Суботнім вечарам 16 жніўня cвяточная зала сабрала ўсіх тых, хто любіць паэзію Ніны Кавальчук: землякоў, шматлікіх сяброў, родных і блізкіх юбіляршы. Віншавалі калегу па пяру і літаратары-землякі Святлана Локтыш, Аляксей Галаскок, Ала Мірзаліева. Гучала шмат паэзіі, музыкі і добрых слоў у адрас імянінніцы. Самадзейныя артысты, знакаміты фальклорна-этнаграфічны гурт «Хатовічы» спявалі песні на словы паэткі. Свае вершы чытала і сама аўтарка.