусь», сеялкі, раскідальнікі ўгнаенняў і інш.

Потым святкаванне было перанесена на цэнтральную канцэртную пляцоўку, якую пабудавалі да свята на беразе рэчкі Копанец. Тут у 16 гадзін пачалося ўшанаванне пераможцаў. Лепшым хлебаробам уручылі 12 легкавых аўтамабіляў (па два на кожную вобласць), матацыклы, мотаблокі, тэлевізары, грашовыя прэміі (ад 200 тыс. да 4 млн рублёў).

У Столінскім раёне ўраджай зернавых і зернебабовых культур атрымаўся самы высокі ў вобласці — 32,3 ц/га. Прэзідэнт краіны ўручыў ключы ад аўтамабіля «Жигули» камбайнёру калгаса «Прагрэс» (цяпер СВК «Фядорскі») Столінскага раёна Віталію Сяргеевічу Мельніковічу. Матацыкламі ўзнагароджаны член экіпажа В. С. Мельніковіча Сяргей Андрэевіч Дворак, вадзіцель калгаса «Прагрэс» Мікалай Аляксеевіч Шэлест, вадзіцель калгаса імя Калініна Столінскага раёна Аляксандр Міхайлавіч Кавальскі. Шматдзетнай сям’і механізатара Барыса Казені з калгаса «Беларуская ніва» Столінскага раёна ўручаны міні-трактар.

Артысты дарылі героям жніва песні. А прыехалі на Століншчыну музычныя славутасці — ансамблі «Песняры» і «Сябры», кампазiтар Ігар Лучанок, выканаўцы Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Віктар Вуячыч, Надзея Мікуліч, Алеся, Ліка. Спецыяльна да канцэрта У. Някляеў і І. Лучанок напісалі песню «Дажынкі» («Па нашай ніўцы плывуць лябёдкі...»), якую выканалі «Сябры».

На пяці сцэнах яскрава выступалі лепшыя самадзейныя калектывы раёна і Брэсцкай вобласці. На стадыёне прайшоў конкурс гарманістаў і прыпевачнікаў. На вул. Савецкай наладжана выстава-продаж «Мастацтва дома майго», на пл. Леніна — выстава работ мастакоў раёна. Ля кінатэатра «Экран» праведзена бяспройгрышная латарэя.

У гэты час за Копанцам адбываліся паказальныя спартыўныя спаборніцтвы лепшых коннікаў Беларусі. У гарадскім парку на спартыўных пляцоўках ішлі спаборніцтвы па міні-футболе, баскетболе, шахматах, падняцці гіры, у якіх прынялі ўдзел мясцовыя спартсмены; праграма для дзяцей «Спартландыя», народныя гульні і забавы. На завяршэнне свята цёмнае начное неба расквеціў феерверк.

Адну з вуліц у Століне назвалі ў гонар першых «Дажынак» — Дажыначная. Пазней у Століне адбыліся абласныя «Дажынкі» — у 2008 г., у Давыд-Гарадку — у 2017 г. Дзякуючы падрыхтоўцы да святаў гэтыя населеныя пункты сталі добраўпарадкаванымі, утульнымі і сучаснымі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Гуд, П. А. Беларускі кірмаш / Пётр Адамавіч Гуд, Ніна Іванаўна Гуд. – Мінск : Полымя, 1996. – 270 с. : іл.
  2. Мірановіч, В. В. Пачатак традыцыі : [пра рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі» ў Століне (7–8 верасня 1996 г.)] / В. В. Мірановіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 464–465.
  3. Шумко, Ф. Усе дарогі вялі ў Давыд-Гарадок : [пра абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі»] / Фёдар Шумко // Навіны Палесся. 2017. 5 верасня. С. 1–4.
  4. Ярмошук, Н. «Дожинки» в новом формате : [об областном фестивале-ярмарке «Дожинки» в Давид-Городке] / Николай Ярмошук // Заря. 2017. 5 сентября. С. 4.
  5. Свiрыдовiч, В. Хлебны водар дажынак : [пра абласны фестываль-кiрмаш «Дажынкi-2008» у г. Столiне] / Вольга Свiрыдовiч // Народная трыбуна. 2008. 13 верасня. С. 2.
  6. Куницкий, П. Праздничный стол на Столинщине : [областной фестиваль-кирмаш «Дожинки» в Столине] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2008. 10 сентября. С. 1, 3.
  7. Гашчук, Г. На абласных «Дажынках-2008» у Столiне / Галiна Гашчук, Лiлiя Гушча // Навiны Палесся. Столiн, 2008. 9 верасня.
  8. Васільева, В. Бывай, кірмаш... : [замалёўкі з «Дажынак» у Століне] / Валянціна Васільева // Навіны Палесся. Столін, 1996. 21 верасня.
  9. Мірановіч, В. Сяло майстроў : [пра выставу «Мастацтва дома майго» на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі»] / Валянціна Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 1996. 18 верасня.
  10. Лебедзеў, Г. «Славім рукі залатыя сейбітаў і жнеяў...» : [пра рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі» ў Століне] / Г. Лебедзеў // Народная трыбуна. 1996. 14 верасня.
  11. Святкавалі два дні : [пра рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі» ў Століне] // Літаратура і мастацтва. 1996. 13 верасня. С. 2.
  12. Жарский, П. Хвала рукам, что пахнут хлебом / П. Жарский, О. Шведов // Белорусская нива. 1996. 11 сентября.
  13. Беларусь святкавала на Століншчыне «Дажынкі-1996» / Галіна Гашчук [і інш.] // Навіны Палесся. Столін, 1996. 11 верасня.
  14. Сытин, Ф. В нашем доме праздник : [республиканский фестиваль-ярмарка «Дожинки» в Столине] / Ф. Сытин // Советская Белоруссия. 1996. 10 сентября. С. 1–2.
  15. Цішук, П. Хлеб і песня : першым рэспубліканскім фестывалем-кірмашом у Століне нарадзілася традыцыя, якой наканавана доўгае жыццё / П. Цішук // Народная газета. 1996. 10 верасня. С. 1–2.
  16. Свістуновіч, С. Чым багаты, тым і рады : [пра рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі» ў Століне] / С. Свістуновіч // Звязда. 1996. 10 верасня. С. 1–2.
  17. Лазовская, Т. «Дажынкi» отныне и навсегда? : впервые в Беларуси состоялся республиканский фестиваль-ярмарка «Дожинки-96» / Т. Лазовская, Е. Манкевич // Рэспублiка. 1996. 10 верасня. С. 3.
  18. Елец, П. Хвала рукам, что пахнут хлебом : [о республиканском фестивале-ярмарке «Дожинки» в Столине] / П. Елец // Заря. 1996. 10 сентября.
  19. Мікалаеў, А. Дзе праца, там і песня : нататкі з I рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-96» / А. Мікалаеў // Чырвоная змена. 1996. 10 верасня.
  20. Квир, А. Милости просим на Полесье! : [о программе республиканского фестиваля-ярмарки «Дожинки» в Столине] / А. Квир // Белорусская нива. 1996. 6 сентября.
  21. Дым, Н. Село справляет «Дожинки» : [о подготовке республиканского фестиваля-ярмарки в Столине] / Н. Дым // Советская Белоруссия. 1996. 5 сентября. С. 1.
  22. Піцуха, В. І. Свята крочыць да нас : [старшыня райвыканкама расказвае пра падрыхтоўку да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ў Століне; інтэрв’ю] / Валерый Іванавіч Піцуха // Навіны Палесся. Столін, 1996. 4 верасня.
  23. Программа I республиканского фестиваля-ярмарки тружеников села «Дожинки-1996» // Навіны Палесся. Столін, 1996. 3 верасня.
  24. Стасевіч, П. Столінскія «Дажынкі» ўбачыць уся Беларусь... / Павел Стасевіч // Народная газета. 1996. 3 верасня. С. 1.
  25. «Дожинки» станут праздником вечных человеческих ценностей : [о подготовке к республиканскому фестивалю-ярмарке «Дожинки» в Столине] // Белорусская нива. 1996. 3 сентября.
  26. Мірановіч, В. Хутка ў Століне фестываль / Валянціна Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 1996. 17 жніўня.
  27. Беларускі кірмаш : рэпартаж : [11 кастрычніка 1981 г. у Століне] / В. Мірановіч [і інш.] // Навiны Палесся. Столін, 1981. 13 кастрычніка. С. 2–3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 819 разоў