Чацвер, 12 Красавік 2012 15:06

26 красавiка 2012 г. – 170 гадоў з часу пабудовы БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ (1842), помнiка абарончай архiтэктуры 19 ст.

У канцы ХVIII ст. у сувязi з неабходнасцю ўмацавання заходнiх рубяжоў Расii царскi урад вырашае пытанне аб узвядзеннi на месцы старога горада Брэста ваеннай крэпасцi, якая б змагла служыць апорным пунктам для дзеючай армii ў гэтым раёне.

{gcontent}Усяго на заходняй гранiцы меркавалася ўзвесцi дзесяць магутных крэпасцей першай лiнii, у тым лiку крэпасць Брэст-Лiтоўск.

У 1796 г. iнжынер-генарал К. I. Оперман склаў iнструкцыю «Для агляду новай гранiцы з Прусiяй i Аўстрыяй», дзе выказаў меркаванне аб выкарыстаннi Брэст-Лiтоўска. Хутка на разгляд было прадстаўлена некалькi праектаў крэпасцей. Першы праект у 1797 г. прапанаваў iнжынер генерал Дэвалан, потым iшлi праекты iнжынераў Сухтэлена ў 1807 г., Малецкага ў 1823 i 1827 гадах i iншыя. Канчатковае рашэнне аб будаўнiцтве Брэст-Лiтоўскай крэпасцi з’явiлася ў 1829 г. К. I. Оперман па загадзе цара пасылае будаўнiка ўмацавання iнжынер-палкоўнiка А. I. Фельдмана для ўзгаднення праектаў крэпасцi з мясцовасцю i для праектавання ўмацаванняў.

У 1829 г. камiтэт па будаўнiцтве на чале з iнжынер-генералам К. I. Оперманам прадставiў праект абарончай лiнii «Брэст-Лiтоўск» часовага профiлю, якi потым можна ператварыць у доўгачасовы. На будаўнiцтве крэпасцi на працягу двух гадоў меркавалася штодзённа залучыць 1000 сапёраў, 7000 салдат i 1000 коней. У кастрычнiку 1830 г. гэты праект, аўтарам якога былi ваенныя iнжынер-генералы Малецкi, К. I. Оперман i палкоўнiк А. Фельдман, з некаторымi папраўкамi зацвердзiлi. Быў створаны будаўнiчы камiтэт, падначалены Малецкаму, iнжынернай камандай кiраваў iнжынер Фельдман. Агульнае кiраўнiцтва будаўнiцтвам ажццяўляў iнжынер генерал-маёр I. I. Дэн. На адсыпцы земляных профiляў будучых бастыёнаў былi заняты таксама тысячы катаржан – удзельнiкаў нядаўняга паўстання.

У 1832 г. царскi ўрад запатрабаваў, не чакаючы зацвярджэння дэталiзаваных чарцяжоў, прыступiць да нарыхтоўкi неабходных для работы матэрыялаў, на што было адпушчана 500 000 рублёў. Найвышэйшы нагляд за будаўнiцтвам крэпасцi быў ускладзены на генерал-фельдмаршала Ф. I. Паскевiча.

6 чэрвеня 1833 г. пачалiся масавыя земляныя работы, часова спыненыя пажарам, якi знiшчыў частку горада. У сувязi з пабудовай крэпасцi горад быў перанесены амаль на 3 км на ўсход. Некатоыря мураваныя пабудовы былi прыстасаваны для патрэб крэпасцi. Iншыя зусiм спынiлi iснаванне. Пацяреплi ў пажарах i былi разабраны каталiцкiя кляштары аўгусцiнцаў, дамiнiканцаў, трынiтарыяў; прыходскi касцёл i мураваная Свята-Мiкалаеўская царква, у якой у 1596 г. была абвешчана Брэсцкая унiя; знакамiтая на ўсю Еўропу сiнагога. Перасталi дзейнiчаць праваслаўныя Сiмяонаўскi манастыр, былыя праваслаўныя, а затым унiяцкiя драўляныя цэрквы: Троiцкая, Мiхайлаўская, Праабражэнская.

Да 1836 г. земляныя работы былi ў асноўным завершаны, i крэпасць, абарончая лiнiя якой складалася з шэрагу бастыённых фартоў з равелiнамi, дзялiлася Бугам i Мухаўцом на Кобрынскае, Валынскае, Цярэспальскае ўмацаваннi, уяўляла сабой ужо трывалы апорны пункт. Па акружнасцi вострава, якi знаходзiўся ў цэнтры ўмацаванняў, прыступiлi да пабудовы двухпавярховай абарончай казармы, якая стварыла Цытадэль.

Першы камень Брэст-Лiтоўскай крэпасцi з замураванай у падмурак бронзавай дошкай i скарбонкай з манетамi быў закладзены 1 (14) чэрвеня 1836 г. Гэтыя ўнiкальныя рэлiквii былi знойдзены ў красавiку 1953 г. у час разборкi завалаў Цытадэлi ў раёне Брэсцкай Брамы i зараз захоўваюцца ў Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi.

26 красавiка 1842 г. над крэпасцю 1-га класса быў урачыста падняты крэпасны флаг. Брэст-Лiтоўская крэпасць увайшла ў лiк дзеючых крэпасцей Расii. Яна складалася з Цытадэлi, размешчанай на востраве пры злучэннi Мухаўца i Буга i трох перадмаставых умацаванняў: Кобрынскага ў паўночным сектары, Валынскага ў паўднёвым сектары i Цярэспальскага ў заходнiм сектары. Гэтыя ўмацаваннi з вонкавага боку былi абаронены землянымi валамi 10-метровай вышынi (з казематамi i іншымі збудаваннямi ўнутры) i рвом перад iмi, запоўненым вадой. Агульная даўжыня землянога вала дасягала 6,4 км.

Цытадэль, крывалiнейная ў плане замкнёная 2-павярховая абарончая казарма даўжынёй 1,8 км, з чатырма брамамi: Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай i Брэсцкай, якiя праз масты злучалi цэнтральны востраў з прадмаставымi ўмацаваннямi. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчынi, з байнiцамi i амбразурамi для вядзення агню са стралковай зброi i гармат; у 500 казетамах маглi размясцiцца больш за 12 000 салдат з неабходнымi запасамi боепрыпасаў i прадуктаў.

Брэст-Лiтоўская крэпасць з’яўлялася адной з лепшых крэпасцей таго часу. Яна была вельмi добра размешчана на тэатры ваенных дзеянняў, цалкам адпавядала свайму прызначэнню тылавога апорнага пункта перадавога тэатра i мела вельмi сучасныя збудаваннi з магутнымi ўмацаваннямi. Аб важнасцi значэння Брэст-Лiтоўскай крэпасцi гаворыць той факт, што цар Мiкалай I за перыяд свайго царствавання наведаў яе сем разоў.

Далейшыя работы па ўзмацненнi крэпасцi меркавалася прадоўжыць. Аднак з 1848 па 1862 гг. пабудова крэпасцi была ў асноўным спынена з-за адсутнасцi грашовых сродкаў, да 1863 г. яна ўжо не адпавядала свайму прызначэнню. Прыняцце на ўзбраенне ў другой палове ХIХ ст. большасцю краiн наразной артылерыi, далёкасць дзеяння якой значна перавышала магчымасцi гладкаствольнай артылерыi, патрабавала перабудовы крэпасцей, узвядзення вакол iх пояса асобных умацаванняў – фартоў.

У 1878 г. быў зацверджаны план узмацнення крэпасцi перадавымi ўмацаваннямi. За 10 гадоў былi ўзведзены 9 фартоў. Гэта былi земляныя ўмацаваннi з размяшчэннем артылерыi на валах i з невялiкiмi казематамi для асабовага складу. Кожны форт дазваляў размясцiць гарнiзон колькасцю 250 чалавек i да 20 гармат.

Далейшае развiццё артылерыi, у прыватнасцi, з’яўленне фугасных снарадаў у сярэдзiне 1880-х гадоў, дае штуршок да новай перабудовы крэпасных збудаванняў. Асаблiва гэта паскорылася пасля руска-японскай вайны 1904–1905 гг.

Самае знакамiтае сражэнне Брэсцкая крэпасць прыняла амаль праз стагоддзе пасля закладкi першага камня – 22 чэрвеня 1941 года. Гарнiзон крэпасцi першым уступiў у схватку з ворагам. Яе абаронцы прадэманстравалi незвычайныя адвагу i стойкасць, iх мужнасць зрабiла крэпасць легендай. У лiстападзе 1956 г. быў адкрыты Музей абароны Брэсцкай крэпасцi. У маi 1965 г. Брэсцкай крэпасцi прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У вераснi 1965 г. у крэпасцi упершыню запалены Вечны агонь, якi даставiлi з Ленiнграда. У 1971 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Брестская крепость // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 143–145.
  2. Брэсцкая крэпасць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 292–293.
  3. Брэсцкая крэпасць // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 94–96.
  4. Крэпасць Брэст-Лiтоўск у 18–19 ст. // Памяць : гiст.-дакум. хронiка Брэста : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 1997. Кн. 1. С. 148–151.
  5. 175 гадоў з часу закладкi першага каменя Брэсцкай крэпасцi; 70 гадоў з пачатку абароны Брэсцкай крэпасцi // Даты беларускага календара : дадатак да бюлетэня “Новыя кнiгi”, 2001, № 3. С. 11–12.
  6. Брестская крепость. Война и мир / автор концепции и текста А. Суворов. Брест : Полиграфика, 2010. 256 с.: ил.
  7. Суворов А. М. Брестская крепость на ветрах истории. Брест : Редакция журнала СЭЗ, 2007. 152 с.
  8. Форт V и другие объекты Брестской крепости / А. В. Митюков, А. М. Суворов. Брест : Полиграфика, 2009. 67 с.: ил.
  9. Власюк, Н. Н. Проблемы сохранения и возможности культурно-туристического использования фортификационных сооружений г. Бреста / Н. Н. Власюк // Архитектурное наследие Прибужского региона : материалы I Междунар. науч.-практич. конф., 28–30 мая 2008 г. Брест, 2008. С. 55–61.
  10. Морозов, В. Ф. Архитектура Брестской крепости первой половины ХIХ века / В. Ф. Морозов // Архитектруное наследие Прибужского региона : материалы I Междунар. науч.-практич. конф., 28–30 мая 2008 г. Брест, 2008. С. 12–19.
  11. Адамянц-Подъяков, В. Государь-император Николай I семь раз посещал крепость / А. Адамянц-Подъяков // Заря. 2006. 10 июня. С. 4.
  12. Митюков, А. Берестейские пушки : [история артиллерии Брестской крепости] / А. Митюков // Белорусская военная газета. 2007. 14 февр. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1316 разоў Апошняя змена Серада, 28 Жнівень 2013 12:42