Дэкаратыўнай апрацоўкай дрэва Іван Карабейка сур’ёзна захапіўся пасля таго, як вярнуўся са службы ў арміі. «Пачыналася ўсё са звычайнай цікаўнасці і заняткаў у вольны час дзеля ўласнага задавальнення. Хацелася паспрабаваць, ці атрымаецца, — гаворыць Іван Міхайлавіч, — першыя спробы аказаліся ўдалымі. Гэта падахвоціла да далейшай творчасці, стала паступова зацягваць. Усяму вучыўся сам. Неяк непрыкметна захапленне само па сабе перайшло ў прафесію. Вырабы-сувеніры з дрэва мне падабаліся з дзяцінства. Памятаю, што ў магазінах, дзе яны прадаваліся, я мог ля вітрын знаходзіцца падоўгу. Некаторыя сувеніры з дазволу прадаўцоў браў у рукі і ўважліва разглядаў з усіх бакоў». Затым разьбярства на некалькі гадоў для Івана Карабейкі стала асноўнай працай. Ён уладкаваўся майстрам па разьбе ў Кобрынскае вучылішча мастацтваў, пазней шчыраваў у калгаснай брыгадзе разьбяроў вёскі Астрамечава. А ў 1992 г. у Івана Міхайлавіча з’явілася ўласная сталярная майстэрня. Гэта адкрыла яму прастор для бязмежнай творчасці. Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, з Астрамечава пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў бацькоўскі дом у Замшаны, дзе і захапіўся вырабам сувеніраў з дрэва. Цяпер Іван Карабейка афіцыйна зарэгістраваны як рамеснік і прадае свае вырабы. Іх набылі ўжо жыхары Германіі, Польшчы, Расіі. Работы майстра дэманстраваліся падчас правядзення «Славянскага кірмашу», фестываляў «Пінскі карагод», раённых і абласных дажынак. Некаторы час Іван Міхайлавіч у асноўным выразаў з дрэва лыжкі з мудрагелістымі разнымі ручкамі, пазней з’явіліся міскі, вазы, гаршочкі, хлебніцы, фруктоўніцы, ладдзі… Цяпер майстар большасць сваіх вырабаў аплятае яшчэ і тонкімі карэньчыкамі з сасны. Гэта ім надае яшчэ большую прыгажосць і прывабнасць.
Навумчык М. І.,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУА «Маларыцкая раённая гімназія»